Адміністрацыя прэзыдэнта адрэагавала на зварот дэлегатаў 8 зьезду ТБМ у сувязі з дэбеларусізацыяй дзяржаўных тэлеканалаў. Беларускую мову абяцаюць вярнуць на Беларускае тэлебачанне.

2003 2003-11-04T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пра гэта паведаміў Радыё Свабода старшыня Таварыства беларускае мовы Алег Трусаў. Гэтак, на думку спадара Трусава, адміністрацыя прэзыдэнта адрэагавала на зварот дэлегатаў 8 зьезду ТБМ.

Алег Трусаў паведаміў пра тэлефонную размову з чыноўнікам Адміністрацыі прэзыдэнта наконт рэакцыі на зварот тэбээмаўцаў у сувязі з дэбеларусізацыяй дзяржаўных тэлеканалаў.

(Трусаў: ) “Ён сказаў, што наш ліст быў разгледжаны на нейкай там плянёрцы з удзелам старшыні Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Ягора Рыбакова. І што адміністрацыя выказала пажаданьне Рыбакову, каб празь месяц навіны ізноў загучалі па-беларуску. Рыбакоў быццам бы абяцаў, што гэта будзе зроблена.”

Зварот быў надрукаваны ў незалежных мэдыях, а таксама дасланы на адрасы Аляксандра Лукашэнкі і выканаўцы абавязкаў кіраўніка ўраду Сяргея Сідорскага. У ім, у прыватнасьці, былі выкладзеныя тры патрабаваньні: па-першае, аднавіць тэлевізійныя трансьляцыі на беларускай мове; па-другое, прыняць шэраг нарматыўных актаў, якія б забясьпечвалі рэальную роўнасьць дзьвюх асноўных моўных супольнасьцяў і рэглямэнтавалі тэлевяшчаньне на дзяржаўнай беларускай мове адпаведна зь лічбамі перапісу насельніцтва; па-трэцяе, зыходзячы з гэтага, абавязаць кабельных апэратараў уключаць адпаведную колькасьць беларускамоўнага эфірнага часу.

Крыніца ў адміністрацыі прэзыдэнта, якая не пажадала быць названай, пацьвердзіла, што зварот тэбээмаўцаў сапраўды быў агучаны на плянёрцы, і што цяпер рыхтуецца адмысловае паседжаньне з удзелам кіраўніка краіны, на якім будзе, у ліку іншых пытаньняў разьглядацца праблемы працы тэлеканалаў і пытаньне беларускамоўнага вяшчаньня. Прызначаная папярэдняя дата гэтага паседжаньня – 17 лістапада. На ім, магчыма, будуць прынятыя нейкія рашэньні ў справе вяртаньня беларускае мовы ў інфармацыйныя праграмы першага нацыянальнага тэлеканалу.

Нагадаю, што цяпер, паводле падлікаў тэбээмаўцаў, у эфіры чатырох дзяржаўных тэлеканалаў сумарны час беларускамоўнага вяшчаньня складае менш за 7%. Між тым, як 73,6% грамадзянаў краіны падчас апошняга перапісу насельніцтва назвалі роднай моваю беларускую.

На 8 зьездзе ТБМ, які адбыўся 12 кастрычніка, апрача звароту да палітычнага кіраўніцтва краіны, быў прыняты і зварот у Канстытуцыйны суд. У ім дэлегаты зьезду прасілі даць прававую ацэнку дзеяньняў кіраўніцтва Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі і асабіста яе старшыні Ягора Рыбакова. Такі ж зварот ў Канстытуцыйны суд накіроўвала і рада саюзу пісьменьнікаў. Ніякае рэакцыі на гэтыя звароты ні тэбээмаўцы, ні пісьменьнікі пакуль што не атрымалі.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international