Алесь Бяляцкі: «Выбары» ў Беларусі сталі масавым прыніжэннем годнасці

2015 2015-10-23T15:17:22+0300 2015-10-23T15:44:31+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/ales_bialiacki.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі падчас уруч

Алесь Бяляцкі падчас уруч

У агучаныя ўладамі вынікі ніхто ня верыць.Пра гэта, як стала вядома charter97.org, заявіў кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна» і былы палітвязень Алесь Бяляцкі, выступаючы на канферэнцыі «Варшаўскі дыялог для дэмакратыі», арганізаванай МЗС Польшчы.

«Распад СССР прадаўжаецца дагэтуль, - сказаў ён. -Менавіта цяпер вызначаецца лёс краін Усходняй Еўропы. Грамадзянская супольнасць у постсавецкіх дзяржавах адыгрывае ўсё больш значную ролю. Мы гэта ўбачылі два гады таму на прыкладзе Украіны. Вызначальную ролю ў змене сітуацыі, у рэвалюцыі, якая адбылася там, адыграла грамадзянская супольнасць. Украіна, Грузія і Малдова выбіраюцца з-пад уплыву расейскага монстра, адстойваючы сваё права на ўласны шлях, на сваю гісторыю, культуру, эканоміку. Грамадзянская супольнасць у Беларусі адчайна супраціўляецца і знаходзіць шляхі для развіцця, нягледзячы на жорсткі аўтарытарны рэжым. На Беларусь махнулі рукой - апошнія 20 гадоў у краіне фактычна нічога не мяняецца, сітуацыя з правамі чалавека ўсё пагаршаецца. Але нядаўняя Нобелеўская прэмія Святланы Алексіевіч сведчыць пра тое, што нават заціснуты ў цісках аўтарытарызму свабодны дух беларускіх інтэлектуалаў можа ўразіць увесь свет.

Незалежнасць постсавецкіх дзяржаў захоўвае еўрапейскую перспектыву для іх і выклікае найбольшую агрэсію з боку Расеі. Яна прымае розныя формы - не толькі ваеннае ўварванне або з'яўленне «зялёных чалавечкаў». Гэта і паўзучая агрэсія праз палітычны, эканамічны і рэлігійны ўплыў, праз поп-культуру і школу, праз медыі. У такой сітуацыі Лукашэнка не з'яўляецца гарантам незалежнасці Беларусі, бо і ён, і Пуцін заўсёды выступаюць разам, нягледзячы на дробныя рознагалоссі. У такіх бандах людзі ніколі не давяраюць адзін аднаму, але тым не менш робяць агульную справу. Лукашэнка і Пуцін разам ствараюць канструкцыю ЕАЭС, якая з'яўляецца процівагай Еўрапейскаму Звязу, падмацоўваючы яе вайсковымі саюзамі».

Алесь Бяляцкі закрануў і тэму нядаўніх так званых «прэзідэнцкіх выбараў» у Беларусі. Ён заявіў, што ў грамадстве існуе «каласальны недавер» да іх.

«Нядаўнія «выбары» ў Беларусі сталі масавым прыніжэннем годнасці, - падкрэсліў праваабаронца. - Не было ніякіх зменаў ні ў заканадаўстве, ні ў механізме правядзення галасавання. Студэнтаў, настаўнікаў, дактароў, вайскоўцаў гналі на датэрміновыя «выбары». Выбарчыя механізмы імітавалі падлік галасоў, напраўду галасы не лічылі. Лукашэнку напісалі 83,5%, але ў гэтыя лічбы ніхто не верыць. Вынікі выбараў былі, безумоўна, сфальсіфікаваныя. Гэта не выклікала масавых пратэстаў, бо ў беларускім грамадстве высокі ўзровень страху».

Са словаў Алеся Бяляцкага, Лукашэнка выкарыстоўвае выгадную геапалітычную сітуацыю і дамагаецца скасавання палітычных санкцый, уведзеных раней супраць яго і беларускіх чыноўнікаў. Праваабаронца заклікаў ЕЗ не верыць дыктатару.

«У мінулым спісе былі людзі, вінаватыя ў масавых парушэннях заканадаўства падчас выбарчых кампаній, - нагадаў ён. - Цяпер адбылося тое ж самае, але хутчэй за ўсё санкцыі будуць скасаваныя. У краіне адбыліся палітычныя знікненні, ніткі якіх вядуць на самы верх, да Лукашэнкі, але зноў жа, хутчэй за ўсё, ён стане ўязным ў Еўрапейскі Звяз.

У такіх краінах, як Беларусь, цяжка прагназаваць нейкія добраахвотныя змены, нейкую добрую волю з боку рэжыму да дэмакратычных пераўтварэнняў. У той жа час згодніцтва і нерашучасць дэмакратычных еўрапейскіх дзяржаў у дачыненні да дыктатараў б'е па дэмакратычнай супольнасці несвабодных краін. Так, у Беларусі вызвалілі палітвязняў, але далей не адбываецца ніякіх зменаў. Крызіс у стасунках паміж уладай і грамадствам не развязаны, ён паглыбляецца. Вымушанае адступленне беларускіх уладаў ад ранейшых пазіцый масавых рэпрэсій часовае. Сэнс такой практыкі: атрымаць крэдыты, фінансы і нарэшце вярнуцца да ранейшага спосабу кіравання краінай. Еўрапейскі Звяз, мне здаецца, занадта даверлівы да беларускага рэжыму, бо сітуатыўныя хаўруснікі заўсёды здраджваюць ў самы адказны момант».

Алесь Бяляцкі заклікаў заходнія краіны падтрымліваць не дыктатарскі рэжым, а грамадзянскую супольнасць і незалежныя СМІ.

«Павінен быць канкрэтны план, - сказаў ён. - Дэмакратыя, правы чалавека, рэальныя крокі па недапушчэнні страты незалежнасці - толькі пры выкананні гэтых умоў можна даць крэдыты і фінансавую дапамогу. Дапамагаць незалежнасці Беларусі трэба не праз умацаванне рэжыму, а ўмацоўваючы грамадзянскую супольнасць, якая з'яўляецца натуральным партнёрам ЕЗ. Яна праеўрапейская, прапагандуе дэмакратычныя каштоўнасці ў нашым грамадстве. Трэба падтрымліваць незалежныя сродкі масавай інфармацыі, якія існуюць у нашых краінах. Не трэба баяцца фармавання сучасных нацый ва Усходняй Еўропе, бо сёння нацыянальныя мовы і культуры набылі сур'ёзны палітычны падтэкст, сталі сімвалам супрацьстаяння «расейскаму свету», збавення ад аўтарытарызму і лукашызму».

charter97.org

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international