Міхаіл Жамчужны застаўся без пенсіі. Прынамсі, на тры месяцы

2015 2015-10-20T14:06:07+0300 2015-10-20T15:00:30+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/zamchuzny.gif Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Міхаіл Жамчужны

Міхаіл Жамчужны

Знаходзячыся за кратамі, 60-гадовы заснавальнік расфармаванай ПКАУ "Платформ інавэйшн" мог распачаць працэдуру афармлення пенсіі толькі адным шляхам – праз перапіску. Аднак адказу на свой зварот у сацыяльную службу Кастрычніцкага раёна Віцебска, дасланы яшчэ ў жніўні, ён не атрымаў дагэтуль.

Пасля бясплённага звароту да раённых чыноўнікаў ён мусіў звярнуцца ў абласны камітэт па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне. І туды давялося пісаць двойчы, пакуль нарэшце не прыйшоў адказ ад старшыні камітэту Аляксандра Хрыстафорава. З яго вынікае, што пенсію за апошнія тры месяцы Жамчужны атрымаць ужо не зможа, бо "не распачаў своечасова працэдуру афармлення".

Гісторыю перапіскі з чыноўнікамі Міхаіл Жамчужны выклаў у лістах да віцебскага праваабаронцы Леаніда Свеціка.

"Жамчужны не мае блізкіх сваякоў, якія займаліся б афармленнем пенсіі, таму паспадзяваўся на перапіску з адпаведнымі службамі. Праз два месяцы чакання з абласнога камітэта па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне яму напісалі, што ў лісце з раённага аддзелу яму ўжо даўно напісалі, як трэба распачынаць працэдуру афармлення. Аднак такога ліста Міхаіл не атрымліваў. Таму ён рыхтуе зварот у суд, каб з чыноўнікаў спагналі за тое, што ён пратэрмінаваўся з працэдурай афармлення і страціў пенсію за тры месяцы. Таксама ён звярнуўся ў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, каб там разабраліся з ягонай сітуацыяй. А сітуацыя сведчыць пра тое, наколькі бяспраўны чалавек за кратамі: ён як нідзе ў іншым месцы залежыць ад вынікаў перапіскі. Лісты за краты даходзяць далёка не ўсе, і ці пісалі іх увогуле, часта застаецца невядомым. Між тым пенсія для Міхаіла Жамчужнага – гэта вельмі істотна. Бо ён адзінокі чалавек і не мае блізкіх сваякоў, якія маглі б матэрыяльна падтрымаць яго ў зняволенні, " - гаворыць Л.Свецік.

Праваабаронца атрымаў апошні ліст ад Міхаіла Жамчужнага, які быў датаваны 13 кастрычніка. Гэты ліст быў напісаны ў Віцебскім СІЗА. Таму застаецца невядомым, калі і ці будзе Жамчужны этапаваны ў Мінск на разгляд ягонай скаргі ў Вярхоўным судзе, прызначаны на 23 кастрычніка.

Першапачаткова касацыйную скаргу Вярхоўны суд меўся разглядаць 6 кастрычніка. Але ў сувязі з тым, што пракурор вынес пратэст і патрабуе для Міхаіла Жамчужнага большага пакарання, чымсьці вырашыў 10 ліпеня Віцебскі абласны суд, сам падсудны павінен прісутнічаць падчас паседжання, а паколькі гэтага не было забяспечана, была прызначана пазнейшая дата.

Заснавальніка расфармаванай ПКАУ "Платформ инавэйшн"асудзілі да шасці гадоў зняволення ва ўмовах строгага рэжыму, пракурор ад пачатку прасіў для яго 7 гадоў зняволення. Жамчужны быў прызнаны вінаватым у незаконным набыцці з мэтай збыту сродкаў для патаемнага атрымання інфармацыі, падбухторванні да наўмыснага раскрыцця звестак, якія складаюць службовую таямніцу, і спробах даць хабар за атрыманне інфармацыі. Судовы працэс праходзіў у закрытым рэжыме, таму для праваабаронцаў і грамадскасці па-ранейшаму застаюцца нявысветленымі абставіны крымінальнага пераследу Міхаіла Жамчужнага.

Вярхоўны суд будзе разглядаць касацыйную скаргу заснавальніка расфармаванай ПКАУ "Платформ инавэйшн" Міхаіла Жамчужнага таксама ў закрытым рэжыме. Аднак ёсць верагоднасць, што грамадскасць і журналісты змогуць патрапіць на агалошванне рэзалютыўнай часткі судовага рашэння. Ці будзе прысутнічаць на разглядзе скаргі сам М. Жамчужны, пакуль невядома. Аднак ён сам прасіў, каб такую магчымасць яму далі.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international