Жыхары Віцебску не аднадушныя ў дачыненні да смяротнага пакарання

2015 2015-10-20T11:39:08+0300 2015-10-20T11:39:08+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/smjarotnae-pakaranne.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Невялічкае апытанне, праведзенае карэспандэнтам Віцебскай Вясны, наконт стаўлення беларусаў да існавання ў краіне смяротнага пакарання, безумоўна, не з'яўляецца нейкім глыбокім даследаваннем грамадзкай думкі, але пэўную карціну настрояў у грамадзтве ўсё ж такі дэманструе.

Юры, 62 гады. Гэтыя вырадкі гвалтуюць, забіваюць жанчын, а мы ім - дараваць? Не, хай ведаюць: пакараньне няўхільнае. А так што атрымліваецца? Забіў, зарэзаў, пазбавіў чалавека жыцьця - і сядзі пажыцьцёва, кніжкі чытай, тэлевізар глядзі, на шпацыр цябе вывядуць, пігулку дадуць, калі галава забалела. Я супраць такога курорту. Няхай ведаюць: за забойства табе адплацяць тым жа. Сьмяротнае пакараньне павінна быць у нашым заканадаўстве.

Вольга, 30 гадоў. Складанае пытаньне! Адназначнага стаўленьня да сьмяротнага пакараньня я ня маю, таму не магу з поўнай упэўненасьцю сьцьвярджаць, што яна патрэбная ці не патрэбная. Не магу я так сказаць! Напрыклад, у выпадках пэдафіліі мяркую, што яна вельмі нават дарэчная! Але праблема, як мне здаецца, яшчэ ў тым, наколькі дакладна будзе даказанае дачыненьне падазраванага да гэткага кшталту злачынстваў.

Наогул, калі шчыра, я думаю, што сьмерць для забойцаў, злосных гвалтаўнікоў, пэдафілаў і такога кшталту злачынцаў - вельмі лёгкае вырашэньне праблемы! Мяркую, што нават пры пажыцьцёвым зьняволеньні сумленьне іх наўрад ці будзе мучыць... Карацей, заблыталася...

Зьміцер, 27 гадоў. Я супраць сьмяротнага пакараньня ў любой яго праяве. Я нават пэтыцыю супраць сьмяротнага пакараньня падпісаў. Магу вам сваё прозьвішча назваць. Мне баяцца няма чаго і няма каго - са мною Бог, каго мне баяцца? Я б сьмяротнае пакараньне замяніў пажыцьцёвым зьняволеньнем. Сьмяротнае пакараньне - гэта барбарства. Дзякуй Богу, што на двары ўжо 21 стагодзьдзе. Але ў мяне такое адчуваньне, што мы завісьлі ў каменным веку і жывём у ім ужо гадоў 20.

Сьмяротнае пакараньне трэба скасаваць. Бо кожнага чалавека, у тым ліку і кожнага з нас, можна асудзіць па памылцы. А калі сьмяротнае пакараньне прымененае і пасьля высьветліцца, што чалавек не вінаваты, калі ўсе, у тым ліку і суд, памыліліся, чалавека ж ужо не уваскрэсіш. Такія выпадкі былі ў 90-х. Памыляліся, вырак праводзілі ў выкананьне, а потым высьвятлялася, што расстраляны чалавек наогул ні пры чым. Да таго ж для цяперашняй, дзеючай тут, улады сьмяротнае пакараньне зьяўляецца надзейным інструмэнтам для барацьбы з іншадумствам. Яна можа зьнішчыць любога грамадзяніна Рэспублікі Беларусь і ёй за гэта нічога ня будзе. Таму я супраць сьмяротнага пакараньня. Яе даўно ўжо было трэба адмяніць. Але пакуль ва ўладзе дыктатар Лукашэнка, я мяркую, што сьмяротнае пакараньне адмененае ня будзе.

Аляксандра, 23 гады. Я за захаваньне сьмяротнага пакараньня для тых, хто яе заслугоўвае (маньякі, пэдафілы). Іх вельмі багата апошнім часам зьявілася і, калі яе адмяніць, то такія “людзі” будуць адчуваць адносную беспакаранасьць. Я мяркую, што ёсьць злачынствы, за якія магчымая толькі такая расплата. І яшчэ: у выпадку пажыцьцёвага зьняволеньня ў турме іх будуць утрымліваць за кошт звычайных падаткаплацельшчыкаў, а гэта, на мой погляд, таксама несправядліва.

Ксенія, 20 гадоў. Я супраць сьмяротнага пакараньня! Вядома шмат выпадкаў, калі пакаралі сьмерцю невінаватых. Напрыклад, гісторыя зь Міхасевічам. Ёсьць і іншыя выпадкі нядаўняга часу. З-за трагедыі ў Менскім мэтро былі расстраляныя хлопцы - нібыта яны “тэрарысты”... Хаця ўсе мы разумеем, што і як насамрэч... Гэта зьверства нейкае. Тым больш, калі сапраўды невінаватыя людзі церпяць, а ў нас так у асноўным і атрымліваецца.

Аляксандар, 23 гады. Я супраць. Бо заўсёды ёсьць мажлівасьць, што будзе асуджаны невінаваты. Трэба разумець, што чалавек, які выконвае вырак, сам становіцца забойцам, а асуджаны - ахвярай. Гэта няправільна, і па карме блытаніна. Забойства праблему не вырашае. На мой погляд, лепш замена сьмяротнага пакараньня пажыцьцёвым, каб чалавек за свой учынак нёс адказнасьць больш сур'ёзную.

Ларыса, 58 гадоў. Чалавек не валодае правам даваць ці адымаць жыцьцё ў падобнага да сябе Ня мае ён такога права. Такое права належыць толькі Богу, таму пазбаўляць чалавека жыцьця - гэта амаральна. Ня могуць чалавек і грамадзтва, калі яны гуманныя, прыпадабняцца злу і служыць яму. Ніякім законам не апраўдаць парушэньне адной з галоўных запаведзяў: “Не забі”. Апроч таго, мы выдатна ведаем пра мноства судовых памылак, у выніку якіх на пакараньне ішлі зусім бязьвінныя людзі. Колькі было пацярпелых толькі па адной справе віцебскага манька Міхасевіча.

Падобныя жыцьцёвыя гісторыі сталі асновай для стварэньня высокамастацкіх твораў. Прыгадайце хаця б вядомы амэрыканскі фільм “Залатая міля”. А цяпер падумайце, калі такое здараецца ў дэмакратычных краінах, то наколькі больш гэткага кшталту памылак у краінах, дзе пра дэмакратыю даводзіцца толькі марыць. Як мы бачым, у сучасным сьвеце дастаткова выразна праяўляецца заканамернасьць: чым больш высока арганізаванае грамадзтва, тым яно менш крыважэрнае, у тым ліку і ў дачыненьні да людзей, якіх нават язык не паварочваецца так называць.

Пажыцьцёвае зьняволеньне дае патэнцыйную магчымасьць пры незаконным абвінавачаньні даказаць сваю недатычнасьць да злачынстваў, за якія чалавек быў асуджаны. Адмена сьмяротнага пакараньня дасьць грамадзтву магчымасьць заставацца на прынцыпах справядлівасьці і гуманнасьці.

С. Горкі, Віцебская вясна

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international