Front Line Defenders асуджае бесперапынны пераслед Леаніда Судаленкі

2015 2015-10-19T12:30:51+0300 2015-10-19T13:06:47+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/frontline-logo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

14 кастрычніка 2015 года праваабаронца Леанід Судаленка быў выкліканы ў аддзел мытных даследаванняў гомельскай мытні, дзе яму паведамілі, што ён абвінавачваецца ў непадпарадкаванні законнаму патрабаванню службовай асобы, што з'яўляецца адміністратыўным правапарушэннем ў адпаведнасці з артыкулам 23.4 КаАП. У выпадку калі яго прызнаюць вінаватым, яму пагражае да 15 сутак арышту або штраф у памеры да 9 000 000 беларускіх рублёў (каля 450 еўра). Судовы працэс супраць яго адбудзецца 20 кастрычніка ў судзе Цэнтральнага раёна г. Гомеля.

Абвінавачванні звязаныя з інцыдэнтам, які адбыўся 25 жніўня 2015 года, калі Леанід Судаленка ехаў на цягніку з Вільні (Літва) ў Гомель. Пасля таго, як цягнік перасёк дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь, група вайскоўцаў часткі № 2044 Смаргонскага памежнага атрада пачала праверку пашпартоў пасажыраў. Яны правялі асабісты дагляд праваабаронцы, а потым папрасілі яго пакінуць цягнік на станцыі Маладзечна. Улічваючы, што да пашпартнага кантролю службовай асобай Мінскай абласной мытні ўжо быў праведзены агляд багажу сп. Судаленкі, ён запатрабаваў назваць прычыны асабістага дагляду. Тым не менш, службовыя асобы ў адказ пагражалі яму адказнасцю за непадпарадкаванне. Па прыбыцці на вакзал у Маладзечне дванаццаць мытнікаў схапілі яго і даставілі ў памяшканне Мінскай абласной мытні, размешчанай на вакзале, дзе яны цягам дзвюх гадзінаў праводзілі асабісты дагляд і агляд багажу. Пасля гэтага прадстаўнік памежных войскаў Павел Дурко азнаёміў яго з пратаколам, у якім тлумачылася, што прычынай асабістага дагляду было падазрэнне наконт “наяўнасці электронных носьбітаў экстрэмісцкага зместу”.

Практыка мэтавага асабістага дагляду шырока ўжываецца ўладамі ў Беларусі ў адносінах да асобаў, якія маюць крытычнае стаўленне да палітычнага рэжыму ў Беларусі. Сярод іх юрысты-праваабаронцы, як і сп. Судаленка, які працуе па справах з удзелам прадстаўнікоў уладаў. Раней, 24 траўня 2015 года, службовыя асобы правялі яго асабісты дагляд пасля праверкі пашпарта ў кантрольна-прапускным пункце "Каменны лог". Запыт Судаленкі ў Дзяржаўны памежны камітэт адносна прычынаў такога мэтанакіраванага пераследу быў адхілены 15 кастрычніка 2015 года.

Праваабаронца Леанід Судаленка з'яўляецца кіраўніком гомельскага гарадскога аддзялення грамадскага аб’яднання “Прававая ініцыятыва”, якое займаецца аказаннем прававой дапамогі ахвярам парушэнняў правоў чалавека. Яно спецыялізуецца на падрыхтоўцы індывідуальных скаргаў у Камітэт па правах чалавека ААН. Праваабаронца з'яўляецца юрыстам і актыўным змагаром за адмену смяротнага пакарання ў Беларусі.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Front Line Defenders выказвае сур'ёзную занепакоенасць з нагоды абвінавачванняў супраць праваабаронцы Леаніда Судаленкі і бесперапыннага пераследу супраць яго, паколькі лічыць, што гэтыя дзеянні звязаныя з яго законнай і мірнай дзейнасцю ў галіне абароны правоў чалавека.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international