Выбары ў Бабруйску вачыма назіральнікаў: прымус да галасавання, завышаныя лічбы

2015 2015-10-16T14:24:35+0300 2015-10-16T14:24:35+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/babr-padlik-2015.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Бабруйск. Падлік галасоў на адным з участкаў падчас прэзідэнцкіх выбараў 2015 года.

Бабруйск. Падлік галасоў на адным з участкаў падчас прэзідэнцкіх выбараў 2015 года.

У Бабруйску яшчэ падчас датэрміновага галасавання незалежнымі назіральнікамі былі зафіксаваны шматлікія парушэнні: прымус да галасавання, неналежнае захоўванне скрыняў, завышаныя лічбы.

Практычна на ўсіх прадпрыемствах і арганізацыях працоўных прымушалі ісці галасаваць датэрмінова. Дзеля гэтага на ААТ "Белшына", напрыклад, іх нават адпусцілі са змены раней, а працоўныя пасля мусілі паведаміць начальству нумар участка (тлумачылі, што будуць туды тэлефанаваць, каб спраўдзіць, ці галасавалі). І сапраўды, на некаторых участках сябры камісій рабілі выпіскі са спісаў выдачы бюлетэняў ва ўласныя сшыткі, а для чаго, назіральнікам не тлумачылі.

Навучэнцы каледжаў, якія жывуць у інтэрнатах, таксама прагаласавалі датэрмінова, іх прыводзілі на ўчасткі цэлымі групамі. А жыхароў сямейных інтэрнатаў наогул шантажавалі: "Не пойдзеце на ўчастак, выляціце адсюль!"

Назіральнікі і журналісты таксама адчулі своеасаблівае стаўленне да сябе з боку сябраў выбарчых камісій. Абласную каардынатарку кампаніі "Права выбару" спачатку зарэгістравалі на ўчастку №28, а пасля выдалілі з яго, з-за нібыта недакладна складзенага накіравання. А журналістцы "Бабруйскага кур'еру" Александрыне Глаголевай на ўчастку №20 паведамілі, што яна можа знаходзіцца тут працяглы час толькі ў якасці назіральніцы. У выніку яна так і зрабіла, і зафіксавала на гэтым участку вялікія прыпіскі.

Некаторыя назіральнікі казалі пра хамскія паводзіны сябраў камісіі, адзначалі, што да іх ставіліся як да ворагаў. У большасці выпадкаў яны былі ветлівыя, але рабілі па-свойму. На ўчастку № 43, напрыклад, старшыня камісіі не збіраўся апячатваць памяшканне, дзе захоўвалася скрыня для галасавання, але ўсё ж зрабіў гэта "для назіральніцы".

У асноўны дзень галасавання сябры выбарчых камісій паводзілі сябе больш нервова, выганялі назіральнікаў з участкаў (на ўчастку №2 адразу двух)  шапталіся, перакідваліся запіскамі і нават стваралі барыкады з крэслаў, каб назіральнікі не ўбачылі, чым яны там займаюцца.

Каб падстрахавацца, сябры камісій агучвалі завышаныя лічбы жадаючых прагаласаваць па месцы жыхарства: калі незалежныя назіральнікі ішлі з імі па хатах, з заяўленых сотняў галасавалі дзясяткі. Але нават у "вынасным" галасаванні назіральнікі фіксавалі прыпіскі.

Каб зразумець, ці былі прыпіскі на пэўным участку, дастаткова было толькі вылічыць працэнт бабруйчан, якія на ім прагаласавалі. Калі працэнт дасягаў 80-90 працэнтаў, прыпіскі былі, калі 50-60 працэнтаў - іх ці не было, ці амаль не было. Назіральнікі адзначаюць, што на ўчастках, на якіх быў агранізаваны празрысты падлік галасоў, было дазволена азнаёміцца з бюлетэнямі і выніковымі пратаколамі, яўка, у асноўным, была невялікай.  І наадварот, там дзе назіральнікаў трымалі за 15 метраў ад стала, на якім вёўся "падлік", не вывешваліся выніковыя пратаколы - агучвалася высокая яўка.

Незалежныя назіральнікі напісалі дзясяткі скаргаў, якія падалі ў ТВК, пракуратуру і ЦВК. Большасць з іх тычылася прыпісак, лічбы якіх вагаліся ад 100 да 700 "дадатковых выбаршчыкаў" і неналежнага захоўвання скрыні для галасавання.

Падчас падачы скаргаў у ТВК некаторых назіральнікаў запалохвалі мясцовыя чыноўнікі. Ім намякалі, што могуць згубіць працу з-за сваёй дзейнасці. Запалохванні практыкавалі і некаторыя сябры выбарчых камісій. Яны настойліва распытвалі назіральнікаў пра род іх дзейнасці і прыватнае жыццё, а таксама паказальна гучна тэлефанавалі і справаздачыліся наконт іх у выканкам.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

http://elections2015.spring96.org/?utm_source=spring96&utm_medium=banner&utm_content=be&utm_campaign=sidebanner

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international