Ігар Аліневіч: Турэмшчыкі баяцца толькі аднаго – моцы (відэа)

2015 2015-10-15T13:59:01+0300 2015-10-15T14:01:36+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/ihar_alinevich.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Былы палітвязень Ігар Аліневіч

Былы палітвязень Ігар Аліневіч

ПЦ "Вясна" правёў інтэрв'ю з нядаўнімі палітвязнямі пра час, праведзены за кратамі і праблемы, з якімі яны там сутыкнуліся. Наступныя сведчанні ад Ігара Аліневіча.

Ігар Аліневіч быў асуджаны на самы працяглы тэрмін па так званай “справе анархістаў” – да 8 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. З-за нязломнасці свайго характару неаднаразова быў пазбаўлены перадачаў і спатканняў з блізкімі. За кратамі былы палітзняволены шмат чытаў, у тым ліку ўспаміны вязняў Гулага і параўноўваў іх умовы ўтрымання з тымі, што зведаў сам.

“Калі я чытаў успаміны вязняў: Гулага, Салжэніцына, Шаламава, Гінзбург, Копелева, то эмацыйны змест быў ідэнтычны таму, што адчуваў я, што адчувалі мае сябры-арыштанты. Матэрыяльна-тэхнічная частка, структура, арганізацыя маюцца нейкія адрозненні, але падмурак адзін і той жа застаўся.

Турэмны быт не адрозніваецца практычна нічым у параўнанні з 30-мі гадамі. Я памятаю, як я зачытваў цэлыя абзацы суседзям-зэкам пад бурныя воклічы, таму што ніхто не мог паверыць, што настолькі ўсё падобна”.

Аднак, нават у турме, па меркаванню І. Аліневіча, у чалавека з’яўляюцца дамашнія адчуванні:

“На свабодзе людзі думаюць, што мы – зэкі, адбываем пакаранне, на працу нібыта ходзім, у форме там. Зэк у лагеры жыве. Ён абзаводзіцца бытам, у яго з’яўляюцца нейкія дамашнія адчуванні да гэтага месца, ён прывязваецца. Немагчыма змясціць чалавека на некалькі гадоў у нейкую замкнёную прастору і каб ён там не абжываўся. І вось менавіта гэтаму натуральнаму пачуццю ўсяляк перашкаджаюць”.

З кожным годам умовы ўтрымання пагаршаліся. У тым ліку, у калоніях няма дастатковага медычнага абслуговання:

“Ёсць распаўсюджанае меркаванне сярод асуджаных, што лячэння ў зонах няма. Ёсць некаторыя ўрачы, але ўсіх неабходных спецыялістаў няма. Людзі жывуць там шмат год, у чалавека ёсць права на медычнае абслугованне, толькі дактароў няма”.

А статус палітвязня мае дваякі ўплыў:

“З аднаго боку, калі ёсць загад ціснуць – на чалавека цісне адміністрацыя, ці ціснуць пры дапамозе іншых асуджаных. З іншага боку, хто з турэмшчыкаў разумнейшы, яны не жадаюць удзельнічаць у такіх акцыях, бо ўсе разумеюць, што рэжым не вечны, рана ці позна сітуацыя зменіцца, і прыдзецца адказваць перад грамадствам. Што тычыцца зэкаў, то я скажу так: усё залежыць ад чалавека. І статус палітычнага нічым не дапаможа. У кагосьці гэта выклікае зайздрасць, у кагосьці – павагу, а большасці – пофіг. Яны глядзяць на чалавека, на асобу і, зыходзячы з гэтага, прымаюць рашэнне.

Палітычнасць – гэта толькі адзін з тэгаў, які можа быць у зэка, якое азначае нейкае асаблівае стаўленне, але толькі ў нейкай часцы. У першую чаргу, усё залежыць ад асобы. Я бачыў да палітычных як добрае стаўленне, у прыватнасці, як у мяне, некаторых маіх таварышаў з арэстанскай масай усё было добра. А да многіх іншых палітычных стаўленне было дрэннае, бо яны не маглі паставіць сябе як мужыкі”.

Па словах Ігара Аліневіча, турэмшчыкі баяцца толькі аднаго:

“За пяць гадоў я магу дакладна сказаць, што турэмшчыкі баяцца толькі аднаго – моцы. Калі яны бачаць, што чалавек не згінаецца, калі бачаць, што ён ахвяруе сваім дабрабытам, здароўем, усё роўна ідзе напралом да мэты, яны ад яго адстаюць. Заўсёды. Ім прасцей выказаць свае альбо садысцкія схільнасці, альбо карыслівасць, альбо яшчэ што-небудзь у адносінах да іншага, больш слабога. Ад моцных у выніку адстаюць заўсёды”.

Пасля вызвалення ў былога палітвязня пачаўся новы этап жыцця:

“Я пражыў другое жыццё там. Для мяне няма такога, што вось прайшло пяць гадоў і я пачаў жыць далей з таго моманту, як мяне пасадзілі. Нет. Я жыву з таго моманту, як мяне вызвалілі, новы этап жыцця. А тое, што было да пасадкі, я пазабываў імёны, назвы вуліц, я Мінск не пазнаю. Я адчуваю, што поўнасцю выпаў з прошлага жыцця. Няма яе, усё, цягнік сышоў”.

Ігар Аліневіч быў выкрадзены спецслужбамі ў Расіі, незаконна вывезены ў Рэспубліку Беларусь і змешчаны ў СІЗА КДБ (“Амерыканку”). Асуджаны 27 траўня 2011 г. судом Заводскага раёна г. Мінску па ч.2 арт. 339 КК (злоснае хуліганства), ч.2 і ч.3 арт.218 КК (пашкоджаньне маёмасьці агульнанебяспечным спосабам і ў асабліва буйным памеры) да 8 гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Знаходзіўся ў калоніі №10 у Наваполацку, у ліпені 2014 года пераведзены у калонію "Віцьба-3". 22 жніўня выйшаў на волю паводле ўказа прэзідэнта аб памілаванні шасці палітвязняў. За кратамі напісаў кнігу “Еду ў Магадан”.

Глядзець таксама:

Мікалай Дзядок: Правілы распарадку за кратамі скіраваныя на знішчэнне чалавека (відэа) 

Юрый Рубцоў: Людзей у СІЗА трымаюць фактычна не ў камерах, а ў прыбіральнях (відэа)

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international