Выбарчы працэс вачыма віцебскіх назіральнікаў

2015 2015-10-13T16:01:51+0300 2015-10-13T16:03:07+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/padlik_babruisk_26.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сярод самых распаўсюджаных парушэнняў, якія адзначаюць назіральнікі – гэта прымус да датэрміновага галасавання, разыходжанні вынікаў у дзень галасавання і ў перыяд датэрміновага, нетранспарэнтнасць працы камісій, а таксама абмежаванне магчымасцяў для незалежнага назірання.

Практычна ўсе назіральнікі з ліку дэмакратычных актывістаў адзначаюць, што месцы для назірання за ходам галасавання былі нязручнымі. А што тычыцца працэдуры падліку, то чальцам камісіі, якія лічылі бюлетэні, было забаронена называць уголас хаця б нейкія лічбы. На некаторых участках чальцам камісіі забаранялі нават рабіць нейкія пазнакі або запісы на паперы. Камісіі збіраліся вакол сталоў, засланяючы выкладзеныя са скрыняў бюлетэні. А пра вынікі назіральнікі даведваліся толькі з вывешаных пратаколаў.

Адным з выключэнняў стала праца ўчастковай камісіі №63 Аршанскага раёну, дзе адным з чальцоў быў Васіль Берасьнеў, актывіст БХК:
"У нас усе было ўзорна: назіральнікі бачылі падлікі, уголас называліся лічбы. На нашым учстку было 600 выбаршчыкаў, 480 прыйшлі галасаваць, каля 55% аддалі свае галасы за Лукашэнку, каля 18% - за Караткевіч. Шмат людзей не пайшлі галасаваць, была прапанова паехаць па хатах са скрынямі, але я выказаўся супраць, і гэтага рабіць не сталі. Ва ўчастковую камісію, лічу, я трапіў нейкім цудам, бо актывістаў туды зазвычай не ўключаюць. Бо менавіта на гэтым узроўні прасцей рабіць нейкія фальсіфікацыі".

На думку Валянціны Болбат, назіральніцы з Верхнядзвінску, шмат што залежыць якраз не ад чальцоў, а ад старшыняў камісій:
"Я назірала на ўчастку №3, самым вялікім у горадзе. Хачу адзначыць, што на мясцовых жыхароў быў вялікі прэсінг: на выбары заклікала ісці наша раённая газета, на прадпрыемствах і ў арганізацыях усім казалі, каб ішлі галасаваць, і найлепш – датэрмінова. Людзі ішлі – хто ад страху, хто – каб адчапіліся. На кожным участку ў ліку назіральнікаў былі прадстаўнікі райвыканкаму, якія за ўсім сачылі. Хачу адзначыць, што вынікі падчас датэрміновага галасавання і ў дзень выбараў дужа адрозніваюцца. Паводле агучаных звестак, на нашым участку №3 за Лукашэнку датэрмінова прагаласавалі 948 чалавек, а ў дзень выбараў – 557, за Караткевіч датэрмінова аддалі галасы толькі 127 чалавек, а 11 кастрычніка – 242. Я вельмі шкадую, што не фатаграфавала скрыні для датэрміновага галасавання ўвечары і ранкам наступнага дня: як мне падаецца, бюлетэні ляжалі з раніцы зусім іначай".

На шэрагу ўчасткаў назіральнікам было забаронена фатаграфаваць падрабязнасці працэсу галасавання. Напрыклад, назіральніца на ўчастку №68 Першамайскага раёну Алена Шабуня сфатаграфавала, як выбаршчыкаў, якія прыйшлі на датэрміновае галасаванне з дзецьмі, частавалі вафельнымі батончыкамі вырабніцтва фабрыкі "Віцьба", дзе мясціўся ўчастак. Хоць непасрэдна пачастункі атрымлівалі дзеці, а не самі выбаршчыкі, назіральніца напісала скаргу ў абласную выбарчую камісію.

"На ўчастак прыехаў старшыня абласной камісіі, паглядзеў, ці сапраўды раздаюць вафлі. Пераканаўся, што так. Але гэтага не спыніў. Раздача батончыкаў скончылася толькі на другі дзень, пасля паўторных скаргаў і фотаздымкаў, якія з'явіліся ў інтэрнэце. За гэта старшыня камісіі Алег Анацка пазбавіў мяне права рабіць фотаздымкі – сабраў камісію, і яна прагаласавала з тое, каб пазбавіць мяне гэтага права. Тады я сказала, што патаемна здымаць не буду – толькі паставіўшы ў вядомасць старшыню", - гаворыць Алена Шабуня.

Дарэчы, і фотаздымкі, зробленыя праз пару дзён на вачох у чальцоў камісіі, зноў нарабілі скандалу. Алена Шабуня зафіксавала, што бюлетэні ў скрыні для датэрміновага галасавання ляжалі па-рознаму ўвечары 10 і раніцай 11 кастрычніка. Назіральніца напісала шэраг скаргаў, у тым ліку ў ЦВК і ў пракуратуру. Старшыня ўчастковай камісіі адказаў назіральніцы, што скрыню для галасавання "пераносілі", а таксама "чысцілі і мылі", перш чым паставіць на ўчастак. Таму, маўляў, бюлетэні перамясціліся.

Назіральнік на ўчастку №47 Першамайскага раёну Вадзім Кузмін адзначае, што на датэрміновае галасаванне студэнтаў тэхналагічнага ўніверсітэту, дзе і знаходзіўся ўчастак, адпраўлялі цэлымі групамі. Таму ў дзень выбараў яўка была невысокая: прыйшлі ўсяго 200 з нечым чалавек, тады як датэрмінова прагаласавалі больш за 600.

Спадар Кузмін падкрэслівае, што выкарыстанне празрыстых скрыняў для галасавання – не самая надзейная падстрахоўка ад   магчымых фальсіфікацый: калі нават заклейваць на ноч шчыліну для апускання бюлетэняў, то сама накрыўка скрыні лёгка здымаецца. Запламбіраваць яе хаця б з дапамогай папяровай палоскі старшыня камісіі не пагадзіўся.

Назіральнікі ад кампаніі "За свабодныя выбары" адзначаюць, што да віцебскіх участкаў Кастрычніцкага раёну былі прыпісаны не грамадзяне Беларусі, якія атрымлівалі запрашэнні на выбары. На ўчастках гэтага ж раёну была заўважана агітацыя ў дзень выбараў. На ўчастку №14 Чыгуначнага раёну ў дзень галасавання была на 156 завышана яўка выбаршчыкаў, па паліках назіральнікаў, гэта самая вялікая колькасць – на некаторых участках яўка таксама завышалася, але на 5-10 чалавек. У Першамайскім раёне назіральнікі таксама завышэнне яўкі выбаршчыкаў на ўчасткі.

І ўсе ж менавіта гэты раён Віцебска паказаў самую нізкую яўку (прагаласавала ўсяго 83% выбаршчыкаў, тады як у Кастрычніцкім і Чыгуначным раёнах яўка афіцыйна склала 89%, затое ў Бешанковіцкім раёне Віцебскай вобласці, паводле афіцыйнай статыстыкі, на ўчасткі прыйшло 99,2% выбаршчыкаў).

Тамсама ў Бешанковіцкім раёне, згодна з афіцыйнай статыстыкай, 96,09% з'явіўшыхся на ўчасткі выбаршчыкаў прагаласавалі за Аляксандра Лукашэнку. Увогуле ў Віцебскай вобласці ён набраў 87,3% галасоў, а самы нізкі вынік па вобласці ў яго ў Першамайскім раёне Віцебска, дзе актыўна працавалі назіральнікі ад дэмакратычных сілаў - усяго 77,75%. Усяго па Віцебску Аляксандр Лукашэнка набраў 82,75%, а ў Наваполацку і крыху менш - 82,62%.
Сярод альтэрнатыўных кандыдатаў на Віцебшчыне найлепшы вынік мае Сяргей Гайдукевіч - 3,95%. У Таццяны Караткевіч - толькі 3,56%, хаця ў дзень галасавання за яе аддавала галасы параўнальна вялікая колькасць выбаршчыкаў. У Мікалая Улаховіча усяго 1,4%.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international