Выбарчы працэс не адпавядаў шэрагу ключавых міжнародных стандартаў правядзення дэмакратычных і свабодных выбараў

2015 2015-10-12T11:21:10+0300 2016-09-12T09:52:49+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/logo_bel.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Назіранне за выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ажыццяўлялася актывістамі РПГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт» і ПЦ «Вясна» ў рамках кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

ВЫСНОВЫ

Прэзідэнцкія выбары 2015 г. пачаліся ў абстаноўцы, надзвычай неспрыяльнай для правядзення свабодных і дэмакратычных выбараў: у месцах пазбаўлення волі заставаліся палітычныя вязні, сістэматычна пераследаваліся незалежныя журналісты.

Пасля вызвалення палітычных зняволеных у жніўні 2015 г. вызначыліся станоўчыя тэндэнцыі: большыя магчымасці для рэалізацыі грамадзянскіх і палітычных правоў падчас перадвыбарчай кампаніі, адсутнасць перашкодаў з боку ўлады пры зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты і правядзенні агітацыйных мерапрыемстваў.

Улады Беларусі не чынілі рэпрэсій і затрыманняў падчас масавых мерапрыемстваў, якія праводзіла частка апазіцыі па-за межамі выбарчага заканадаўства. Але прыцягненне арганізатараў такіх мерапрыемстваў да адміністратыўнай адказнасці ў форме буйных штрафаў парушае права на мірныя сходы, гарантаванае міжнароднымі прававымі актамі. 

Аднак выбарчы працэс не адпавядаў шэрагу ключавых міжнародных стандартаў правядзення дэмакратычных і свабодных выбараў. Гэта было абумоўлена адсутнасцю роўнага доступу да сродкаў масавай інфармацыі для ўсіх кандыдатаў, адсутнасцю бесстаронніх выбарчых камісій, выкарыстаннем адміністратыўнага рэсурса на карысць дзеючага Прэзідэнта, шматлікімі фактамі прымусу выбаршчыкаў да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні, закрытасцю шэрагу выбарчых працэдур для назіральнікаў.  

Найбольш важнай падставай для крытыкі выбараў застаецца адсутнасць празрыстасці падліку галасоў, што не дазваляе лічыць аб’яўленыя вынікі выбараў адлюстраваннем волевыяўлення выбаршчыкаў.

Выбарчыя камісіі

Пры фарміраванні камісій быў відавочны дыскрымінацыйны падыход да прадстаўнікоў апазіцыйных партый з боку органаў, якія ўтвараюць камісіі. Агульная колькасць прадстаўнікоў апазіцыйных партый ў ТВК склала 10 чалавек, альбо 0,5 % ад агульнага складу ТВК; іх колькасць у УВК склала 31 чалавек, альбо 0,046 % ад агульнага складу сяброў УВК, што ў пяць разоў менш, чым на папярэдніх прэзідэнцкіх выбарах.

Адсутнасць заканадаўча замацаваных крытэрыяў для прэтэндэнтаў, якія вылучаюцца ў склад выбарчых камісій усіх узроўняў, робіць магчымым селектыўнасць падыходу да іх фарміравання. Адсутнасць такіх крытэрыяў таксама робіць неэфектыўнай норму ВК, што прадугледжвае магчымасць судовага абскарджання рашэнняў аб адмове ва ўключэнні ў іх склад.

Нязначная колькасць прадстаўнікоў палітычных партый у складзе ТВК адлюстроўвае спецыфіку беларускай палітычнай мадэлі, пры якой асноўнымі палітычнымі суб'ектамі пры правядзенні выбарчых кампаній выступаюць прадстаўнікі праўрадавых грамадскіх аб'яднанняў і працоўных калектываў.

Вылучэнне і рэгістрацыя кандыдатаў

Дакументы на рэгістрацыю падалі 15 ініцыятыўных груп грамадзян па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты, ЦВК зарэгістравала 8 з іх. Рашэнні мясцовых выканаўчых органаў адносна месцаў, забароненых для пікетавання з мэтай збору подпісаў, істотна не абмежавалі магчымасці працы ініцыятыўных груп у публічных месцах, аднак многія рашэнні не былі абумоўлены патрабаваннямі бяспекі і грамадскага парадку.

Улады не чынілі істотных абмежаванняў пры зборы подпісаў, але роля выканаўчай вертыкалі ўлады і адміністрацый дзяржаўных прадпрыемстваў па-ранейшаму заставалася вельмі вялікай. Збор подпісаў за вылучэнне ў якасці кандыдата ў прэзідэнты А. Лукашэнкі суправаджаўся актыўным выкарыстаннем адміністрацыйнага рэсурсу: ажыццяўляўся ў працоўны час, на тэрыторыі прадпрыемстваў і ўстаноў, часта пры непасрэдным удзеле адміністрацый гэтых прадпрыемстваў і ўстаноў.

Непразрыстась працэдуры праверкі подпісаў і дакументаў дае падставы разглядаць вынік рэгістрацыі як палітычна матываваны. Кандыдатамі ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь зарэгістраваныя А. Лукашэнка, Т. Караткевіч, С. Гайдукевіч, М. Улаховіч.

Перадвыбарчая агітацыя

Перадвыбарчая агітацыя не стала значнай сацыяльна-палітычнай кампаніяй для беларускага грамадства, яна прайшла малазаўважна для выбаршчыкаў. Недастатковасць візуальных сродкаў агітацыі за кандыдатаў у прэзідэнты, відавочна, абумоўлена невысокай актыўнасцю некаторых кандыдатаў, а таксама спыненнем дзяржаўнага фінансавання вырабу інфармацыйных матэрыялаў.

У шэрагу гарадоў краіны, у тым ліку і ў сталіцы, створаны адносна спрыяльныя ўмовы для агітацыі. У той жа час многія назіральнікі ў рэгіёнах адзначаюць, што мясцовыя ўлады вызначылі зусім непрыдатныя месцы для агітацыйных масавых мерапрыемстваў.

Галоўнымі актарамі выбарчага працэсу заставаліся дзейсны прэзідэнт і Цэнтральная выбарчая камісія. Паводле адведзенага эфірнага часу і газетнай плошчы А. Лукашэнка знаходзіўся па-за канкурэнцыяй.

На карысць дзейснага прэзідэнта актыўна прымяняўся адміністрацыйны рэсурс. Праўрадавыя грамадскія арганізацыі, якія фінансуюцца з бюджэта (ФПБ, БРСМ і іншыя), актыўна праводзілі грамадска-палітычныя мерапрыемствы пад характэрнай сімволікай і ў кантэксце выбарчай праграмы дзейснага прэзідэнта, што атаясамлялася ў свядомасці грамадзян з агітацыяй у яго падтрымку. Гэтыя мерапрыемствы не фінансаваліся з выбарчага фонду кандыдата, што з’яўляецца парушэннем устаноўленага парадку агітацыі. 

Датэрміновае галасаванне

У датэрміновым галасаванні ўзяло ўдзел 36,05 % выбаршчыкаў – найбольшая колькасць за папярэднія прэзідэнцкія кампаніі 2001, 2006 і 2010 гг.  Фактычна датэрміновае галасаванне ператварылася ў норму, што не адпавядае патрабаванням ВК.

Падчас датэрміновага галасавання назіральнікамі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» былі зафіксаваны шматлікія факты прымусу грамадзянаў да ўдзелу ў ім з боку адміністрацый прадпрыемстваў і ВНУ. Гэта паўтарыла негатыўную практыку папярэдніх выбарчых кампаній.

Адзначаны выпадкі завышэння яўкі на некаторых выбарчых участках. Абагульненая розніца па колькасці выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у датэрміновым галасаванні, па дадзеных назіральнікаў і УВК склала 6,2% на 144 УВК, на якіх вялося назіранне, пры гэтым на некаторых УВК розніца складала больш за 50%. Аднак завышэнне яўкі не насіла значнага і сістэмнага характару.

Практыка правядзення датэрміновага галасавання застаецца адной з сістэмных праблем выбарчага працэсу, стварае шырокія магчымасці для выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу і іншых маніпуляцый. У сувязі з гэтым рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ ў частцы зменаў  працэдур датэрміновага галасавання застаюцца актуальнымі.                          

Галасаванне па месцы знаходжання выбаршчыкаў

Існуючыя працэдуры галасавання па месцы знаходжання выбаршчыкаў даюць магчымасці для маніпуляцый. Назіральнікі не могуць праверыць, ці сапраўды паступалі заяўкі выбаршчыкаў аб арганізацыі галасавання па месцы знаходжання, паколькі заканадаўства прадугледжвае не толькі пісьмовую, але і вусную форму такой заяўкі.

Фіксаваліся выпадкі, калі выбаршчыкі не звярталіся з просьбай аб арганізацыі галасавання па месцы знаходжання і паведамлялі гэта сябрам УВК, якія ўжо прыйшлі да іх са скрыняй. Часам назіральнікам не давалі інфармацыі аб колькасці выбаршчыкаў, унесеных у спіс для галасавання па месцы знаходжання. Неаднаразова адзначана, што колькасць выбаршчыкаў, якія прагаласавалі па месцы свайго знаходжання, не супадае з колькасцю скарыстаных для гэтага бюлетэняў.

Галасаванне на выбарчых участках і падлік галасоў                              

У заканадаўстве не прапісаны метад падліку бюллетэняў участковымі выбарчымі камісіямі. Для падліку галасоў, не прымяняецца дакладная працэдура, пры якой адзнака на кожным бюлетэні  аб'яўляецца ўслых з дэманстрацыяй бюлетэня ўсім прысутным сябрам УВК і назіральнікам.

Падлік галасоў на выбарчых участках шмат у чым паўтарыў негатыўную практыку непразрыстага падліку бюлетэняў. Больш за палову назіральнікаў былі пастаўлены камісіямі ў нязручныя для назірання умовы, 76,9 % не маглі бачыць змест бюлетэняў. Толькі 12,2 % скаргаў, што падалі назіральнікі, былі разгледжаны на пасяджэннях УВК.

УВОДЗІНЫ

Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» – незалежная і палітычна незаангажаваная сумесная ініцыятыва Праваабарончага цэнтра «Вясна» і Рэспубліканскага праваабарончага грамадскага аб’яднання «Беларускі Хельсінкскі камітэт».

Мэта кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» – назіранне за выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, ацэнка выбарчага працэсу з пункту гледжання беларускага выбарчага заканадаўства і міжнародных стандартаў свабодных і дэмакратычных выбараў, інфармаванне беларускай грамадскасці і міжнароднай супольнасці пра вынікі назірання.

З першага дня выбараў у межах кампаніі дзейнічала 55 доўгатэрміновых назіральнікаў. Назіральнікі былі прадстаўлены ў такой колькасці ТВК, якая ахоплівае больш за 70% выбаршчыкаў краіны. Вынікі апрацоўкі штотыднёвых справаздач назіральнікаў распаўсюджваліся ў форме тыднёвых справаздач кампаніі і папярэдніх справаздач кампаніі па асобных этапах выбараў.

Падчас датэрміновага галасавання і галасавання ў дзень выбараў назіранне ажыццяўлялі 450 кароткатэрміновых назіральнікаў на 400 выбарчых участках па ўсёй тэрыторыі краіны. Іх справаздачы апрацоўваліся штодзённа, што дазволіла выявіць агульныя тэндэнцыі ў арганізацыі выбарчага працэсу і зафіксаваць узровень парушэнняў ВК.

УМОВЫ НАЗІРАННЯ

Міжнароднае назіранне ў Беларусі традыцыйна было прадстаўлена Назіральнай місіяй Парламенцкай Асамблеі СНД, Міжнароднай місіяй БДІПЧ АБСЕ, місіяй Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, прадстаўнікамі дыпламатычнага корпуса ў Республіцы Беларусь. Таксама нешматлікія місіі міжнароднага назірання былі накіраваны Парламенцкай асамблеяй АБСЕ, Шанхайскай Арганізацыяй Садружнасці.   

Нацыянальнае назіранне акрамя кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», ажыццяўляла таксама кампанія «Права выбару – 2015», якая аб’яднала восем палітычных суб’ектаў і можа лічыцца назіраннем з боку апазіцыйных палітычных партый і рухаў. Таксама працавалі назіральнікі двух палітычных апазіцыйных суб’ектаў «За справядлівыя выбары».

Некаторыя праўладныя грамадскія аб’яднанні і палітычныя партыі (Белая Русь, БРСМ, Беларускі саюз жанчын, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі і інш.) дэкларавалі, што таксама вялі назіранне за выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, аднак  вынікі іх дзейнасці не былі прадстаўлены грамадству.

У працэсе назірання за выбарамі назіральнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» сутыкаліся з ціскам з боку органаў улады, адмовамі ў прадстаўленні інфармацыі з выбарчых камісій, выдаленнем з выбарчых участкаў. Асобна трэба адзначыць неабгрунтаваную забарону на фота- і відэаздымкі на выбарчых участках, супрацьдзеянне назіральнікам падчас падліку яўкі на выбарчыя ўчасткі.

Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» паслала запыт у ЦВК аб парадку пазбаўлення назіральніка акрэдытацыі. Паводле тлумачэння ЦВК, пазбаўлены акрэдытацыі назіральнік, не можа быць зноў акрэдытаваны ў той камісіі, у якой ён быў пазбаўлены акрэдытацыі. Тлумачэнне ЦВК супярэчыць арт. 13 ВК, а таксама Пастановам самой Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь № 10, 11 ад 14.05.2015 г.

ПРАВАВАЯ БАЗА

Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прызначаны Пастановай Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь 30 траўня 2015 г. на 11 кастрычніка 2015 г. Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь рэгулююцца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Выбарчым кодэксам Рэспублікі Беларусь, пастановамі Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь, пастановамі мясцовых органаў улады.

АБСЕ неаднаразова адзначала «шматлікія істотныя недахопы» Кодэкса і прапаноўвала рэкамендацыі па яго ўдасканаленні. Акрамя таго, у 2007 і 2008 гг. Генеральная Асамблея ААН звяртала да Беларусі «настойлівы заклік прывесці выбарчы працэс і заканадаўчую базу ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі і пазбавіцца ад недахопаў выбарчага працэсу».

Згодна з Канстытуцыяй і Выбарчым кодэксам, «выбары Прэзiдэнта прызначаюцца Палатай прадстаўнiкоў не пазней, чым за пяць месяцаў, i праводзяцца не пазней, чым за два месяцы да заканчэння тэрмiну паўнамоцтваў папярэдняга Прэзiдэнта».

У першыя дні пачатку кампаніі ЦВК прыняла пакет пастановаў і іншых дакументаў па арганізацыі і падрыхтоўцы выбараў, які істотна не адрозніваўся ад аналагічнага пакета, зацверджанага напярэдадні выбараў 2010 г.

ЦВК не прыняла тых прапаноў, рэалізацыя якіх спрыяла б транспарэнтнасці і справядлівасці выбарчага працэсу. Гэта прапановы аб публікацыі вынікаў галасавання па кожнаму выбарчаму ўчастку краіны, выдачы заверанай копіі выніковага пратаколу назіральнікам, гарантавання празрыстага падліку галасоў. Такія змены ініцыявала ў ЦВК кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» з абгрунтаваннем, што яны не вымагаюць зменаў ВК, а толькі ўдасканалення практыкі яго прымянення, што цалкам знаходзіцца ў межах паўнамоцтваў ЦВК. ЦВК неабгрунтавана адмовіла ў задавальненні прапаноўваў незалежнага назірання.   

Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2015 г. – першыя пасля чарговых зменаў ВК, унесеных у 2011, 2013 і 2015 гг. Асноўнымі з гэтых зменаў з’яўляюцца:

  • кандыдаты ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь атрымалі права ствараць уласныя выбарчыя фонды для фінансавання дадатковых выдаткаў па перадвыбарчай агітацыі ў памеры не больш 9000 базавых адзінак з моманту рэгістрацыі ініцыятыўнай групы кандыдата;
  • уведзена адміністратыўная адказнасць за заклік да байкоту выбараў;
  • урэгулявана забарона на рэгістрацыю ініцыятыўных груп грамадзян па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты асобамі, якія ўзятыя пад варту, альбо адбываюць пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі.

Змены і дапаўненні ў ВК у асноўным носяць негатыўны характар у параўнанні са зменамі 2010 г. і не ўлічваюць рэкамендацыі экспертаў АБСЕ, нацыянальных незалежных назіральнікаў, апазіцыйных партый Беларусі. Засталіся не рэалізаванымі многія рэкамендацыі, у тым ліку, не былі прыняты меры па павышэнні празрыстасці выбарчага працэсу. Не ўсталяваны нормы, якія забяспечваюць галосны публічны падлік галасоў. Не ўсталяваны абавязак старшыні і сакратара выбарчай камісіі выдаваць копіі пратакола аб  выніках галасавання тым асобам, якія маюць права прысутнічаць падчас падліку галасоў на ўчастку для галасавання. Такім чынам захоўваюцца недахопы рэгулявання тых працэдур выбарчага працэсу, якія ў найбольшай ступені могуць выкарыстоўвацца для фальсіфікацый і злоўжыванняў.

Як станоўчы момант трэба адзначыць Пастанову Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь ад 01.07.2015 г. №26 «Аб стварэнні дадатковых умоваў для галасавання выбаршчыкаў з парушэннем зроку пры правядзенні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».

ВЫБАРЧЫЯ КАМІСІІ

ЦВК дзейнічае на пастаяннай аснове і уключае 12 сяброў, 6 з іх прызначае прэзідэнт, 6 – вылучае Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу з кандыдатур, рэкамендаваных прэзідыумамі абласных, Мінскага гарадскога Саветаў дэпутатаў і адпаведнымі выканаўчымі камітэтамі. У дзеючым складзе ЦВК толькі тры сябры не з’яўляюцца дзяржаўнымі служачымі. Такім чынам, парадак фарміравання ЦВК і яе склад, а таксама неаднаразовыя праявы лаяльнасці да дзейснага прэзідэнта з боку яе кіраўніка і сяброў, дазваляюць меркаваць, што ЦВК не з’яўляецца незалежным органам.

ТВК

Згодна з выбарчым заканадаўствам, ТВК фарміруюць выканкамы і адміністрацыі раёнаў у гарадах. Усе яны з’яўляюцца часткай уладнай «вертыкалі» дзейснага прэзідэнта, як і мясцовыя Саветы дэпутатаў, абраныя ў ходзе мясцовых выбараў 2014 г., што не былі свабоднымі і справядлівымі.

Вылучэнне кандыдатур у склад ТВК, якое маглі рабіць палітычныя партыі, грамадскія аб’яднанні, працоўныя калектывы і групы грамадзян, было свабодным. Паводле дадзеных ЦВК, усяго было вылучана 2 623 кандыдаты.

Пасяджэнні органаў, якія фарміравалі ТВК, адбываліся часам ва ўмовах абмежаванай інфармацыі аб іх месцы і часе. У некаторых рэгіёнах (амаль уся Віцебская вобласць) – ва умовах абмежаванага доступу для назіральнікаў. Гэтыя пасяджэнні мелі фармальны характар і фактычна зводзіліся да безальтэрнатыўнага зацвярджэння спісаў складу камісій, распрацаваных мясцовымі органамі ўлады напярэдадні пасяджэнняў.

Меншую частку прэтэндэнтаў у склад ТВК склалі прадстаўнікі партый – 9,2%. Траціну прэтэндэнтаў у сябры ТВК склалі прадстаўнікі 5 грамадскіх аб’яднанняў: ГА «Белая Русь», ГА «БРСМ», ФПБ, Беларускі саюз жанчын, Беларускае грамадскае аб'яднанне ветэранаў.

 

ЦВК сфарміравала 153 тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі, у якія ўвайшлі 1 916 сяброў. Колькасць прадстаўнікоў апазіцыйных партый у ТВК склала 10 з 63 прэтэндэнтаў, ці 0,5% ад агульнай колькасці сяброў ТВК. Такім чынам, «праходнасць» апазіцыйных прэтэндэнтаў склала 15,8 %, а ў прэтэндэнтаў ад праўладных партый – 70 %, у прэтэндэнтаў ад пяці пералічаных ГА – 87,5 %.

 

Як правіла, у склад камісій увайшлі па 2–4 дзяржаўныя служачыя, у тым ліку супрацоўнікі выканкамаў і адміністрацый, – структур, якія яе сфарміравалі. Астатнія – прадстаўнікі праўрадавых грамадзянскіх арганізацый, бюджэтных арганізацый, а таксама кіраўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў.

УВК

У сёлетняй выбарчай кампаніі сфарміравана 6 080 участковых выбарчых камісій. З 76 791 прадстаўніка, вылучанага ў склад УВК палітычнымі партыямі, грамадскімі аб’яднаннямі, працоўнымі калектывамі і групамі грамадзян, палітычнымі партыямі былі вылучаны толькі 3 826 прадстаўнікоў, 515 з якіх – апазіцыйнымі.

Адмоваў у прыёме дакументаў па вылучэнні прадстаўнікоў у склад УВК зафіксавана не было. Усе зацікаўленыя асобы здолелі падаць неабходныя дакументы і былі праінфармаваныя пра час і месцы іх прыёму. Пасяджэнні выканкамаў і мясцовых адміністрацый па фарміраванні УВК адбываліся ва ўмовах адноснай адкрытасці для назіральнікаў, але мелі выключна фармальны характар. У большасці выпадкаў яны зводзіліся да хуткага і безальтэрнатыўнага зацвярджэння спісаў складу камісій, падрыхтаваных напярэдадні пасяджэнняў у закрытым рэжыме.

У склад 6 080 УВК на тэрыторыі Беларусі ўключана 66 941 сяброў. З 515 кандыдатаў ад апазіцыйных палітычных партый у камісіі ўвайшоў толькі 31 чалавек, ці 6% ад вылучаных (у 2010 г. гэты паказчык быў амаль у тры разы большы і складаў 17,1%). У той жа час «праходнасць» у УВК прадстаўнікоў ад лаяльных уладзе партый дасягнула 86,4%, а прадстаўнікоў ад ГА «Белая Русь», ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, Беларускага саюза жанчын і Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў – 92%.

Прадстаўнікі апазіцыйных партый склалі 0,046 % (у 2010 г. – 0,25 %) ад агульнай колькасці сяброў УВК і ўвайшлі менш чым у 0,5 % (у 2010 г. – 3%) УВК. Большасць з астатніх сяброў УВК хаця б аднойчы ўваходзіла ў склад УВК на мінулых мясцовых, парламенцкіх ці прэзідэнцкіх выбарах. Назіральнікамі адзначаны шматлікія выпадкі фарміравання УВК з ліку прадстаўнікоў аднаго працоўнага калектыва, прызначэння на кіруючыя пасады ў гэтых УВК кіраўнікоў гэтых працоўных калектываў.

Такім чынам, працэс фарміравання ТВК і УВК амаль не адрозніваўся ад аналагічнага працэсу падчас папярэдніх прэзідэнцкіх, парламенцкіх і мясцовых выбараў. З пункту гледжання адпаведнасці нацыянальнаму заканадаўству гэты працэс адбываўся без значных парушэнняў, але яго вынік не дазваляе лічыць створаныя камісіі бесстароннімі і неперадузятымі.

ВЫЛУЧЭННЕ І РЭГІСТРАЦЫЯ КАНДЫДАТАЎ

Этап вылучэння і рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты ўключае вызначэнне месцаў, забароненых для пікетавання з мэтай збору подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў, рэгістрацыю ініцыятыўных груп, збор подпісаў выбаршчыкаў, праверку сапраўднасці подпісаў выбаршчыкаў у падпісных лістах, рэгістрацыю кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь.

Мясцовыя органы ўлады вызначылі месцы, забароненыя для пікетавання з мэтай збору подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў. Рашэнні мясцовых выканаўчых органаў істотна не адрозніваюцца ад рашэнняў папярэдняй прэзідэнцкай выбарчай кампаніі. Яны істотна не абмежавалі магчымасці працы ініцыятыўных груп у публічных месцах, аднак многія забароны мясцовых органаў улады не былі абумоўлены патрабаваннямі бяспекі і грамадскага парадку, што адвольна абмежавала правы многіх удзельнікаў выбарчага працэсу. Мясцовыя органы ўлады фактычна прадэманстравалі адсутнасць адзінага падыходу да правоў удзельнікаў выбарчага працэсу: некаторыя імкнуліся іх пашырыць, у іншых месцах іх абмежавалі або пакінулі без зменаў.

Дакументы на рэгістрацыю падалі 15 ініцыятыўных груп грамадзян па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты. ЦВК зарэгістравала восем ініцыятыўных груп (А. Лукашэнкі, С. Калякіна, С. Гайдукевіча, Т. Караткевіч, А. Лябедзькі, Ж. Раманоўскай, У. Цярэшчанкі, М. Улаховіча). Адмовы ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп абгрунтаваныя нормамі выбарчага заканадаўства.

Для рэгістрацыі кандыдата яго ініцыятыўная група павінна была сабраць не менш за 100 тысяч подпісаў. Збор подпісаў ажыццяўляўся ініцыятыўнымі групамі як шляхам пакватэрнага абыходу выбаршчыкаў, так і падчас вулічных пікетаў у месцах, не забароненых мясцовымі органамі ўлады. Улады не чынілі істотных абмежаванняў пры зборы подпісаў, але роля выканаўчай вертыкалі ўлады і адміністрацый дзяржаўных прадпрыемстваў у выбарчым працэсе па-ранейшаму заставалася вельмі вялікай. Збор подпісаў за вылучэнне ў якасці кандыдата ў прэзідэнты А. Лукашэнкі суправаджаўся актыўным выкарыстаннем адміністрацыйнага рэсурсу: вёўся ў працоўны час, на тэрыторыі прадпрыемстваў і ўстаноў, часта пры непасрэдным удзеле адміністрацыі гэтых прадпрыемстваў і ўстаноў.

ТВК неахвотна ішлі на кантакт з назіральнікамі, практычна паўсюль, за некаторымі выключэннямі, ім не дазвалялі прысутнічаць пры прыёме і праверцы падпісных лістоў. Абсалютная непразрыстасць працэдуры праверкі подпісаў, сабраных за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты, выклікае недавер адносна вынікаў праверкі.

Дакументы для рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты падалі Аляксандр Лукашэнка, Таццяна Караткевіч, Сяргей Гайдукевіч, Мікалай Улаховіч, Жанна Раманоўская і Віктар Цярэшчанка. Кандыдатамі ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь зарэгістраваныя толькі А. Лукашэнка, Т. Караткевіч, С. Гайдукевіч, М. Улаховіч.

ПЕРАДВЫБАРЧАЯ АГІТАЦЫЯ

Кандыдаты ў прэзідэнты не сутыкаліся з істотнымі парушэннямі сваіх правоў падчас агітацыі шляхам сустрэч з выбаршчыкамі. Аднак прынятыя мясцовымі распарадчымі органамі ўлады рашэнні аб вызначэнні месцаў для правядзення агітацыйных масавых мерапрыемстваў прадэманстравалі адсутнасць аднастайнага падыходу ў вырашэнні гэтага пытання. У шэрагу гарадоў краіны, у тым ліку і ў сталіцы, створаны адносна спрыяльныя ўмовы для агітацыйных масавых мерапрыемстваў. У той жа час многія назіральнікі ў рэгіёнах адзначаюць, што мясцовыя ўлады вызначылі зусім непрыдатныя месцы для агітацыі.

Палажэнне «Аб выбарчым фондзе асобы, якая вылучаецца кандыдатам у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь пры правядзенні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2015 годзе» не прадугледжвае магчымасці грамадскага кантролю крыніц паступлення сродкаў у выбарчы фонд. Законнасць фарміравання фонду і выдаткавання сродкаў з яго ацэньваюць толькі фінансавыя органы і ЦВК.

Прыкметнай была агітацыйная дзейнасць Т. Караткевіч. Практычна незаўважнымі засталіся агітацыйныя мерапрыемствы кандыдатаў С. Гайдукевіча і М. Улаховіча. Галоўнымі акторамі выбарчага працэсу заставаліся дзейсны прэзідэнт і Цэнтральная выбарчая камісія. Паводле адведзенага эфірнага часу і газетнай плошчы супернікі дзеючага прэзідэнта знаходзіліся па-за канкурэнцыяй.

Актыўна арганізоўваліся агітацыйныя мерапрыемствы з удзелам давераных асоб А. Лукашэнкі: сустрэчы ў працоўных калектывах, наведванне прадпрыемстваў, навучальных устаноў і г.д. У гэтых сустрэчах заўсёды бралі ўдзел кіраўнікі мясцовых і цэнтральных органаў улады, прадпрыемстваў і ўстаноў. Асноўнай мэтай іх быў заклік грамадзян падтрымаць існуючы ў краіне палітычны курс і ўзяць удзел у выбарах. Дзяржаўныя СМІ шырока асвятлялі акцыі недзяржаўных праўладных арганізацый, якія заявілі пра сваю падтрымку прэзідэнта.

ДАТЭРМІНОВАЕ ГАЛАСАВАННЕ

Датэрміновае галасаванне праводзілася з 6 па 10 кастрычніка з 10.00 да 16.00 і з 16.00 да 19.00.  Згодна з арт. 53 ВК выбаршчык, які не можа прагаласаваць у дзень выбараў,  мае права не раней чым за пяць дзён да выбараў прагаласаваць у памяшканні для галасавання. Афіцыйнага пацверджання прычын немагчымасці выбаршчыка прагаласаваць у дзень выбараў не патрабуецца.

Такім чынам, працэдура датэрміновага галасавання з’яўляецца выключэннем, а не правілам: прагаласаваць датэрмінова могуць толькі тыя грамадзяне, якія не маюць магчымасці ў дзень выбараў знаходзіцца па месцы свайго жыхарства.  Аднак у краіне даўно склалася практыка, калі датэрміновае галасаванне пераўтварылася ў норму, што не адпавядае патрабаванням ВК.

Датэрміновае галасаванне на сёлетніх прэзідэнцкіх выбарах не стала выключэннем з папярэдняй практыкі. Паводле дадзеных ЦВК, за пяць дзён у датэрміновым галасаванні ўзялі ўдзел 36,05 % выбаршчыкаў, што з’яўляецца найвялікшай колькасцю за папярэднія  прэзідэнцкія выбары 2001, 2006, 2010 гг.  Улічваючы, што яўка па выбарах склала 86,75%, у датэрміновым галасаванні прыняло ўдзел 41,5 % выбаршчыкаў ад колькасці ўсіх, хто галасаваў.

Назіральнікамі кампаніі былі зафіксаваныя факты завышэння яўкі на некаторых выбарчых участках, што склала 6,2 % са 114 УВК, на якіх вялося назіранне (у 2010 г. – 2,8 %). На некаторых УВК такая розніца дасягала 50%. У шэрагу выпадкаў назіральнікамі былі зафіксаваныя факты маніпуляцый з пратаколамі УВК аб выніках датэрміновага галасавання.  Пры гэтым завышэнне яўкі не насіла значнага і сістэмнага характару.

Адзначаны шматлікія выпадкі прымусу выбаршчыкаў да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні з боку адміністрацый дзяржаўных прадпрыемстваў, ВНУ, інтэрнатаў. Гэта паўтарыла негатыўную практыку папярэдніх выбарчых кампаній.

ГАЛАСАВАННЕ ПА МЕСЦЫ ЗНАХОДЖАННЯ ВЫБАРШЧЫКАЎ

Забеспячэнне галасавання па месцы знаходжання ў дзень выбараў адбываецца выключна па пісьмовай ці вуснай просьбе выбаршчыка, які не можа з’явіцца на ўчастак. Тлумачэнне прычын не патрабуецца. УВК стварае спецыяльны ўкладны спіс такіх выбаршчыкаў і атрымлівае выбарчыя бюлетэні. Колькасць выбарчых бюлетэняў павінна адпавядаць колькасці выбаршчыкаў ва ўкладным лісце. У асноўным спісе насупраць прозвішчаў выбаршчыкаў робіцца запіс «прагаласаваў па месцы знаходжання».   Спецыяльную скрыню для галасавання суправаджаюць не менш за два сябры УВК, якія загадзя атрымліваюць такую колькасць бюлетэняў, якая адпавядае колькасці выбаршчыкаў, унесеных у спецыяльны спіс. Для арганізацыі галасавання па месцы знаходжання на УВК павінна быць не больш за тры перанасныя скрыні.

Гэты від галасавання традыцыйна крытыкуюць незалежныя назіральнікі, бо існуючыя працэдуры робяць магчымымі рознага кшталту маніпуляцыі. Назіральнікі не могуць праверыць, ці сапраўды паступалі заяўкі выбаршчыкаў аб арганізацыі галасавання па месцы знаходжання, паколькі заканадаўства прадугледжвае магчымасць не толькі пісьмовых, але і вусных зваротаў. Не заўсёды назіральнікі мелі магчымасць сачыць за такім відам галасавання яшчэ і таму, што сябры УВК адмаўлялі ім у гэтым.

Падчас назірання фіксаваліся выпадкі, калі выбаршчыкі не звярталіся з просьбай аб арганізацыі такога галасавання і паведамлялі гэта сябрам УВК у той час, як тыя прыйшлі да іх са скрыняй. Адзначаны выпадкі, калі назіральнікам адмаўлялі ў прадастаўленні інфармацыі аб колькасці выбаршчыкаў, унесеных у спіс для галасавання па месцы знаходжання. Часам колькасць выбаршчыкаў, якія прагаласавалі па месцы свайго знаходжання, не супадала з колькасцю скарыстаных для гэтага галасавання бюлетэняў.

ГАЛАСАВАННЕ  НА ВЫБАРЧЫХ УЧАСТКАХ І ПАДЛІК ГАЛАСОЎ

Працэс галасавання на выбарчых участках традыцыйна быў арганізаваны на дастаткова высокім тэхнічным узроўні і проходзіў у цэлым адпаведна ўстаноўленым выбарчым працэдурам. Пры гэтым важна адзначыць, што закрытасць для назіральнікаў спісу выбаршчыкаў робіць немагчымым грамадскі кантроль за выдачай бюлетэняў і ўзроўнем яўкі выбаршчыкаў.

Асноўным прынцыпам правядзення падліку бюллетэняў з’яўляецца іх асобны падлік: спачатку лічаць бюлетэні са скрыняў для датэрміновага галасавання, потым – са скрыняў для галасавання па месцы знаходжання выбаршчыкаў, а потым – са скрыняў для датэрміновага галасавання. Вынікі такога падліку толькі агучваюцца УВК і, згодна з палажэннямі, зафіксаванымі ў Дапаможніку для сяброў УВК па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (зацверджаны пастановай ЦВК № 11 ад 14.05.2015), указваюцца ў пратаколе пасяджэння УВК. Пратакол складаецца ў адным асобніку і не з’яўляецца публічным для назіральнікаў. У пратаколе аб выніках назірання ўказваецца сумарны вынік галасавання. Вырабленая назіральнікам копія пратакола аб выніках галасавання сябрамі камісіі не падпісваецца, пячаткай камісіі не замацоўваецца.

Варта адзначыць, што непасрэдна сам метад падліку бюллетэняў УВК ў заканадаўстве не прапісаны. Менавіта гэта акалічнасць з’яўляецца адной з асноўных праблем беларускага выбарчага заканадаўства. БХК звярнуўся ў ЦВК з прапановай усталяваць дакладную працэдуру падліку галасоў, пры якой адзнака на кожным бюлетэні  аб'яўлялася б услых з дэманстрацыяй бюлетэня ўсім прысутным сябрам УВК і назіральнікам. Аднак ЦВК адмовіў у рэалізацыі гэтай прапановы.

Вынікі апрацоўкі справаздач з 326 выбарчых участкаў, ахопленых назіраннем кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», даюцца ў табліцы 1 (апрацоўка адбылася да 6.00 12 кастрычніка).

 

 

Па-ранейшаму застаецца закрытай для назіральнікаў працэдура перадачы выніковых пратаколаў з УВК у ТВК.

РЭКАМЕНДАЦЫІ

Пры зменах у ВК апошніх гадоў не была ўлічана большасць рэкамендацый АБСЕ і Венецыянскай камісіі, якія былі зроблены па выніках назіранні за папярэднімі выбарчымі кампаніямі. Большасць гэтых рэкамендацый не страціла сваю актуальнасць і пасля выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 2015 года. Выбары паказалі, што без дэталёвай рэгламентацыі парадку фарміравання выбарчых камісій, галасавання і падліку галасоў немагчыма забяспечыць правядзенне выбараў, якія б адпавядалі міжнародным стандартам ў галіне свабодных і справядлівых выбараў, у прыватнасці, Капенгагенскаму дакументу АБСЕ 1990 года.

Выбарчая кампанія таксама засведчыла неабходнасць забеспячэння рэальнай роўнасці кандыдатаў у сферы доступу да сродкаў масавай інфармацыі і пашырэння правоў назіральнікаў. Змены ў выбарчых заканадаўстве, прапанаваныя ніжэй, дазволяць наблізіць выбары да міжнародных стандартаў, а таксама павялічыць давер да вынікаў выбараў як з боку грамадзян Беларусі, так і з боку міжнароднай супольнасці.

Выбарчыя камісіі

У Выбарчы кодэкс трэба закласці норму, якая б стварала гарантыі прысутнасці ў выбарчых камісіях прадстаўнікоў палітычных партый і забяспечвала плюралістычны склад камісій. Неабходна забяспечыць, каб палітычныя партыі, якая прынялі удзел ў выбарчай кампаніі, у тым ліку прэзідэнцкай, мелі права дэлегаваць аднаго прадстаўніка ў кожную з тэрытарыяльных, акруговых і ўчастковых выбарчых камісій. І толькі ў выпадку, калі палітычная партыя не скарысталася такім правам, мясцовыя распарадчыя і выканаўчыя органы атрымаюць права самастойна запаўняць вакантныя месцы ў выбарчых камісіях. Аналагічным чынам першачарговае права вылучаць сваіх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі павіны мець кандыдаты ў прэзідэнты. Акрамя таго, трэба заканадаўча вызначыць крытэры для кандыдатаў у склад выбарчых камісій (дэлегаванне палітычнай партыяй, адукацыя, іншыя прафесійныя веды), якія б зменшылі магчымасці адвольнага іх прызначэння і маглі б ацэньвацца судом пры разглядзе адпаведных скаргаў.

Рэгістрацыя кандыдатаў

Неабходна выключыць магчымасць выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу пры зборы подпісаў, у прыватнасці, забараніць збор подпісаў не сябрамі ініцыятыўных груп. Акрамя таго, трэба прадугледзець права назіральнікаў прысутнічаць пры праверцы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў.

Спісы выбаршчыкаў

Для павелічэння празрыстасці і падсправаздачнасці працэсу рэгістрацыі выбаршчыкаў, неабходна стварыць агульнанацыянальны спіс выбаршчыкаў. Грамадзянам і назіральнікам (у тым ліку давераным асобам, прадстаўнікам СМІ і міжнародным назіральнікам) павінен быць дадзены поўны доступ да спісаў. Кожны грамадзянін павінен мець права знаёміцца са спісамі выбаршчыкаў да пачатку галасавання. Акрамя таго, назіральнікі павінны мець магчымасць знаёміцца са спісамі выбаршчыкаў падчас галасавання. Колькасць выбаршчыкаў, зарэгістраваных на ўчастку для галасавання, павінна абвяшчацца выбарчымі камісіямі як напярэдадні галасавання, так і пасля яго заканчэння.

Фінансаванне выбараў

Замацаваная ВК норма дазваляе самастойнае выкарыстанне ЦВК сродкаў дзяржаўнага бюджэту на выраб інфармацыйных улетак з агульнымі дадзенымі кандыдатаў замест фінансавання іх выдаткаў на агітацыйныя друкаваныя матэтыялы. Гэта прывяло да нізкай актыўнасці большай часткі кандыдатаў у вырабе агітацыйных матэрыялаў. Таму трэба на заканадаўчым узроўні вярнуць дзяржаўнае фінансаванне выдаткаў кандыдатаў па вырабу друкаванай агітацыйнай прадукцыі.

Перадвыбарчая агітацыя

Заканадаўства прадугледжвае працягласць перыяду перадвыбарчай агітацыі не больш, як адзін месяц. Такі тэрмін агітацыі абмяжоўвае як кандыдатаў у магчымасці агітацыі, так і грамадзянаў у атрыманні поўнай інфармацыі аб кандыдатах і іх праграмах. Прапаноўваецца павялічыць тэрмін агітацыйнай кампаніі як мінімум да двух месяцаў. Акрамя таго, неабходна гарантаваць суб’ектам, якія размяшчаюць палітычную рэкламу, немагчымасць нясення адказнасці за змест рэкламы, якую прадаставілі кандыдаты ці палітычныя партыі.

Судовае абскарджванне рашэнняў, звязаных з выбарамі

ВК прадугледжвае абмежаваны пералік падставаў для звароту ў судовыя органы. Неабходна прадугледзець магчымасць судовага абскарджання любых рашэнняў выбарчых камісій і іншых дзяржаўных органаў у пытаннях, датычных выбараў. У першую чаргу, неабходна забяспечыць магчымасць судовага абскарджання пастановы ЦВК, якая зацвярджае вынікі выбараў.

Датэрміновае галасаванне

Працэдура датэрміновага галасаваня ў яе сённяшнім выглядзе дазваляе ўладам ажыццяўляць рознага роду маніпуляцыі. У сувязі з гэтым прапаноўваецца разгледзець магчымасць поўнай адмены датэрміновага галасавання. У выпадку, калі датэрміновае галасаванне не будзе адмененае, прапаноўваюцца наступныя змены: увесці крытэрыі, адпаведнасць якім дае выбаршчыку права на датэрміновае галасаванне. Такімі крытэрыямі павінны быць падставы, якія адназначна сведчаць аб немагчымасці для выбаршчыка ўзяць удзел у галасаванні ў дзень выбараў, напрыклад, ад’езд за мяжу, і іншыя дакументальна пацверджаныя доказы. Трэба таксама заканадаўча дэталізаваць працэдуры захавання выбарчых скрыняў падчас датэрміновага галасавання, апячатвання памяшканняў, дзе знаходзіцца выбарчая скрыня. Неабходна забараніць знаходжанне пабочных асобаў, у тым ліку супрацоўнікаў міліцыі, у памяшканнях для галасавання і пакоях, у якіх захоўваюцца выбарчыя скрыні, бюлетэні і іншыя матэрыялы па выбарах. Таксама неабходна прадугледзець права назіральнікаў знаходзіцца ў памяшканнях для галасавання па-за часам працы выбарчых камісій (перапынак на абед, перыяд пасля заканчэння галасавання) у выпадках, калі там застаюцца сябры выбарчых камісій. Забяспечыць усе УВК празрыстымі цэльнымі выбарчымі скрынямі з пластыкавымі стужкамі для апячатвання (з індывідуальным нумарам выбарчага ўчастка).

Галасаванне па месцы знаходжання выбаршчыка

Вызначыць, што правам на галасаванне па месцы знаходжання карыстаюца выбаршчыкі са значнымі пашкоджаннямі здароўя (пацвярджэнне дакументам медычнай установы), што перашкаджаюць яму самастойна з’явіца на ўчастак для галасавання. Трэба замацаваць у ВК, што права на такое галасаванне ўзнікае ў выбаршчыка толькі пасля перадачы ў УВК да дня галасавання пісьмовай заявы аб немагчымасці галасавання на выбарчым участку.

Падлік галасоў       

Існуючая працэдура падліку галасоў не з’яўляецца празрыстай. Адна з асноўных прычын – адсутнасць дэталізацыі працэдуры падліку галасоў у ВК. У сувязі з гэтым трэба заканадаўча замацаваць наступныя прынцыпы працэдуры падліку галасоў: падлік галасоў праводзіцца галосна ў прысутнасці назіральнікаў, якія могуць сачыць за правільнасцю падліку волевыяўлення выбаршчыкаў у кожным бюлетэні (г.зн. бачыць змест кожнага бюлетэня); падлік галасоў праводзіцца адным з сяброў камісіі, які агучвае і дэманструе ўсім сябрам камісіі і назіральнікам кожны бюлетэнь; падлік галасоў ажыццяўляецца асобна па кожнай скрыні для галасавання, вынікі такога асобнага падліку галасоў асобна па кожнай скрыні адлюстроўваюцца ў выніковым пратаколе. Копія выніковага пратаколу, завераная старшынёй і сакратаром камісіі і замацаваная пячаткай, выдаецца назіральніку па яго просьбе. Таксама прапануецца замацаваць права зарэгістраваных у ТВК назіральнікаў і давераных асоб кандытатаў непасрэдна прысутнічаць і назіраць за працэдурамі перадачы выбарчых бюлетэняў і пратаколаў з вынікамі галасавання з участкаў для галасавання ў тэрытарыяльныя камісіі.

Назіранне за выбарамі

У мэтах стварэння большага даверу да выбараў у Беларусі неабходна заканадаўча пашырыць правы назіральнікаў. Назіральнікі павінны мець магчымасць бесперашкодна знаёміцца з матэрыяламі камісіі, якія датычацца яе складу, шляхоў вылучэння сяброў у яе, спісаў выбаршчыкаў, захавання выбарчых бюлетэняў і скрыняў падчас датэрміновага галасавання.

СПІС ПРЫНЯТЫХ СКАРАЧЭННЯЎ

АБСЕ – Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе

Беларускі саюз жанчын – Грамадскае аб’яднанне «Беларускі саюз жанчын»

Белая Русь – Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне «Белая Русь»

БДІПЧ АБСЕ – Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе

БРСМ – Грамадскае аб’яднанне «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі»

БХК – Рэспубліканскае праваабарончае грамадскае аб’яднанне «Беларускі Хельсінкскі камітэт»

ВК – Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь

ГА – грамадская арганізацыя

Каляндарны план – Каляндарны план арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

ПАСЕ – Парламенцкая Савета Еўропы

ПАСНД – Парламенцкая Асамблея Садружнасці Незалежных Дзяржаў      

ППНС – Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь

Рух «За Свабоду» – Праваабаронча-асветніцкае грамадскае аб’яднанне Рух «За Свабоду»

СНД – Саюз незалежных дзяржаў

ТВК – тэрытарыяльная выбарчая камісія

УВК – участковая выбарчая камісія

ЦВК/Цэнтральная камісія – Цэнтральная камісія Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў.

Файлы

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international