Справаздача па выніках маніторынгу масавага мерапрыемства 11 кастрычніка ў Менску

2015 2015-10-12T14:56:00+0300 2015-10-12T13:08:39+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/shescie-minsk-11.10.2015a.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Высновы

Сход і дэманстрацыя 11 кастрычніка 2015 года ў Менску насіла мірны характар. Адсутнасць заяўкі на правядзенне масавага мерапрыемства, як таго патрабуе закон, не з’яўляецца нагодай для абмежавання свабоды мірных сходаў. Асобна варта адзначыць стыхійны характар акцыі і немагчымасць вызначыць арганізатараў.

Асноўнымі негатыўнымі з’явамі застаецца наяўнасць вялікай колькасці неабазначаных супрацоўнікаў міліцыі, складанне пратакола аб адміністрацыйным правапарушэнні на непаўналетняга Ягора Скрабнеўскага за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, выкарыстанне маршрутнага таксі як месца складання пратакола. Таксама адзначаем пагрозы з боку мясцовых уладаў у бок удзельніка пра ўжыванне непрапарцыйнай фізічнай сілы ў выпадку адмовы разысціся праз гукаўзмацняльную машыну ў публічным месцы з вялікім экранам, які трансліруе апошнія навіны па падзеях у краіне.

Назіральнікі адзначылі шэраг станоўчых фактараў: супрацоўнік міліцыі ў форме ішоў на камунікацыю з назіральнікамі і прапаноўваў звярнуцца да яго ў выпадку неабходнасці, а таксама наяўнасць хуткай дапамогі недалёка ад месца правядзення мерапрыемства.

Метадалогія маніторынгу

РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт” і Праваабарончы цэнтр “Вясна” цягам некалькіх гадоў праводзяць сістэматычнае назіранне за масавымі мерапрыемствамі ў Мінску на падставе распрацаванай метадалогіі  маніторынгу, якая ўключае ў сябе: набор і навучанне назіральнікаў прынцыпам грамадскага кантролю, стандартам мірных сходаў  і метадалогіі назірання; запаўненне анкеты назірання падчас вочнага кантролю; апрацоўка анкет і напісанне маніторынгавай справаздачы. Анкеты назірання за масавымі мерапрыемствамі сумесна распрацаваныя праваабарончымі арганізацыямі і ўключаюць пытанні па магчымасці выканання функцыяў назіральнікаў і СМІ, адносна паводзінаў арганізатараў і ўдзельнікаў масавага мерапрыемства, супрацоўнікаў міліцыі, а таксама наяўнасць хуткай дапамогі. Назіральнікі дапускаюцца да назірання толькі ў выпадку згоды на выкананне правілаў і прынцыпаў назірання (незалежнасць і палітычная нейтральнасць; апісанне фактаў, а не меркаванняў; неўмяшанне ў падзею, за якой назіраюць; прыхільнасць да прынцыпаў права: адмова ад любых формаў гвалтоўных дзеянняў і дыскрымінацыйных практык; карэктныя паводзіны). Падчас выконвання сваіх абавязкаў назіральнікі трымаюцца адасобна ад удзельнікаў. Яны абазначаныя бэйджам назіральніка і сінімі камізэлькамі.

Папярэдняя інфармацыя

Падчас дэманстрацыі 10 кастрычніка 2015 года ў Мінску палітыкі публічна адмовіліся ад акцыі ў дзень прэзідэнцкіх выбараў 11 кастрычніка, але ў сацыяльнай сетцы “В контакте” адбыліся заклікі праз тэматычную суполку прыйсці на Кастрычніцкую плошчу а 20 гадзіне.

Падчас правядзення масавага мерапрыемства 11 кастрычніка 2015 года вочна і бесперапынна ажыццяўлялі грамадскі кантроль 11 назіральнікаў з бэйджамі назіральнікаў РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт” і сінімі камізэлькамі з надпісам “#controlBY”, якія прайшлі адпаведнае навучанне і былі абазначаныя належным чынам. Таксама ў назіранні прымалі ўдзел 6 замежных назіральнікаў ў жоўтых камізэльках з надпісам “Наблюдатель” і з пасведчаннямі міжнародных назіральнікаў.

Ход масавага мерапрыемства

  1. Каля 20 гадзінаў на Кастрычніцкай плошчы злева ад нулявога кіламетру пачалі ўздымацца першыя сцягі ўдзельнікаў акцыі, з’явіліся 2 расцяжкі, удзельнікі запалілі фаеры, крычалі лозунгі, грала музыка з перанаснога дынаміка. 

    У 20:06 на праспекце Незалежнасці насупраць групы ўдзельнікаў з’явілася грузавая машына з гукаўзмацняльнай тэхнікаў, развярнулася ў недазволеным месцы і на абедзвюх дзяржаўных мовах папярэдзіла, што “мерапрыемства несанкцыянаванае, просьба разысціся, інакш будуць несці адказнасць”. У цэнтры плошчы ўдзельнікі паклалі сцяг СССР і аўтамат, раздавалі улёткі выбарчай тэматыкі. Удзельнікі крычалі лозунгі, уключалі песні, слухалі навіны з экрана на плошчы, рабілі кароткія прамовы. Каля 20:49 зноў машына з мегафонамі  папярэдзіла ўдзельнікаў акцыі пра магчымасць ужывання фізічнай сілы, спецсродкаў і адказнасці ў выпадку адмовы разысціся.
    У 21:05 натоўп па закліку невядомых рушыў у бок Чырвонага касцёла па ходніках праспекта Незалежнасці. Большая частка ўдзельнікаў пераходзіла дарогу толькі на зялёны колер святлафору і па падземных пераходах, частка ішла следам і на чырвоны колер. Каля 21:25 удзельнікі бесперашкодна дайшлі да касцёла, іх суправаджалі супрацоўнікі міліцыі ў цывільнай вопратцы. Пачалася малітва, прамовы. Каля 21:40 пад уваходам у касцёл з’явіўся маладзён, загорнуты ў расійскі сцяг, які агрэсіўна рэагаваў на заўвагі ўдзельніка, спрабаваў завязаць бойку, але ў выніку сышоў па прыступках і пабег у бок гатэля Мінск. У гэты час частка людзей разышлася, астатнія заставаліся пад прыступкамі касцёла. Каля 22:07 да хлапца, што трымаў адзіны на той момант сцяг на флагштоку, падышлі 2 супрацоўнікі міліцыі ў форме (адзін меў на сабе камеру гоў-про), пачалі складаць пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Хлапца адвялі да правага ўваходу ў касцёл, дзе чакаў рэйсавы мікрааўтобус. Там на яго склалі пратакол і выпусцілі. 

    Натоўп канчаткова разышоўся каля 23 гадзін.

  2. Колькасць удзельнікаў дэманстрацыі складала ад 50 чалавек на пачатку мерапрыемства да 200 падчас шэсця і пад Чырвоным касцёлам.
  3. Колькасць супрацоўнікаў было складана вызначыць праз адсутнасць апазнавальных знакаў на значнай частцы супрацоўнікаў. Так супрацоўнікаў ДАІ/ДПС было 2 чалавекі, у форме з надпісам “Міліцыя” – 4 чалавекі, было зафіксавана каля 50 чалавек у цывільнай вопратцы з адметнымі прыкметамі (навушнікі, рацыі). Усё кіраўніцтва ГУУС Мінгарвыканкама і РУУСаў было ў цывільнай вопратцы без апазнавальных знакаў.

  4. На Кастрычніцкай плошчы адзін з супрацоўнікаў міліцыі ў форме ветліва размаўляў з назіральнікамі і дазволіў звяртацца да яго ў выпадку неабходнасці па пытаннях аховы грамадскага парадку падчас мерапрыемства.
  5. У працы назіральнікаў не адзначаныя інцыдэнты.
  6. Арганізатары масавага мерапрыемства не былі абазначаныя, іх было немагчыма вызначыць праз стыхійнасць акцыі, дружына адсутнічала.
  7. Заклікаў да гвалтоўных дзеянняў з боку ўдзельнікаў не зафіксавана.
  8. Удзельнікі выкарыстоўвалі наступныя плакаты і транспаранты: расцяжкі “Байкот дыктатуры/Byocott of the the dictatorship” і “Лукашэшка сыходзь!”, плакат "Тыран, Беларусь разрывает контракт с тобой". 
  9. Выкарыстоўвалася наступная сімволіка: бела-чырвона-белыя сцягі, сцяг такі ж з Пагоняй, сцягі Еўрапейскай Беларусі, украінскія і расійскі сцяг на плячах.
  10. Ужываліся лозунгі: “Жыве Беларусь”, “Слава Ўкраіне – героям слава”, "Радзіма, свабода – далой Луку-ўроду", "Пора менять лысую резіну!", Лукашэнка сыходзь!”, спяваўся рэлігійны гімн “Магутны Божа”.
  11. Удзельнікі выкарыстоўвалі 4 разы фаеры і феерверк.
  12. Назіральнікам паступіла інфармацыя пра затрыманне аднаго з аўтааматараў, што падаў гукавы сігнал у падтрымку ўдзельнікаў акцыі. Фармальная прычына – падазрэнне ў крадзежы знойдзенага пры даглядзе машыны 5 пакункаў соку ў багажніку.
  13. Назіральнікі зафіксавалі машыну хуткай дапамогі справа ад Палаца Рэспублікі.

Рэкамендацыі

Арганізатарам праблемна выказаць рэкамендацыі ў сувязі з немагчымасцю іх вызначыць як такіх.

Удзельнікам рэкамендуецца выкарыстоўваць фаеры з усімі мерамі бяспекі і папярэджання ўзгарання.

Супрацоўнікам праваахоўных органаў:

1) Ажыццяўляць ахову грамадскага парадку падчас масавых мерапрыемстваў у форменнай вопратцы, а таксама быць пазначанымі ідэнтыфікацыйнымі карткамі (бэйджамі ці нагруднымі знакамі);

2) Больш яскрава вызначыць кантактную асобу з ліку супрацоўнікаў міліцыі для камунікацыі з назіральнікамі і СМІ;

3) Не запужваць удзельнікаў мірных акцый ужываннем у дачыненне да іх фізічнай сілы і спецыяльных сродкаў;

4) Спыніць практыку складання пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях у дачыненні ўдзельнікаў мірных сходаў.

Суб’ектам, якія валодаюць правам заканадаўчай ініцыятывы:

Ініцыяваць змены ў беларускае заканадаўства з мэтай прывядзення яго ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне свабоды мірных сходаў, асабліва звярнуць увагу на рэгуляванне стыхійных сходаў.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international