«Карусельшчыкі», якім плацілі за выбары, зьбілі назіральніка і спрабавалі забраць у яго ноўтбук

2015 2015-10-10T22:28:47+0300 2015-10-21T12:55:48+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/kazlou.jpg
Мікалай Казлоў

Мікалай Казлоў

Падчас датэрміновага галасаваньня на выбарчым участку № 24 Менску назіральнікі зафіксавалі двух «карусельшчыкаў» і ўбачылі, як ім плацілі грошы за фіктыўны ўдзел увыбарах. На назіральніка ад АГП Мікалая Казлова, які пачаў перасьлед «карусельшыкаў», на вуліцы Багдановіча напалі і спрабавалі адабраць у яго ноўтбук. Назіральнік выклікаў міліцыю і патрабуе завядзеньня крымінальнай справы.

Мікалай Казлоў распавёў карэспандэнту Свабоды, што зь ім адбывалася на 24 участку 10 кастрычніка.

 «Да 12 гадзінаў нібыта было ўсё нармальна, ішло звычайнае датэрміновае галасаваньне — то бок людзі пакрыху падыходзяць, галасуюць. І тут маю ўвагу прыцягнуў адзін выбарца сталага веку — на ім быў капялюш яўна не ягонага памеру і паводзіў ён сябе на участку неяк няўпэўнена. Але зарэгістраваўся, кінуў бюлетэнь. На выхадзе я падышоў да яго і папрасіў паказаць дакумэнты, а міліцыянта, які дзяжурыць на участку, папрасіў іх праверыць. Ці сапраўды ён тут жыве і мае права тут галасаваць? Але міліцыянт і супрацоўнікі выбарчай камісіі адмовіліся правяраць, сказалі, што на гэта ў іх няма права. Той чалавек адразу сышоў, а я пайшоў за ім. На вуліцы Багдановіча ўбачыў, што ён далучыўся да кампаніі такіх жа як ён людзей сталага веку, недзе іх было 4-5, у тым ліку жанчына. Я пайшоў за імі і пазьней убачыў, як ужо другая жанчына, маладзейшая, дае ім грошы — тым, якія ўжо прагаласавалі. Пачаў здымаць іх праз ноўтбук і тады два зь іх на мяне накінуліся, ударылі па нагах, спрабавалі адабраць ноўтбук. Цяпер я знаходжуся на выбарчым участку, выклікаў сюды апэратыўна-сьледчую групу і чакаю, калі прыедуць. Хачу хадайнічаць, каб завялі крымінальную справу на „карусельшчыкаў“ за напад і за тое, што яны ўдзельнічалі ў фальшаваньні выбараў. Цяпер я дакладна ведаю, што ім плацяць за гэта грошы і падазраю, што супрацоўнікі выбарчай камісіі могуць у гэтым удзельнічаць», — сказаў Мікалай Казлоў.

Паводле Мікалая Казлова, два дні таму на выбарчы ўчастак № 24 ужо прыходзілі 6 «карусельшчыкаў», але прагаласаваць ім не ўдалося . «Ім, відаць, падалі сыгнал, што тут назіральнікі, і яны сышлі. На вуліцы я засьняў іх твары на відэа, яно выкладзенае на сайце АГП — „карусельшчыкаў“ можна вызначыць. Між тым ў камісіі на мяне за гэта склалі пратакол, што нібыта перашкаджаю выбарцам. Магчыма, камісія захоча пазбавіць мяне акрэдытацыі назіральніка», — распавядаў Мікалай Казлоў 9 кастрычніка.

Мікалай Казлоў — актывіст АГП, былы падпалкоўнік міліцыі, які на парлямэнцкіх выбарах 2008 году выкрыў укідваньне фальшывых бюлетэняў падчас датэрміновага галасаваньня, пасьля чаго быў звольнены з міліцыі.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international