У вырашэнні праблемы смяротнай кары ў Беларусі важная міжнародная салідарнасць (відэа)

2015 2015-10-09T17:56:37+0300 2015-10-09T20:23:41+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/img_28871.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Андрэй Палуда і Валянцін Стэфановіч падчас прэс-канферэнцыі кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”

Андрэй Палуда і Валянцін Стэфановіч падчас прэс-канферэнцыі кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”

9 кастрычніка ў Мінску праваабаронцы зладзілі прэс-канферэнцыю, прымеркаваную да Сусветнага дня барацьбы супраць смяротнага пакарання.

У мерапрыемстве ўзялі ўдзел каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда, прадстаўнікі ПЦ “Вясна” Алесь Бяляцкі і Валянцін Стэфановіч, Любоў Кавалёва, маці расстралянага ў 2012 годзе Уладзіслава Кавалёва і юрыст Беларускага Хельсінкскага камітэта Гары Паганяйла.  
Сярод ганаровых гасцей прысутнічалі прадстаўнікі амбасадаў Вялікабрытаніі, Чэхіі і Італіі.

Валянцін Стэфановіч распавёў прысутным пра сусветныя тэндэнцыі адносна смяротнага пакарання. На сёняшні дзень 98 краін адмянілі смяротнае пакаранне на заканадаўчым узроўні. Разам з тымі краінамі, якія не выкарыстоўваюць гэты від пакарання на практыцы ў звязку з мараторыем, колькасць такіх краін складае 140 са 192.

“У 2014 годзе Amnesty International адзначае скарачэнне колькасці смяротных прысудаў у свеце на 22 адсоткі ў параўнанні з 2013 годам. Што тычыцца постсавецкай прасторы, то па стане на 2009 год смяротнае пакаранне на ўзроўні заканадаўства ўжо было адмененае ў такіх краінах, як Арменія, Азербайджан, Грузія, Кыргызстан, Малдова, Туркменістан, Украіна і Узбекістан. Таджыкістан, Расія і Казахстан увялі мараторый на выкананне смяротнага пакарання.
У свеце фактычна ёсць цэлыя кантыненты, вольныя ад выкарыстання смяротнага пакарання: Еўрапейскі кантынент – за выключэннем Беларусі, Цэнтральная і Паўднёвая Амерыка. Што тычыцца гэтага рэгіёна, то адзіная краіна, дзе захоўваецца смяротнае пакаранне – ЗША, але і там адзначаецца зніжэнне колькасці смяротных караў і на сёняшні дзень 18 штатаў з 50 адмянілі вышэйшую меру. Я спадзяюся, і Беларусь далучыцца да тых краінаў, якія адмовіліся ад такога бесчалавечнага віда абыходжання са сваімі грамадзянамі”.

На прэс-канферэнцыі была закранута і тэма міжнародных абавязацельстваў Беларусі, якія дзяржава актыўна ігнаруе. Праваабаронца Андрэй Палуда звярнуў увагу на непрыкрыты цынізм дзяржавы адносна праблемы смяротнай кары.

“Пры разглядзе ў Камітэце па правах чалавека ААН зваротаў ад грамадзян, у дачыненні да якіх вынесены смяротны прысуд, дзяржава не мае права, згодна з дамоўленасцямі, прыводзіць гэты прысуд у сілу. Але такая практыка існуе. Міжнародныя нормы не спыняюць расстрэльны механізм. Беларусь не інфармуе сваіх грамадзян аб парушэнні правоў і рашэннях КПЧ. Часта сваякам расстараляных прыходзіцца самім змагацца і даводзіць гэтую інфармацыю да чыноўнікаў і насельніцтва”.

Сваім досведам з прысутнымі падзялілася маці забітага паводле смяротнага прысуда Уладзіслава Кавалёва. Жанчына распавяла, што вымушаная была сама вырабляць і распаўсюджваць сярод афіцыйных асобаў рашэнне Камітэта па правах чалавека ААН з пералікам парушэнняў падчас разгляду справы яе сына.

“Гэтыя ўлёткі мы распаўсюджвалі сярод судоў, юрыстаў, мясцовых пракуратур. Часам некаторыя суддзі нават праяўлялі цікаўнасць да гэтай тэмы. Адзіная структура, якая не хацела ісці з намі на кантакт – гэта КДБ, адтуль нашыя ўлёткі вярнулі назад”, - распавяла Любоў Кавалёва.

Юрыст і праваабаронца Гары Паганяйла падчас свайго выступу засяродзіўся на тэме зніклых апанентаў улады і смяротнай кары, якая была здзейсненая ў пазасудовым парадку.

“Чаму рэжым трымаецца за гэтую меру пакарання? Выпадкі гвалтоўных знікненняў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Дзмітрыя Завадскага ўпэўнілі нас у тым, што дзяржава ў дачыненні да гэтых асобаў зрабіла пазасудовыя пакаранні смерцю. І адна з прычын, чаму дзяржава так трымаецца за смяротнае пакаранне – з яго наяўнасцю яна  можа забіваць сваіх грамадзян як паводле закону, так і па-за яго рамкамі”.

У 2014 годзе прадстаўнікамі еўрапейскіх амбасадаў у Мінску была створана працоўная група па пытанні смяротнага пакарання ў Беларусі. Намеснік кіраўніка дыпламатычнай місіі Вялікабрытаніі Дэвід Спаерз, адзін з ініцыятараў стварэння групы, распавёў пра важнасць міжнароднай салідарнасці ў вырашэнні пытання смяротнай кары ў Беларусі і заклікаў далучыцца да працы групы.

“На сённяшні дзень група ўключае 14 сябраў. Гэта не толькі прадстаўнікі амбасадаў, гэта таксама і прадстаўнікі міжнародных арганізацый, да прыкладу Савета Еўропы, а таксама рэлігійных супольнасцей. Найперш, мэтай групы з’яўляецца асэнсаванне ўсёй цяжкасці пытання смяротнага пакарання ў Беларусі і вывучэнне прававога аспекта. Другая вялікая частка нашай дзейнасці – прадастаўленне дапамогі тым, хто працуе на карысць адмены смяротнай кары ў Беларусі. Гэта і праваабаронцы, і грамадскія актывісты, і прыватныя асобы. Мы гатовыя размаўляць з усімі, хто працуе ў гэтай сферы і абменьвацца вопытам”.

Падчас прэс-канферэнцыі адбылася прэзентацыя дакументальнай кнігі “Смяротнае пакаранне ў Беларусі”, а таксама анімацыйнага роліка “Аловак і гумка”, які дапамагае асэнсаваць важнасць такіх крокаў грамадзянскай салідарнасці як падпісанне петыцыі за адмену смяротнай кары.

Нагадаем, 10 кастрычніка адзначаецца Сусветны дзень барацьбы супраць смяротнага пакарання. З гэтай нагоды праваабаронцы з 5 па 10 кастрычніка праводзяць штогадовы інфармацыйна-асветніцкі Тыдзень супраць смяротнага пакарання ў Беларусі, да якога сёлета далучыліся прыхільнікі абаліцыянісцкага руху ў Літве, Польшчы, Украіне, Казахстане. Праваабарончы цэнтр “Вясна” і кампанія “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” заклікаюць усіх далучацца да гэтай акцыі праз падпісанне петыцыі за адмену смяротнага пакарання ў Беларусі.

прэс-канферэнцыя кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі
прэс-канферэнцыя кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі
Намеснік кіраўніка дыпламатычнай місіі Вялікабрытаніі Дэвід Спаерз

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international