Справаздача па выніках маніторынгу “Народнага сходу” ў Менску 4 кастрычніка (+відэа)

2015 2015-10-05T07:49:27+0300 2016-07-25T12:26:11+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/control_by-04.10.2015.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
"Народны сход" у Мінску 4 кастрычніка 2015

"Народны сход" у Мінску 4 кастрычніка 2015

Высновы

4 кастрычніка 2015 года ў Менску на плошчы Свабоды адбыўся “Народны сход” па тэме будаўніцтва расейскай вайсковай базы ў Беларусі.

Масавае мерапрыемства насіла мірны характар. Адсутнасць заяўкі на яго правядзенне, як таго патрабуе закон, не з’яўляецца нагодай для абмежавання свабоды мірных сходаў. Факт складання на выступоўцаў на сходзе Мікалая Статкевіча, Анатоля Лябедзьку, Уладзіміра Някляева, Алеся Меха і Аляксея Марачкіна пратаколаў аб адміністратыўным правапарушэнні можна расцэньваць як умяшанне ў ход масавага мерапрыемства з боку супрацоўнікаў міліцыі, хоць варта адзначыць станоўчую практыку складання пратакола на месцы - без фізічнага затрымання асобы, у дачыненні да якой вядзецца адміністратыўны працэс. Таксама не зразумела, чаму ў часткі выступоўцаў перапісалі асабістыя дадзеныя (Максіма Вінярскага).

У выніку назірання былі зафіксаваныя наступныя негатыўныя з’явы:

  • супрацоўнікі міліцыі не абазначаныя належным чынам, іх немагчыма ідэнтыфікаваць, то бок не выконваюцца пазітыўныя абавязкі з боку ўладаў па ахове мірных сходаў, бо ў выпадку канфліктных сітуацый не зразумела, да каго звяртацца;
  • факт расцэньвання мірнага сходу як адміністратыўнага правапарушэння з’яўляецца формай рэпрэсіўнага пераследу за ўдзел у мірным сходзе, што не адпавядае міжнародна-прававым стандартам свабоды сходаў;
  • супрацоўнікі міліцыі адмаўляюцца камунікаваць з назіральнікамі, раяць усе пытанні задаваць у пісьмовай форме прэс-службе, праблемай з’яўляецца адсутнасць прадстаўніка прэс-службы на месцы правядзення сходу.

Папярэдняя інфармацыя

Падчас сходу 23 верасня 2015 году арганізатары запрасілі на сход 4 кастрычніка для выказвання пратэсту супраць будаўніцтва расейскай вайсковай базы ў Беларусі. Тэматычныя навіны пра падпісанне палітыкамі такой заявы і заклік далучыцца да сходу быў распаўсюджаны праз сродкі масавай інфармацыі.

Падчас правядзення масавага мерапрыемства 4 кастрычніка 2015 года вочна і бесперапынна ажыццяўлялі грамадскі кантроль 8 назіральнікаў, якія прайшлі адпаведнае навучанне і былі абазначаныя належным чынам (бэйджамі і сінімі камізэлькамі).

Ход масавага мерапрыемства

  1. Першапачаткова людзі збіраліся за будынкам гарадской ратушы, каля 17:00 перамясціліся пад уваход. Прысутныя разгарнулі сцягі, плакаты, выступоўцы па чарзе выказваліся ў ручны мегафон. Праз 15 хвілін ад пачатку сходу трое супрацоўнікаў міліцыі ў форме, з нагруднымі знакамі і падрыхтаванымі шаблонамі пратаколаў, пачалі запытваць асабістыя дадзеныя выступоўцаў і дапісваць у пратаколы аб адміністратыўным правапарушэнні. Яны прысутнічалі на пляцоўцы з выступоўцамі да канца мерапрыемства. Натоўп удзельнікаў паўтараў за выступоўцамі лозунгі, людзі спявалі песні.
  2. Паводле прыблізных падлікаў, колькасць удзельнікаў ад 150 чалавек на пачатку мерапрыемства павялічылася да 470 чалавек.
  3. Колькасць супрацоўнікаў міліцыі вызначыць было складана праз адсутнасць апазнавальных знакаў на пераважнай частцы супрацоўнікаў. Так, супрацоўнікаў ДПС было 2 чалавекі, у форме з надпісам “Міліцыя” – 3 чалавекі, каля 25 – у грамадзянскай вопратцы з адметнымі прыкметамі (навушнікі, рацыі). Усё кіраўніцтва ГУУС Менгарвыканкаму і РУУСаў было ў грамадзянскай вопратцы без апазнавальных знакаў.  

  4. Былі заўважаны блакітны мікра-аўтобус з камерамі на даху, каля Грузінскай амбасады - аўтобус з супрацоўнікамі міліцыі ў штацкай вопратцы, у дварах – яшчэ адзін аўтобус і аўтазак. У апошнім былі заўважаныя супрацоўнікі ў форме з надпісам “АМАП”.

  5. Пры складанні пратаколаў супрацоўнікі міліцыі не тлумачылі правы і абавязкі асобам, у дачыненні да якіх вядзецца адміністратыўны працэс, не тлумачылася і сутнасць правапарушэння.
  6. Перашкоды з патрапленнем на месца збору адсутнічалі. Адсутнічалі перашкоды для працы СМІ і назіральнікаў, толькі пры камунікацыі з супрацоўнікамі міліцыі адзін з іх спрабаваў давесці незаконнасць назірання.
  7. Арганізатары сходу абазначаныя не былі.
  8. Заклікаў да гвалтоўных дзеянняў з боку ўдзельнікаў не зафіксавана.
  9. Удзельнікі выкарыстоўвалі цішоткі з надпісамі “Я супраць расейскіх вайсковых баз!” и “ПТН ПНХ з Беларусі”, плакаты “Российская военная база делает нас мишенью. Нет баз – нет войны”, “Засуньте в ж..у свои базы”, “Rоssians go home”, “Расейскія вайсковыя базы – гэта акупацыя краіны”, “Нам трэба мірнае неба”, расцяжка “За дзяржаўнасць і незалежнасць”, “Не расейскай ваеннай базе ў Беларусі. Не рэжыму залежнасці ад Расеі”, некалькі тэматычных малюнкаў з выявай Пуціна і расейскага сцягу, надпісам “Валите домой”.
  10. Выкарыстоўвалася наступная сімволіка: бела-чырвона-белыя сцягі, сцягі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, кампаніі “Еўрапейская Беларусь”, сцягі “Маладога Фронту” - на флагштоку, сцягі Украіны.
  11. Ужываліся лозунгі: “Жыве Беларусь”, “Слава нацыі”, “Расея - гэта вайна”, “Ганьба”,  “Божа, барані Беларусь”, “Незалежнасць”, “Мікола”, “Свабоду палітвязням”.
  12. Адбыліся выступы ў мегафон Мікалая Статкевіча, Уладзіміра Някляева, Анатоля Лябедзькі, Вячаслава Сіўчыка, Аляксея Марачкіна, Алеся Меха.
  13. Назіральнік спрабаваў запытаць у супрацоўнікаў міліцыі ў форме колькасць яго калегаў, што ахоўваюць сход, але яны пагадзіліся толькі прадставіцца і параілі звярнуцца пісьмова ў прэс-службу ГУУС Менгарвынкаму. Ніякай інфармацыі не атрымалі і ад супрацоўніка ГУУСа Максіма Грышчанкі, што прысутнічаў у штацкай вопратцы.
  14. Патрабаванняў да ўдзельнікаў з боку арганізатараў не паступала.
  15. Падчас масавага мерапрыемства супрацоўнікі міліцыі не ўжывалі фізічную сілу.
  16. Назіральнікі не зафіксавалі машын хуткай дапамогі.
  17. Людзі пачалі разыходзіцца з месца сходу каля 18:05.

Рэкамендацыі

Супрацоўнікам праваахоўных органаў:

1) ажыццяўляць ахову грамадскага парадку падчас масавых мерапрыемстваў у форменнай вопратцы, а таксама быць пазначанымі ідэнтыфікацыйнымі карткамі (бэйджамі ці нагруднымі знакамі);

2) абазначаць кантактную асобу з ліку супрацоўнікаў міліцыі для камунікацыі з назіральнікамі, СМІ і арганізатарамі масавага мерапрыемства;

3) спыніць адміністратыўны працэс у дачыненні да выступоўцаў у сувязі з рэалізацыяй імі права на свабоду сходаў, гарантаванага артыкулам 35 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкуламі 19 і 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах і іншымі міжнароднымі дакументамі ў галіне правоў чалавека.

Суб’ектам, якія валодаюць правам заканадаўчай ініцыятывы:

4) ініцыяваць змены ў беларускае заканадаўства з мэтай прывядзення яго ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне свабоды мірных сходаў.

"Народны сход" у Мінску 4 кастрычніка 2015

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international