У Магілёве з выбаршчыкамі сустрэліся Караткевіч і Улаховіч. Лукашэнка і Гайдукевіч накіроўвалі сваіх давераных асоб

2015 2015-10-05T01:50:55+0300 2015-10-05T01:50:55+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/vybary-prez-2015.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Цягам агітацыйнай кампаніі да абласнога цэнтра здолелі даехаць Мікалай Улаховіч і вылучэнка ад кампаніі “Гавары праўду” Таццяна Караткевіч. Сяргей Гайдукевіч, як і Аляксандр Лукашэнка, у Магілёве так і не з’явіліся.

Першая сустрэча з даверанай асобай Аляксандра Лукашэнкі – старшынёй Магілёўскага аблвыканкама Уладзімірам Даманеўскім адбылася 21 верасня ў памяшканні дома культуры філіяла ААТ “Белаз” – упраўляючая кампанія холдынга “Белаз – Холдынг” у Магілёве – Магілёўскі аўтамабільны завод ім. Кірава. У сустрэчы прыняла ўдзел каля 200 чалавек.

Затым абласны цэнтр наведала кандыдатка ў прэзідэнты ад “Гавары праўду” Таццяна Караткевіч. Яе сустрэча адбылася 25 верасня ў сярэдняй школе №41. На сустрэчу ў актавую залу школы прыйшло каля 40 чалавек, у тым ліку супрацоўнікі спецслужбаў і сябры выбарчай камісіі. Папярэдне ў мікрарёне былі расклеены абвесткі аб маючай адбыцца сустрэчы. Прысутным кандыдат распавяла пра сваю выбарчую праграму, а таксама адказала на пытанні выбаршчыкаў.

Другім кандыдатам, які наведаў Магілёў, стаў Мікалай Улаховіч, які правёў сваю сустрэчу ў Магілёўскім гандлёвым каледжы спажывецкай кааперацыі, а таксама сустрэўся з работнікамі аблспажывецсаюза. Мяркуючы па фотаздымках з дзяржаўных газет, у каледжы на сустрэчы з кандыдатам было больш за 100 чалавек. Сустрэча з выбаршчыкамі адбывалася 1 кастрычніка і пераважна ў закрытым рэжыме.

Сустрэча з давернай асобай Аляксандра Лукашэнкі Ірынай Акуловіч, якая з’яўляецца дэрэктаркай Тэлерадыёкампаніі “Магілёў”, адбылася 1 кастрычніка ў актавай зале “Будаўнічага трэста №17”. На сустрэчы прысутнічала каля 100 чалавек. Адметна тое, што побач з Акудовіч у прэзідыуме сядзеў старшыня Кастрычніцкай раённай выбарчай камісіі Кажамякін. Нічога падобнага на сустрэчах з іншымі кандыдатамі не было.  

2 кастрычніка Магілёў мусіў наведаць яшчэ адзін кандыдат у прэзідэнты Сяргей Гайдукевіч. Яго чакалі ў памяшканні “Будаўнічага трэста №17”, а таксама ў сярэдняй школе №21, аднак перад сабраўшыміся выбаршчыкамі у першым выпадку ў колькасці 14, а ў другім 9 чалавек, прыйшлося выступаць мясцовым лідарам яго партыі Уладзіміру Ефімовічу і Дзмітрыю Яўстратаву. На сустрэчу ў будаўнічы трэст завіталі таксама журналісты, сябры выбарчай камісіі, а таксама назіральнікі ад АБСЕ. Такім чынам, жадаючых з ліку выбаршчыкаў паслухаць кандыдата, чыя давераная асоба на тэледэбатах заявіла пра 50-тысячны склад партыі, прыйшло ўсяго некалькі чалавек.  

Праваабаронца Барыс Бухель, падсумоўваючы вынікі сустрэч кандыдатаў у прэзідэнты, а таксама іх давераных асоб з выбаршчыкамі зазначыў наступнае:

-          Маё рэзюме такое – гэтыя выбары для гараджан нецікавыя. Пра гэта сведчыць малая колькасць грамадзян, якія збіраліся ў падтрымку Караткевіч і Гайдукевіча. Улаховіч жа сустракаўся з працоўнымі калектывамі падначаленых яму арганізацый, таму сабраць людзей для сустрэчы з ім не выклікала вялікіх цяжкасцяў.

Барыс Бухель таксама адзначае, што на сустрэчы з даверанымі асобамі Лукашэнкі было бачна, што людзей сабралі з выкарыстаннем адміністрацыйнага рэсурсу, бо яны фактычна не задавалі ніякіх пытанняў і адразу пасля сходу разбягаліся ў імгненне вока.

Нагадаем, што выбары адбудуцца 11 кастрычніка. У спісе прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта чатыры прозвішчы – Аляксандр Лукашэнка, Сяргей Гайдукевіч, Мікалай Улаховіч і Таццяна Караткевіч.  

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

r

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international