viasna on patreon

Праваабаронцы пра смяротнае пакаранне: “Забойства - гэта не правасуддзе” (аўдыё)

2015 2015-10-05T00:22:32+0300 2015-10-05T10:55:56+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dpweek-2015.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

5 кастрычніка распачынаецца традыцыйны Тыдзень супраць смяротнага пакарання, мерапрыемствы якога будуць праходзіць пад слоганам “Забойства – гэта не правасуддзе”. Жорсткасць і бесчалавечнасць гэтай меры пакарання сімвалізуе роба смяротніка, якую дасылаюць сваякам расстраляных замест іх асабістых рэчаў.

Каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда распавёў, што праз выкарыстанне гэтай робы на плакатах Тыдня актывісты кампаніі заклікаюць грамадства задумацца над тым, што стаіць па розныя бакі смяротнага прысуду – пакуты сваякоў расстраляных і цынізм дзяржавы.

“Да кожнага Тыдня супраць смяротнага пакарання мы рыхтуем адмысловы плакат. У гэтым годзе мы выкарысталі форму Аляксандра Грунова, якую ягонай маці даслалі пасля расстрэлу - на нашыя патрабаванні аб выдачы асабістых рэчаў асобаў, якія былі прыгавораныя да смяротнага пакарання. Замест асабістых рэчаў (дзённікаў, адзення) дзяржава даслала казённую робу. Гэта выклікала сур’ёзны стрэс у маці Аляксандра Грунова, якая захавала дасланыя ёй  рэчы і перадала кампаніі супраць смяротнага пакарання. Такую ж робу даслалі і маці Паўла Селюна. Жанчына вельмі цяжка і эмацыйна перажывала такі цынізм з боку дзяржавы і спаліла форму”.

Тыдзень супраць смяротнага пакарання, які працягнецца з 5 па 10 кастрычніка, ладзіцца ў Беларусі трэці год запар. Сёлета геаграфія інфармацыйна-асветніцкіх мерапрыемстваў пашырылася за межы краіны: беларускіх праваабаронцаў падтрымалі калегі і прыхільнікі абаліцыянісцкага руху ў Літве, Польшчы, Украіне, Казахстане. Праваабарончы цэнтр “Вясна” і кампанія “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” запрашаюць ўсіх ахвотных далучацца да гэтай акцыі і актыўна скарыстоўваць у сваіх мерапрыемствах плакаты, распрацаваныя адмыслова для Тыдня.

Спампаваць плакаты розных памераў можна па гэтай спасылцы

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства