viasna on patreon

На Магілёўшчыне найбольшую актыўнасць дэманструюць прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі

2015 2015-10-02T08:47:00+0300 2015-10-03T08:51:08+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/glusk-agit-lukashenka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Магілёўскай вобласці працягваецца перыяд перадвыбарчай агітацыі за кандыдатаў на пасады прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Пакуль значную актыўнасць у раёнах вобласці дэманструюць у асноўным толькі прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі.

Давераныя асобы кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі праводзяць сустрэчы з выбаршчыкамі практычна ва ўсіх раёнах вобласці. На інтэрнэт-сайтах райвыканкамаў і раённых газет Магілёўшчыны рэгулярна паведамляецца аб сустрэчах з выбаршчыкамі давераных асоб Лукашэнкі - старшыні Магілёўскага аблвыканкама Уладзіміра Даманеўскага, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Таццяны Кананчук, генеральнага дырэктара РУП “Магілёўэнерга” Канстанціна Пуціла і дырэктара ТРК “Магілёў” Ірыны Акуловіч. Прычым нярэдка з выбаршчыкамі ў адных і тых раёнах у розныя дні сустракаюцца розныя давераныя асобы Лукашэнкі.

Таксама ў раёнах Магілёўскай вобласці зараз актыўна праводзяцца рэгіянальныя сходы дэпутатаў мясцовых Саветаў з удзелам кіраўніцтва раёнаў і органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, на якіх падводзяцца вынікі працы за апошнюю пяцігодку і зацвярджаюцца планы на пяцігодку наступную. Падчас сходаў іх удзельнікаў актыўна заклікаюць прыняць удзел у выбарах і прагаласаваць “за стабільнасць і квітненне нашага грамадства, за упэўненасць у заўтрашнім дні, за будычыню незалежнай Беларусі”.

Правяла некалькі сустрэч з выбаршчыкамі на Магілёўшчыне і кандыдат у прэзідэнты РБ Таццяна Караткевіч. У прыватнасці, сустрэчы з Таццянай Караткевіч прайшлі Бялынічах, Шклове і Магілёве. Плануецца таксама, што 4 кастрычніка Таццяна Караткевіч наведае Бабруйск.

У апошнія дні на сайтах райвыканкамаў з’явіліся абвесткі аб правядзенні сустрэч з выбаршчыкамі ў Магілёўскай вобласці даверанай асобы Мікалая Улаховіча Андрэя Гарбунова. 30 верасня і 1 кастрычніка Андрэй Гарбуноў сустракаўся з выбаршчыкамі ў Чэрыкаве, Краснаполлі і Хоцімску. Па інфармацыі мясцовых грамадскіх актывістаў, прысутнічалі на сустрэчах з даверанай асобай Мікалая Улаховіча ў асноўным супрацоўнікі мясцовых райспажыўтаварыстваў. Сам Мікалай Улаховіч таксама правёў сустрэчу з выбаршчыкамі ў Магілёве ў мясцовым каледжы спажывецкай кааперацыі.

Пра нейкія сустрэчы на Магілёўшчыне кандыдата ў прэзідэнты РБ Сяргея Гайдукевіча ці яго давераных асоб на сайтах райвыканкамаў і раённых газет вобласці ніякай інфармацыі няма. Не ведаюць пра такія сустрэчы і грамадскія актывісты ў рэгіёнах Магілёўскай вобласці.

Практычна няма ў рэгіёнах і нейкай друкаваный агітацыйнай прадукцыі кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, дзе-нідзе ў райцэнтрах з’явіліся толькі агітацыйныя плакаты ў падтрымку дзеючага кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі. Згодна агульнага меркавання рэгіянальных грамадскіх актывістаў, перадвыбарчая прэзідэнцкая кампанія 2015 года ў раёнах Магілёўскай вобласці праходзіць вяла і незаўважна, вялікай цікавасці да яе з боку шэраговых грамадзян не назіраецца.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства