Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Верасень 2015

2015 2015-10-01T16:44:07+0300 2015-10-01T16:45:08+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/human_rights_violations.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна"

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі

Верасень 2015 года

1. Высновы

На працягу верасня назіраўся працяг тэндэнцыі пэўнага змякчэння сітуацыі з правамі чалавека ў краіне, якая пачалася ў жніўні, пры гэтым ніякіх сістэмных зменаў у гэтай галіне зафіксавана не было;

- 31 жніўня ў сувязі са зменай меры стрымання з СІЗА № 1 былі вызваленыя абвінавачаныя па г. зв. «справе графіцістаў» М. Пякарскі і В. Жаромскі. Тым не менш, расследаванне крымінальнай справы, распачатай па ч. 2 арт. 339 КК (злоснае хуліганства), да гэтага часу не спынена;

- не спынены крымінальны пераслед і ў дачыненні да Алеся Міхалевіча, аднаго з кандыдатаў у Прэзідэнты на выбарах 2010 г., які быў затрыманы пры перасячэнні дзяржаўнай мяжы Беларусі, куды ён вяртаўся пасля 4 гадоў вымушанай эміграцыі. У сувязі з наяўнасцю няспыненых палітычна матываваных крымінальных справаў, Праваабарончы цэнтр «Вясна» заклікаў улады краіны спыніць іх;

- у верасні ў Менску прайшоў шэраг пікетаў, арганізаваных некаторымі апазіцыйнымі палітыкамі. Дадзеныя масавыя мерапрыемствы прайшлі без ўмяшання органаў унутраных справаў, удзельнікі і арганізатары не затрымліваліся, правядзенне пікетаў гвалтоўна не спынялася, аднак іх арганізатары пазней былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафаў. У рэгіёнах краіны пры гэтым працягвалася традыцыйная практыка адмоваў мясцовых органаў улады ў задавальненні заявак грамадзянаў на правядзенне масавых мерапрыемстваў, у тым ліку па тэматыцы выбараў;

- 24 верасня быў падпісаны Указ Прэзідэнта № 401 аб далучэнні Беларусі да Канвенцыі аб правах інвалідаў, прынятай Генасамблеей ААН 13 снежня 2006 г. Варта адзначыць, што беларускія праваабарончыя арганізацыі неаднаразова заклікалі ўлады Беларусі далучыцца да дадзенай Канвенцыі ААН.

2. Палітычна матываваны крымінальны пераслед

31 жніўня ў сувязі са зменай меры стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай на падпіску аб нявыездзе з СІЗА № 1 на волю выйшлі абвінавачаныя па ч. 2 арт. 339 КК Максім Пякарскі і Вадзім Жаромскі – фігуранты г. зв. «справы графіцістаў». Абодва абвінавачаныя ў агульнай складанасці правялі пад вартай больш за 20 дзён. Нагадаем, 11 жніўня пяцёра хлопцаў былі жорстка затрыманыя па падазрэнні ў датычнасці да трох крымінальных справаў: нанясення беларускамоўных графіці «Беларусь мае быць беларускай» і «Рэвалюцыя сьвядомасьці, яна ўжо ідзе...», а таксама запэцкванне фарбай сацыяльнага бігборда з выявай супрацоўнікаў міліцыі.

20 жніўня Следчы камітэт прад'явіў абвінавачванні Максіму Пякарскаму і Вадзіму Жаромскаму па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса – «Хуліганства, здзейсненае групай асобаў».

Праваабарончы цэнтр «Вясна» выступіў з заявай з нагоды гэтай сітуацыі і запатрабаваў неадкладнага вызвалення з-пад варты Вячаслава Касінерава, Максіма Пякарскага і Вадзіма Жаромскага.

Расследаванне па гэтай справе не спынена, і на сённяшні дзень па ім праходзяць чатыры чалавекі: Максім Пякарскі і Вадзім Жаромскі ў статусе абвінавачаных, а таксама Яраслаў Ульяненкаў і Вячаслаў Касінераў у статусе падазраваных.

8 верасня пры перасячэнні беларуска-літоўскай мяжы памежнымі службамі Рэспублікі Беларусь быў затрыманы і перададзены органам МУС Алесь Міхалевіч, адзін з кандыдатаў у Прэзідэнты на выбарах 2010 г., які знаходзіцца ў вышуку па крымінальнай справе, узбуджанай па ч. 1 арт. 293 КК (арганізацыя масавых беспарадкаў).

Алесь Міхалевіч вяртаўся ў Беларусь з Чэшскай Рэспублікі, у якой ён папрасіў палітычнага прытулку ў 2011 годзе. У той жа дзень следчымі органамі Беларусі яму была змененая мера стрымання на падпіску аб нявыездзе, аднак справа ў дачыненні да яго не спынена да гэтага часу. Варта адзначыць, што Алесь Міхалевіч – апошні фігурант справы аб «масавых беспарадках», узбуджанай па падзеях 10 снежня 2010 года. Усе астатнія асуджаныя па дадзеных падзеях былі альбо памілаваныя і вызваленыя з месцаў пазбаўлення волі, альбо выйшлі на волю ў сувязі з заканчэннем тэрмінаў пазбаўлення волі, альбо ў дачыненні да іх крымінальныя справы былі спыненыя. Пасля вызвалення з СІЗА КДБ у 2011 годзе А. Міхалевіч публічна заявіў аб катаваннях і жорсткім абыходжанні ў дачыненні да яго і іншых фігурантаў справы аб падзеях 19 снежня 2010 г., якія знаходзіліся там пад вартай.

У сувязі з наяўнасцю ў краіне няспыненых палітычна матываваных крымінальных справаў, Праваабарончы цэнтр “Вясна” і Міжнародная Федэрацыя за правы чалавека (FIDH) выступілі з сумеснай заявай, у якой заклікалі ўлады краіны да спынення ўсіх палітычна матываваных крымінальных справаў і правядзення сістэмных рэформаў у галіне правоў чалавека.

3. Выбары Прэзідэнта

Назіральнікі фіксуюць важную заканамернасць пры вывучэнні складу шэрагу сфармаваных участковых камісій: іх узначальваюць кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, а сябрамі з'яўляюцца прадстаўнікі працоўных калектываў, вылучаныя туды рознымі спосабамі. Фармальна гэта не парушае Выбарчы кодэкс, але па сутнасці пазбаўляе сябраў камісіі незалежнасці пры ажыццяўленні сваіх паўнамоцтваў.

Мясцовыя ўлады вызначыліся з выбарам месцаў для агітацыі за кандыдатаў у прэзідэнты; адзінай практыкі і адзіных крытэрыяў вызначэння такіх месцаў няма; рашэнні мясцовых органаў выканаўчай улады часта непаслядоўныя і абмяжоўваюць магчымасці кандыдатаў па агітацыі. У цэлым, такія абмежаванні парушаюць права грамадзянаў на мірныя сходы.

У верасні завершана праверка падпісных лістоў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты; 10 верасня зарэгістраваныя чатыры кандыдаты ў прэзідэнты.

11 верасня ў офісе ПЦ "Вясна" адбылася прэс-канферэнцыя кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" з нагоды завяршэння трох важных этапаў арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў, якія фактычна складаюць палову выбарчай кампаніі.

Ужо ў верасні праваабаронцамі зафіксавана падрыхтоўка да прымусу выбаршчыкаў да галасавання на асобных прадпрыемствах і ў арганізацыях.

Працягваецца перыяд агітацыі за кандыдатаў у прэзідэнты. Агітацыя за дзеючага кіраўніка дзяржавы праводзіцца з шматлікімі выпадкамі выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу і рэсурсаў дзяржаўных СМІ.

4. Адвольныя затрыманні

9 верасня ў Ельску Гомельскай вобласці супрацоўнікі міліцыі затрымалі актывіста "Еўрапейскай Беларусі" Аляксандра Рыбачэнку. Ён, заўважыўшы ў райцэнтры ўлёткі, якія заклікаюць да байкоту выбараў, паспрабаваў іх сфатаграфаваць. А. Рыбачэнку трымалі ў РАУС больш за тры гадзіны. Пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні не складаўся.

27 верасня пікетам актывіста Рыгора Грыка ў Баранавічах супраць расейскіх ваенных баз і за сацыяльныя правы людзей зацікавілася група футбольных заўзятараў (каля 30 чалавек). Заўзятараў без тлумачэнняў затрымалі супрацоўнікі міліцыі і павезлі ў РАУС.

5. Парушэнні свабоды выказвання меркаванняў, свабоды сумлення, свабоды сходаў

Мясцовыя органы ўлады адмаўляюць заяўнікам у дазволе мірных сходаў: Мікашэвіцкі гарвыканкам забараніў бацькам вучняў мясцовай школы №3 правядзенне пікету супраць закрыцця школы, Салігорскі райвыканкам забараніў правядзенне на цэнтральнай плошчы пікетавання супраць ушчыльнення гарадской забудовы.

Суды адмаўляюць грамадскім актывістам і праваабаронцам у скаргах на неабгрунтаваныя адмовы ў правядзенні мірных сходаў і пікетаў, вышэйстаячыя судовыя інстанцыі з такімі рашэннямі згодныя: не задаволеная касацыйная скарга на рашэнне суда Бярозаўскага раёна аб прызнанні законным неабгрунтаванай адмовы ў дазволе мірнага сходу.

Пасля таго, як палітык Мікалай Статкевіч заявіў пра свой намер правесці пікет 10 верасня ў цэнтры Менска, ён быў выкліканы да начальніка ГУУС Менгарвыканкама, дзе яго абвінавацілі ў парушэнні закона. 10 верасня ў час правядзення пікету быў складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні па арт. 23.34 КаАП; сам пікет пры гэтым працягваўся. 22 верасня судом ён аштрафаваны на 40 базавых велічынь (7 200 000 беларускіх рублёў).

Таксама прыцягнуты да адказнасці і Уладзімір Някляеў, які прыняў удзел у гэтым пікеце.

Старшыня партыі АГП Анатоль Лябедзька і іншыя грамадскія актывісты правялі пікет у Менску з нагоды гадавіны гвалтоўнага знікнення В. Ганчара і А. Красоўскага. У дачыненні да арганізатараў пікету А. Лябедзькі і М. Казлова складзены пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні, чым парушана іх права на мірны сход.

23 верасня ў Менску прайшло масавае мерапрыемства, прысвечанае абмеркаванню вынікаў дзейнасці Аляксандра Лукашэнкі. На арганізатараў пікету Мікалая Статкевіча, Уладзіміра Някляева і Анатоля Лябедзьку складзены пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні; пікет пры гэтым працягваўся.

30 верасня А. Лябедзька судом Цэнтральнага раёна аштрафаваны за два пікеты на 7 200 000 беларускіх рублёў. Мікалай Казлоў – на 5 400 000 беларускіх рублёў. Уладзімір Някляеў і Мікалай Статкевіч завочна аштрафаваныя на 5 400 000 і 9 000 000 беларускіх рублёў.

6. Жорсткае абыходжанне, катаванні

Абвінавачаны ў нанясенні графіці ў грамадскіх месцах Максім Пякарскі распавёў аб жорсткім затрыманні яго і іншых фігурантаў справы супрацоўнікамі міліцыі. Затрыманым наносілі ўдары, у тым ліку, электрашокерам; аказвалі псіхалагічны ціск; груба парушалі працэсуальныя правы. Акрамя таго, супрацоўнікі АУС аказвалі псіхалагічны ціск на іх родных, у тым ліку на будучую жонку Яраслава Ульяненкава, якая знаходзіцца на познім тэрміне цяжарнасці. Вячаслава Касінерава таксама жорстка збілі, зламалі яму сківіцу; гэта адбылося ўжо пасля фактычнага затрымання.

Яраславу Ульяненкову, аднаму з збітых затрыманых, адмовілі ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да дзеянняў міліцыі.

Працягваецца расследаванне гібелі ў выніку жорсткага абыходжання ў менскім следчым ізалятары №1 зняволенага Ігара Пцічкіна, якое была адноўленае па скаргах яго маці Жанны Пцічкінай. Аднак Следчы камітэт і Генеральная пракуратура адмаўляюць Жанне Пцічкінай ў азнаямленні з тэкстам пастановай службовай асобы Генеральнай пракуратуры аб адмене пастановы аб спыненні справы. Увесь працэс расследавання засакрэчаны; маці загінулага пазбаўленая магчымасці выказвацца пра даныя расследавання пад пагрозай крымінальнага пакарання.

Былы палітвязень Юры Рубцоў заявіў аб нялюдскім, зняважлівым абыходжанні ў баранавіцкім следчым ізалятары.

Пра жорсткае, зняважлівае абыходжанне са зняволенымі калоній распавёў ПЦ "Вясна" былы палітвязень Мікалай Дзядок.

Грамадскі рэзананс выклікаў выпадак прымянення жорсткасці пры затрыманні жыхара Менска, які, знаходзячыся ў падземным пераходзе, збіраў ахвяраванні мінакоў. За супраціў і гвалт у дачыненьні да супрацоўнікаў міліцыі грамадзянін быў затрыманы і прыцягнуты да крымінальнага пераследу. Аднак замест аб'ектыўнага расследавання як непрафесійных і жорсткіх дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі, так і прычын, якія прымусілі названага грамадзяніна аказаць ім супраціў, Следчы камітэт і МУС засяродзіліся на стварэнні негатыўнай рэпутацыі затрыманага і адмовіліся прызнаць парушэнні закону супрацоўнікамі міліцыі.

7. Смяротнае пакаранне

25 верасня ў Варшаве ў рамках канферэнцыі АБСЕ па чалавечым вымярэнні адбыўся абмен думкамі па пытанні аб адмене смяротнага пакарання. На слуханнях выступіў каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" Андрэй Палуда. У сваім выступе праваабаронца падрабязна распавёў пра сітуацыю ў галіне вынясення і прывядзення ў выкананне вышэйшай меры пакарання ў Беларусі.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international