Пенсіянеры правялі пікет супраць беззаконня ў судах і пракуратуры

2015 2015-09-24T16:21:31+0300 2015-09-24T16:21:31+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/zancyny_24_9_15_pikiet.jpg
Пікет 24 верасня ў Мінску

Пікет 24 верасня ў Мінску

Пікетаванне адбылося 24 верасня ў Мінску, на плошчы Свабоды. Удзел у ім прынялі больш за 15 актывістаў Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры з розных рэгіёнаў краіны.

Мэта акцыі — прыцягнуць увагу грамадства і дзяржавы да праблемы адпісак на звароты грамадзянаў у органы суду і пракуратуры, а таксама на бяздзейнасць кіраўніка дзяржавы па абароне канстытуцыйных правоў грамадзянаў. У пікетаванні ўдзельнічалі пенсіянеры, у тым ліку па інваліднасці. Грамадзяне трымалі ў руках Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь і расцяжкі наступнага зместу: «У Канстытуцыі правы і свабоды на паперы, а нам яны патрэбныя ў жыцці!», «Чыноўнікі і дэпутаты схаваліся ад народа за плотам адпісак» і «Патрабуем ад чынавенства выканання Канстытуцыі краіны!».

Для таго, каб вырашыць праблему адпісак, якой грамадскія актывісты займаюцца з 2007 года, яны выкарыстоўваюць усе мажлівасці, дадзеныя Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах. Гаворка ідзе пра калектыўныя звароты, спробы сустрэцца з службовымі асобамі пад час іх асабістых прыёмаў, а таксама пра пікетаванне, у тым ліку несанкцыянаванае, за што грамадскія актывісты былі затрыманыя, асуджаныя і аштрафаваныя.

У 2011 годзе пасля сустрэчы актывістаў ініцыятывы з кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімірам Макеем была створаная рабочая група па праблеме адпісак, вынікам працы якой па краіне сталі 333 адмененых прысуды па крымінальных справах. Аднак праблема адпісак у поўным аб’ёме так і не была вырашаная, бо па Грамадзянскай ініцыятыве супраць беззаконня ў судах і пракуратуры былі перагледжаныя толькі 10 крымінальных справаў. У выніку 6 зняволеных былі рэабілітаваныя. Вось чаму актывісты ініцыятывы былі вымушаныя цягам наступных пяці гадоў сістэматычна звяртацца і прыходзіць у Адміністрацыю прэзідэнта, а таксама праводзіць пікетаванні ў цэнтры Мінска.

Дзякуючы намаганням актывістаў ініцыятывы сёлета 24 ліпеня была паўторна створаная рабочая група на чале з намеснікам дырэктара Нацыянальнага цэнтру заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь Уладзімірам Жэўняком. Аднак рабочая група пакінула без разгляду праблему адпісак і грамадзяне атрымалі ад намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Валеры Міцкевіча чарговую адпіску, што і стала падставай для заявы на пікетаванне.

Дарэчы, намеснік старшыні Мінгарвыканкама Ігар Карпенкаі не задаволіў гэтую заяву  пенсіянераў. Прычым сваю адмову Карпенка матываваў, у тым ліку, і тым, што ў час і на месцы, запланаваным 24 верасня пенсіянерамі для правядзення пікетавання, будуць праводзіцца масавыя перадвыбарчыя агітацыйныя мерапрыемствы кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Аднак нічога падобнага на плошчы Свабоды пад час пікету грамадзянаў не назіралася.

У каментары «НЧ» актывіст ініцыятывы, юрыстка Тамара Сяргей заявіла, што для вырашэння праблемы адпісак грамадзяне будуць намагацца сустрэчы з кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандрам Касінцом, а калі ён не прыме — дык з Аляксандрам Лукашэнкам. «Бо апроч яго ні адзін вышэйшы чыноўнік у Беларусі не здольны прыняць самастойнае рашэнне па такому важнаму для грамадства і дзяржавы пытанню, як праблема адпісак», — сказала юрыстка.

Трэба адзначыць, што за акцыяй наглядала шмат людзей ў цывільным, якія вялі відэазапіс пікетавання. 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international