У Гомелі дзеля сустрэчы з даверанай асобай Аляксандра Лукашэнкі студэнтаў і выкладчыкаў знялі з заняткаў

2015 2015-09-22T13:29:46+0300 2015-09-22T13:29:46+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/dvornik-uladzimir.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

22 верасня ў 13.00 памяшканні СЭЗ «Гомель-Ратон» адбылася сустрэча старшыні Гомельскага аблвыканкама Уладзіміра Дворніка ў якасці даверанай асобы кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі з рэктарамі, выкладчыкамі і студэнтамі мясцовых ВНУ. Па сведчаннях удзельнікаў сустрэчы, ужо ў 12.30 у зале былі занятыя ўсе месцы. Уладзімір Дворнік распавёў прысутным пра перспектывы развіцця рэгіёна, прычым пры аналізе стану спраў ў прамысловасці, будаўніцтве і іншых галінах даваў характарыстыку, што сферы эканомікі перажываюць зараз «не лепшыя часы». Давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты не заклікаў прыйсці на выбары і не агітаваў за дзейснага прэзідэнта, не казаў пра перадвыбарную праграму Аляксандра Лукашэнкі ці нейкія абяцанні электарату.

Ад прысутных у зале паступіла пяць пытанняў. Студэнтаў цікавілі інвестыцыйныя дамовы, заключаныя Гомельскай вобласцю на выставе «ЭКСПА» у Італіі, магчымасць атрымаць пасля заканчэння ўніверсітэту арэнднае жыллё, ільготы для маладых сем'яў, перспектывы па стварэнні прыватнага бізнесу ў галіне транспартных паслуг.

Варта зазначыць, што ў 13.00 у ВНУ Гомеля поўным ходам ідзе навучальны працэс. Студэнты маюць як мінімум тры пары, якія ідуць да 13.40 – напрыклад, у ГДУ ім.Ф.Скарыны. Павінны ў гэты час працаваць ва ўніверсітэтах і выкладчыкі, і рэктарат.

Сам факт сустрэчы кіраўніка вобласці са студэнтамі і выкладчыкамі назіральнік ад БХК Віктар Адзіночанка назваў «добрай з'явай», якую можна ацаніць станоўча. «Я за тое, каб такія сустрэчы праводзіліся часцей. Але ў дадзеным выпадку Уладзімір Дворнік сустракаўся як давераная асоба аднаго з кандыдатаў, і дзеля сустрэчы быў задзейнічаны адміністрацыйны рэсурс, студэнтаў і выкладчыкаў здымалі з заняткаў. Узнікае пытанне – калі ў нас, згодна з заканадаўствам, роўнасць кандыдатаў, то ці могуць зняць з заняткаў выкладчыкаў і студэнтаў давераныя асобы, напрыклад, Таццяны Караткевіч? Ці маюць яны такія магчымасці? БРСМ дэклараваў падтрымку прэзідэнта на выбарах. То чаму не задзейнічаць напоўніцу БРСМ, хай бы яны ў вольны час збіралі моладзь. Наша ўлада не можа стварыць грамадскіх структур, якія б на яе працавалі, а выкарыстоўвае адміністрацыйны рэсурс», - пракаментаваў назіральнік.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства