У Віцебску з выбаршчыкамі сустрэліся Таццяна Караткевіч і давераныя асобы Сяргея Гайдукевіча (фота)

2015 2015-09-22T10:54:50+0300 2015-09-22T10:54:50+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/vicebsk-agit-gajduk-kryzan-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

21 верасня прайшлі два агітацыйныя пікеты. Прыхільнікі Сяргея Гайдукевіча сабраліся на дваровай сцэнічнай пляцоўцы па вуліцы Воінаў-інтэрнацыяналістаў, а пікет з удзелам Таццяны Караткевіч прайшоў у новым жылым мікрараёне "Білева". Каманды кандыдатаў не задаволеныя ўмовамі агітацыі.

Паводле рашэння Віцебскага гарвыканкаму, вулічная агітацыя прадугледжана ў 16-ці месцах абласнога цэнтру. Тры з іх – гэта ўскраінныя паркі культуры і адпачынку, дзе ў працоўныя дні народу практычна не бывае. Астатнія – гэта пераважна так званыя "агітпляцоўкі" на тэрыторыі ўсіх трох раёнаў горада, размешчаныя ў дварах жылых дамоў.

Гэтая акалічнасць – вызначальная, лічаць прыхільнікі кандыдата Сяргея Гайдукевіча, якія праводзілі агітацыйны пікет на сцэнічнай пляцоўцы каля цэнтру дзіцячай творчасці "Маладзік" па вуліцы Воінаў-інтэрнацыяналістаў. Удзельнікі пікету добра падрыхтаваліся – прынеслі шмат візуальных агітацыйных матэрыялаў, сцяг ЛДПБ і некалькі партэтаў партыйнага лідэра. Але на пікеце было вельмі мала народу – хіба толькі некалькі цікаўных мінакоў, якія ішлі міма ў краму №41 сеткі "Віцебскія прадукты". Нават прысутнасць на пікеце актора і сатырыка Яўгена Крыжаноўскага, які з'яўляецца даверанай асобай кандыдата Гайдукевіча, мала ратавала сітуацыю. Пікет у двары проста не мог прыцягнуць увагу вялікай колькасці людзей.

Болей народу ўдалося сабраць прыхільнікам Таццяны Караткевіч, якія ладзілі пікет на "бульвары паміж УА "Сярэдняя школа №46" (г.Віцебск, вул. Багатырова, 5) і будынкам крамы ААТ "Пінскдрэў" (г.Віцебск, вул. Багатырова, 7б) – менавіта так пазначана месца для агітацыі ў адпаведным рашэнні Першамайскай раённай адміністрацыі.

Найверагодней, пэўную ролю адыграла прысутнасць на пікеце самой Таццяны Караткевіч: пад тры дзясяткі жыхароў Віцебска прыйшлі на месца агітацыі, каб паразмаўляць з кандыдаткай. Спрыяла і тое, што пікет ўсталявалі на ходніках бліжэй да школы – гэта самая буйная школа Віцебска, да таго ж адзіная на ўвесь амаль 20-тысячны мікрараён, і заняткі тут ідуць у некалькі зменаў. Адпаведна, тут часта праходзяць як вучні, так і іх бацькі. Сам жа "бульвар", як вызначылі гэты элемент гарадской тапаграфіі віцебскія чыноўнікі, уяўляе сабой брукаваную алею даўжынёй 100-120 метраў, якая вядзе ад вуліцы Багатырова да пустыра за жылымі дамамі.

Тым, хто прыйшоў на пікет, відавочна хацелася пагаварыць з Таццянай Караткевіч у больш спрыяльных умовах, а не на ходніках, замінаючы мінакам. Алег Квяцінскі, давераная асоба кандыдаткі, патлумачыў: на ягоны зварот у гарвыканкам са скаргай на малапрыдатныя месцы для вулічнай агітацыі ён так і не атрымаў канструктыўнага адказу. Яму сказалі, што "ўсе кандыдаты ў роўных умовах", што да магчымасцяў агітацыі. А тое, ці зручна гэта для выбаршчыкаў, ніхто абмяркоўваць увогуле не стаў.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international