Арыштаваных прыцягнуць да прымусовай працы. Юрысты: «Гэта прыгоннае права»

2015 2015-09-18T11:00:13+0300 2015-09-18T11:00:13+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/prymusovyja_pracy.jpg

Урад Беларусі ўхваліў парадак прыцягненьня адміністрацыйна арыштаваных грамадзян, у тым ліку «дармаедаў», да грамадзкіх працаў.

Згодна з новай пастановай Саўміну, асобаў, якія адбываюць адміністрацыйны арышт, могуць прымусова прыцягваць да грамадзка-карысных працаў. Іх могуць прымушаць працаваць да 8 гадзін на дзень і да 40 гадзін на тыдзень, а плаціць за гэта не абавязаныя.

Юрыст і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Воўчак у размове са Свабодай называе такое рашэньне «далёка не найлепшым, а хутчэй найгоршым» ды параўноўвае яго з прыгонным правам:

«Такая заканатворчасьць супярэчыць ня толькі Канстытуцыі, але і Працэсуальна-выканаўчаму кодэксу Рэспублікі Беларусь, артыкулам 18.5 і 18.8. Арыштаваныя асобы, якія знаходзяцца пад арыштам, могуць прыцягвацца да працы толькі зь іх згоды. І калі яны прыцягваюцца, то на іх распаўсюджваецца працоўнае заканадаўства: зь імі павінны заключыць дамову падраду, скласьці акт аб выкананай працы... Але, мяркуючы па гэтым дакумэнце, іх будуць накіроўваць на прымусовыя працы без аплаты».

Воўчак пералічвае і іншыя хібы пастановы. Самі прымусовыя працы — гэта дадатковае да зьняволеньня пакараньне, не запісанае ў прысудах, што незаконна. Незразумела, як будзе ацэньвацца прыдатнасьць зьняволенага да канкрэтнай працы: трэба праводзіць мэдкамісію, правяраць навыкі. Невядома і тое, хто панясе адказнасьць у выпадку траўмы зьняволенага, які мусіць да таго ж заплаціць за «добраахвотную» страхоўку.

«Гэта мне нагадвае прыгоннае права, якое ў нас было пры фэадалах 200–300 год таму, калі чалавек працаваў за лыжку супу і не было ў яго ніякіх правоў, — мяркуе Воўчак. — Гэта самае адбываецца цяпер у Беларусі».

Ён сумняецца і ў праліку эфэктыўнасьці такой працы для прадпрыемстваў: інструктажы, харчаваньне, дастаўка на месца працы ды іншыя мерапрыемствы зробяць прымусовую працу нявыгаднай. Мера гэтая хутчэй накіраваная на тое, каб людзі плацілі «падатак на дармаедаў», мяркуе праваабаронца. Да таго ж у цэнтрах занятасьці людзей больш, чым вакантных месцаў — выкарыстаньне прымусовай працы хутчэй зацікавіць тых, хто хоча «адмыць грошы».

«Кодэкс дазваляе грамадзяніну адмовіцца, у арыштаванага ёсьць права абскардзіць гэтыя дзеяньні пракурору і вышэйшай інстанцыі, — нагадвае Воўчак. — Дадатковай адказнасьці за тое, што чалавек адмовіцца выконваць працу, няма».

Беларусь парушае міжнародныя нормы

Юрысты Беларускага Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў ужо пісалі заключэньне па дэкрэце № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства». А пастанова Савету міністраў № 771 — пра парадак прыцягненьня адміністрацыйна арыштаваных да грамадзка карысных працаў — канкрэтызуе норму дэкрэту, згодна зь якой за людзі, якія не заплацілі збор, ня маюць крыніц прыбытку, могуць прыцягвацца да адміністрацыйнай адказнасьці, у прыватнасьці, да адміністрацыйнага арышту, тлумачыць юрыст БКДП Алена Яськова:

 «У ніводнай краіне сьвету за такое адміністрацыйнае правапарушэньне, як нясплата нейкіх збораў, не караюць пазбаўленьнем волі. А арышт — гэта пазбаўленьне волі. Усе гэтыя так званыя «грамадзкія працы», пералічаныя ў пастанове Саўміна, — гэта форма прымусовай працы.

Па-першае, незаконна тое, што людзі прыцягваюцца да грамадзкіх працаў не па рашэньні суду. Па-другое, гэта прымусовая праца. Гэта не стасуецца ні зь міжнароднымі нормамі — дакумэнтамі Міжнароднай арганізацыі працы, ні з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь.

То бок Беларусь — адзіная краіна ў сьвеце, якая ўвяла збор зь беспрацоўных і дзе за адміністрацыйнае правапарушэньне прадугледжваецца арышт з выкарыстаньнем прымусовай працы. Да прымусовай працы прыцягваюць толькі за крымінальныя правапарушэньні. То бок у Беларусі бясплатная працоўная сіла будзе выкарыстоўвацца ў прымусовым парадку. А калі такіх людзей будзе шмат, давядзецца ствараць адмысловыя лягеры, дзе людзі будуць бясплатна працаваць. То бок мы адзіная краіна, дзе створаны такі прэцэдэнт.

Прычым, раней Лукашэнка ўзгадваў, што да канца году, магчыма, гэты дакумэнт будзе перагледжаны, але нічога не перагледзеў.

Хачу зьвярнуць увагу яшчэ на адну акалічнасьць, зьвязаную з дэкрэтам № 3 наконт дармаедаў. Там запісана: «На тых, хто ня можа быць арыштаваны, накладаецца штраф». То бок арышт з выкарыстаньнем прымусовай працы разглядаецца як дамінуючая мера" », — адзначыла юрыст БКДП Алена Яськова.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international