Акцыя «Мы – разам!» тэлеканала АНТ і Міністэрства культуры па часу правядзення ўжо ў другі раз «выпадкова» супала з прэзідэнцкай кампаніяй

2015 2015-09-17T18:32:25+0300 2015-09-17T18:32:25+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/luka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі ўжо нікога не здзіўляе, што адзін з кандыдатаў у прэзідэнты, ён жа – дзейсны кіраўнік дзяржавы, не выступае па тэлевізары ў вызначаны ЦВК час з выбарчай праграмай, не праводзіць сустрэч з электаратам. Здавалася – ужо і не імкнецца «скарыць сэрцы» мільёнаў. Звычайна так не вядуцца выбарчыя кампаніі, напрыклад, без сустрэч з выбарцамі, у іншых краінах, але толькі не ў нашай. Навошта «першай асобе дзяржавы» самаму нешта рабіць, калі функцыю агітацыі і прапаганды можна спакойна перадаверыць іншым.
Так, у канцы жніўня тэлеканал АНТ і Міністэрства культуры распачалі «агульнанацыянальную акцыю» «Мы – разам!». Скончыцца акцыя якраз пад выбары. «Мы, беларусы, мірныя людзі» - гэта не толькі словы нацыянальнага гімну, але і назва гала-канцэрту, які прайшоў у Баранавічах у межах акцыі «Мы-разам!». «На урачыстым вечары гучалі шлягеры застойных 70-х, перабудовачных 80-х, хіты нялёгкіх 90-х і стабільных для рэспублікі 2000-х», - перадае канал АНТ.
Гала-канцэрт прайшоў ужо і ў Гомелі. «Мэта акцыі — нагадаць кожнаму жыхару аб тым, што калі мы разам, то і ёсць Беларусь — незалежная, моцная дзяржава», - падала справаздачу аб канцэрце газета «Гомельскія ведамасці».
Здавалася б – ну праехаліся зоркі беларускай эстрады па гарадах, а пры чым тут палітыка?
Тым не менш у Гомелі ўдзельнікаў акцыі вітаў старшыня аблвыканкаму Уладзімір Дворнік. Ён гаварыў пра любоў да Беларусі, гонар за яе дасягненні. «Дарагія сябры! - звярнуўся Дворнік да гледачоў у зале. - Як вядома, жыццё без мэты – пустое. Наша мэта – квітнеючая Беларусь. І толькі разам мы здолеем зрабіць нашу Беларусь яшчэ больш моцнай, утульнай, прыгожай» (перадае словы губернатара газета «Гомельскія ведамасці»).
Пасля слоў чыноўніка на экране былі трансліраваны міні-рэпартажы аб дасягненнях рэгіёну ў розных сферах дзейнасці.
Затым перад жыхарамі Гомеля выступілі «Сябры», Алена Ланская, Жанет, Юзары, Іна Афанасьева, Тэа, Ларыса Грыбалева і іншыя.
Назва акцыі і словы кіраўніка вобласці «выпадкова» адлюстроўваюць выбарчыя «ідэі» кіраўніка дзяржавы, нязменныя з году ў год – «стабільнасць», «усе разам», «моцная і квітнеючая Беларусь» і гэтак далей.
Пяць гадоў таму, перад выбарамі-2010, якія прайшлі 19 снежня, тэлеканал АНТ і Міністэрства культуры таксама праводзілі падобную «агульнанацыянальную акцыю», толькі пад назвай «Беларусь – гэта мы». Таксама зоркі эстрады каталіся па ўсёй краіне і «аб'ядноўвалі» нацыю. Фінал акцыі адбыўся 12 снежня – за тыдзень да прэзідэнцкіх выбараў. Ды і на фінальным шоу і сам прэзідэнт з'явіўся. «Акцыя «Беларусь – гэта мы» аб'яднала краіну! Гэтыя словы ў адзін голас спявалі ўсе – ад простага студэнта да першых асоб дзяржавы», - перадаваў канал АНТ.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international