Цікаўнасць ці праблемы: з чым гарадзенцы прыйшлі да праваабаронцаў

2015 2015-09-15T22:22:15+0300 2015-09-16T18:53:03+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/zhyvyja_razmovy-01.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
"Жывыя размовы" пра правы чалавека ў Гродне

"Жывыя размовы" пра правы чалавека ў Гродне

Якім чынам магчыма ажыццяўляць грамадскі кантроль за дзейнасцю дзяржаўных органаў? Як прайсці навучанне ў галіне правоў чалавека? З якімі праблемамі працуюць арганізацыі ЛГБТ? Ці дазваляе заканадаўства абараніць правы жывёлаў? Як зарэгістраваць арганізацыю? Жыхары Гродна атрымалі адказы на гэтыя ды іншыя пытанні падчас “Жывых размоваў” з праваабаронцамі.

Прадстаўнікі праваабарончых арганізацыяў 13 верасня наведалі горад над Нёманам, каб бліжэй пазнаёміцца з праблемамі мясцовага насельніцтва і паспрыяць у іх вырашэнні – праз агульнае інфармаванне, экспертную параду ці кансультацыю.

Адзначым, што ў абласным цэнтры прадстаўленыя старэйшыя з праваабарончых арганізацыяў – Беларускі Хельсінкскі Камітэт, ПЦ “Вясна” і БАЖ, якія стала вядуць працу з насельніцтвам. У "Жывых размовах" бралі ўдзел Раман Юргель (БХК) і Уладзімір Хільмановіч (ПЦ "Вясна"), добра вядомыя праваабаронцы ў рэгіёне. З Мінска прыехалі прадстаўнікі Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend, ПЦ “Ідэнтычнасць”, зааабарончай ініцыятывы “Лапа закона”, прафсаюзнай групы “Студэнцкая Рада” і Моладзевага праваабарончага руху ў Беларусі.

На мерапрыемства прыйшлі людзі розных сацыяльных групаў і прафесіяў – прадстаўнікі рабочых спецыяльнасцяў, інжынер і настаўніца, беспрацоўныя і індывідуальныя прадпрымальнікі, нават юрысты. Кагосьці на размовы з праваабаронцамі прывяла цікаўнасць, а кагосьці – канкрэтныя праблемы.

Да прыкладу, гарадзенка Антаніна, юрыст па прафесіі, распавяла, што прыйшла, каб пацікавіцца ў праваабаронцаў, наколькі эфектыўна могуць працаваць “гэтыя высакародныя ініцыятывы” ў сённяшніх умовах, калі каштоўнасць правоў чалавека ў грамадстве вельмі невысокая. Сама яна даведалася пра дзейнасць праваабаронцаў у Гродна пасля таго, як яе папярэдніку на працоўным месце аказаў дапамогу ПЦ “Вясна”. Паводле яе меркавання, два дзесяцігоддзі сілавой дзяржавы зрабілі сваю справу - нашае грамадства “ўжо не гатовае” да абмеркавання такіх тэмаў, як правы чалавека, людзі не гатовыя абараняць свае ўласныя правы. Антаніна кажа, што бачыць гэтую апатыю сярод гарадзенцаў і лічыць, што выйсце - у працы праваабарончых арганізацыяў па асвеце і актывізацыі моладзі.

Дарэчы, амаль усе праваабаронцы адзначылі цікавасць наведнікаў “Жывых размоваў” да адукацыйных семінараў, дыстанцыйных навучальных курсаў па розных пытаннях у галіне правоў чалавека. Яны распавялі і пра іншыя пытанні, з якімі да іх звярнуліся гарадзенцы.

“Акрамя шматлікіх пытанняў наконт адукацыйных семінараў, я б адзначыў інтарэс сваіх суразмоўцаў да пытання грамадскага кантролю. Цікавіліся, як ладзіцца назіранне за масавымі мерапрыемствамі, судамі, выбарамі і як у ім паўдзельнічаць”, - распавёў Уладзімір Андрыенка, прадстаўнік Моладзевага праваабарончага руху ў Беларусі.

Прадстаўніца ініцыятывы “Лапа закона” Анастасія Жаўрыд распавяла, што ў размовах з людзьмі ёй удалося разбурыць шмат стэрыятыпаў. Найперш, што дрэнных жывёлаў не бывае - бываюць дрэнныя гаспадары. Адсюль і асноўны прынцып працы зааабаронцаў: дапамога жывёлам – праз дапамогу людзям. “Была зацікаўленасць праблемай з боку суразмоўцаў. Шмат пытанняў задавалі па заканадаўстве. Ну і многіх здзівіла практыка зааабароны, якая існуе на сённяшні дзень”, - адзначыла юрыстка.

Паліна Ліннік, прадстаўніца ПЦ “Ідэнтычнасць”, які займаецца праблемай дыскрымінацыі ЛГБТ, у якасці пазітыўнага моманту адзначыла, што ёй удалося размову з узроўня “вы лічаце, што гэта нармальна?” перавесці ў плоскасць правоў чалавека, дзякуючы зацікаўленасці сваіх суразмоўцаў.

А Міхаіл Мацкевіч з Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend распавёў, што паспеў нават даць першасную кансультацыю. Да яго звярнуліся жанчыны ад групы сваякоў, чыя дзеці асуджаныя за наркотыкі і, як яны лічаць, атрымалі непрапарцыйныя тэрміны зняволення. Гэтыя людзі хочуць аб’яднацца, каб разам дамагацца перагляду гэтых крымінальных справаў, і маюць патрэбу ў дапамозе па рэгістрацыі арганізацыі. Больш грунтоўную кансультацыю на гэты конт сваякі асуджаных змогуць атрымаць пры далейшым звароце да экспертаў цэнтра.  

У перапынках паміж абмеркаваннямі сур’ёзных праблемаў наведнікі “Жывых размоваў” маглі паглядзець выставу паштовак “Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека ў выцінанцы” і забраць упадабаныя экзэмпляры на памяць пра гэтую сустрэчу з праваабаронцамі.

Дзякуем прадстаўнікам Гарадзенскай Вясны за дапамогу ў арганізацыі мерапрыемства і сайту Твой стыль за фотарэпартаж!

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international