У Хоцімскім раёне кандыдатаў у прэзідэнты адправілі агітаваць на стадыён

2015 2015-09-11T15:19:21+0300 2015-09-11T15:19:21+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/hocimsk-stadyen-agit-2015.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

На інтэрнэт-сайце Хоцімскага райвыканкама з’явілася рашэнне “Аб інфармацыйным забеспячэнні перадвыбарчай агітацыі кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь”.

Згодна райвыканкамаўскага рашэння, адзіным месцам для правядзення перадвыбарчых масавых мерапрыемстваў у паведамляльным парадку на тэрыторыі Хоцімскага раёна вызначаны гарадскі стадыён у Хоцімску па вуліцы Ленінскай, 60.

Хоцімскі райвыканкам таксама вызначыў памяшканні для правядзення сустрэч кандыдатаў у прэзідэнты РБ і іх давераных асоб з выбаршчыкамі ў Хоцімскім раёне: імі сталі памяшканні раённага Цэнтра культуры “Мір”, актавыя залы Хоцімскай ПМК-276, ЦРБ і СШ №1 Хоцімска, а таксама памяшканні сельскіх дамоў культуры і клубаў.

Месцамі размяшчэння агітацыйных матэрыялаў кандыдатаў у Хоцімскім раёне вызначаны інфармацыйныя стэнды, усталяваныя ў памяшканнях адміністрацыйных будынкаў арганізацый раёна, гандлёвых аб’ектаў і на будынку раённага Цэнтра культуры “Мір”. Асобным пунктам рашэння Хоцімскі райвыканкам забараніў размяшчэнне агітацыйных матэрыялаў “у другіх месцах, акрамя месцаў размяшчэння ўчасткаў для галасавання і выбарчых камісій”.

Кантроль за выкананнем райвыканкамаўскага рашэння ўскладзены на намесніка старшыні Хоцімскага райвыканкам Мікалая Хучава і начальніка РАУС Уладзіміра Еселева.

Грамадскі актывіст з Хоцімска Валерый Каранкевіч адзначае, што мясцовыя ўлады прыняццем такога рашэння зрабілі ўсё, каб максімальна ўскладніць вядзенне перадвыбарчай агітацыі альтэрнатыўным кандыдатам у прэзідэнты і іх прыхільнікам у Хоцімскім раёне.

“Гарадскі стадыён у Хоцімску - гэта наогул практычна бязлюднае месца. Спорт у Хоцімску ў заняпадзе, каля стадыёна пасуцца толькі козы ды коні. Я ладзіў там пікеты на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года (на фота) і на парламенцкіх выбарах 2012 года, дык ніякіх людзей там амаль не было. Ды і на гэтым, дазволеным райвыканкамам месцы, у 2012 годзе падчас правядзення пікету ў якасці кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў супрацоўнікі хоцімскай міліцыі ўмудрыліся мяне затрымаць даставіць у мясцовы РАУС. Я лічу, што сваім рашэннем хоцімскія чыноўнікі зрабілі ўсё, каб у нашым раёне не было бачна ніякай інфармацыі пра альтэрнатыўных кандыдатаў, каб людзі так пра іх нічога не даведаліся”.

Па словах Валерыя Каранкевіча, які з’яўляецца прыхільнікам кандыдата Таццяны Караткевіч, 12 верасня ён збіраўся арганізаваць пікет у яе падтрымку ў аграгарадку Ліпаўка, дзе ў гэты дзень будуць адзначацца раённыя “Дажынкі”. Аднак пасля візіту ў Хоцімскі райвыканкам, дзе яму паведамілі, што ў Хоцімскім раёне дазволена пікетаваць у падтрымку кандыдатаў у прэзідэнты РБ толькі на гарадскім стадыёне, ён ад гэтай ідэі вымушаны адмовіцца, каб не быць затрыманым.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international