Справаздача па выніках маніторынгу пікета “За сумленныя свабодныя выбары” ў Менску 10 верасня
Высновы
Пікет 10 верасня 2015 года насіў мірны характар. Адсутнасць заяўкі на правядзенне масавага мерапрыемства, як таго патрабуе закон, не з’яўляецца нагодай для абмежавання свабоды мірных сходаў. Факт складання на арганізатара пікета Мікалая Статкевіча пратакола аб адміністратыўным правапарушэнні можна расцэньваць як умяшанне ў ход масавага мерапрыемства з боку супрацоўнікаў міліцыі, хаця адзначаем станоўчую практыку складання пратакола на месцы без фізічнага затрымання асобы, у дачыненні да якой вядзецца адміністратыўны працэс.
Па-ранейшаму асноўная праблема правядзення мірных сходаў у Беларусі звязаная з невыкананнем належным чынам пазітыўных абавязкаў з боку ўладаў: супрацоўнікі міліцыі не абазначаная належным чынам, іх немагчыма ідэнтыфікаваць, а таксама не ажыццяўляюць ахову дэманстрантаў ад контр-дэманстрантаў.
Папярэдняя інфармацыя
7 верасня 2015 года ў публічнай прасторы з’явіліся заклікі ад Мікалая Статкевіча прыйсці на пікет 10 верасня 2015 года пад уваход у ГУМ у Мінску а 18:00 з лозунгам “За сумленныя свабодныя выбары”.
8 верасня 2015 года Мікалай Статкевіч быў выкліканы на размову ў ГУУС Мінгарвыканкама, дзе яго папярэдзілі пра недазвольнасць правядзення несанкцыянаваных пікетаў. Мікалай адмовіўся падпісваць афіцыйнае папярэджанне, прыняў рашэнне не адмаўляцца ад правядзення пікета.
Падчас правядзення масавага мерапрыемства 10 верасня 2015 года вочна і бесперапынна ажыццяўлялі грамадскі кантроль 7 назіральнікаў, якія прайшлі адпаведнае навучанне і былі абазначаныя належным чынам (бэйджамі і сінімі камізэлькамі).
Ход масавага мерапрыемства
- З самага пачатку з’яўлення Мікалая Статкевіча на пляцоўцы каля ГУМу ў Менску правей ад галоўнага ўвахода яго атачыла група людзей з удзельнікаў пікета і журналістаў (прыблізна 17:50). У хуткім часе да Мікалая праз натоўп падышоў супрацоўнік міліцыі і стаў складаць на яго пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні па ч.2 артыкула 23.34 КоАП Рэспублікі Беларусь (“Парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства”- як арганізатара несанкцыянаванага пікета). Мікалай прадставіў свой пашпарт, але адмовіўся падпісваць пратакол.
- Колькасць удзельнікаў пікета цяжка вызначаецца праз наяўнасць вялікай колькасці журналістаў, супрацоўнікаў міліцыі ў штацкай вопратцы, а таксама несфармаванай групы з удзельнікаў пікета. Па прыблізных падліках колькасць удзельнікаў склала ад 60 чалавек на пачатку мерапрыемству да 130 чалавек.
- Колькасць супрацоўнікаў міліцыі было складана вызначыць праз адсутнасць апазнавальных знакаў на пераважнай частцы супрацоўнікаў. Так супрацоўнікаў ДПС было 2 чалавекі (прысутнічалі перад пачаткам пікету і з’явіліся пасля таго, як удзельнікі пачалі разыходзіцца), у форме з надпісам “Міліцыя” – 2 чалавекі, каля 40 – у грамадзянскай вопратцы з адметнымі прыкметамі (навушнікі, рацыі). Усё кіраўніцтва ГУУС Мінгарвыканкама і РУУСаў было ў грамадзянскай вопратцы без апазнавальных знакаў. 2 супрацоўнікі міліцыі здымалі часткі пікету на відэа-камеру, 3 мелі ўбудаваную міні-камеру ў лобнай частцы твару.
- Перашкоды з патрапленнем на месца збору адсутнічалі.
- У цэлым адсутнічалі перашкоды для працы СМІ, але навінныя службы, што вялі прамы эфір, мелі праблемы з трансляцыяй праз магчымае глушэнне сігналу (“Радыё Свабода”, “Наша ніва”).
- Перашкоды ў працы назіральнікаў не былі зафіксаваныя.
- Арганізатар пікету абазначаны не быў.
- Заклікаў да гвалтоўных дзеянняў з боку ўдзельнікаў не зафіксавана.
- Мела месца контр-дэманстрацыя: адзін чалавек у 15 метрах ад асноўнай групы пікетоўшчыкаў размахваў дзяржаўным сцягам, трымаў партрэт прэзідэнта і бесперапынна выкрыкваў “Жыве Лукашэнка, Жыве Беларусь!”. Некаторыя людзі выказвалі яму вусныя заўвагі, але вялікіх канфліктаў зафіксавана не было. Супрацоўнікі міліцыі не прымалі мераў па ахове пікетоўшчыкаў і контр-дэманстрантаў паміж сабой (толькі 2-3 чалавекі ў цывільным моўчкі назіралі збоку).
- Удзельнікі выкарыстоўвалі палатно з чырвонай фігурай чалавека на белым фоне, майкі “Лукашэнка сыходзь” і налепкі “Байкот” на вопратцы.
- Выкарыстоўвалася наступная сімволіка: бела-чырвона-белыя сцягі (4, 1 з іх на флагштоку), сцяг Аб’яднанай грамадзянскай партыі на флагштоку.
- Ужываўся лозунг: “Жыве Беларусь” (некалькі разоў выкрыкванне з хлопаннем у рытм).
- Адбыліся выступы ў мегафон Мікалая Статкевіча (заклікаў у дзень выбараў 11 кастрычніка 2015 года знаходзіцца ў іншых месцах, чым выбарчыя ўчасткі), Уладзіміра Някляева і Анатоля Лябедзькі.
- Патрабаванняў да ўдзельнікаў з боку арганізатараў не паступала.
- Падчас масавага мерапрыемства супрацоўнікі міліцыі не ўжывалі фізічную сілу.
- Назіральнікі не зафіксавалі машын хуткай дапамогі.
- Некаторы перыяд натоўп вакол групы пікетоўшчыкаў ствараў перашкоды для прахожых.
- Людзі пачалі разыходзіцца з месца пікета каля 18:40, але невялікая група людзей вакол Мікалая Статкевіча яшчэ прысутнічала каля гадзіны.
Рэкамендацыі
Арганізатарам:
- Больш арганізавана выбудоўваць прастору для пікету, каб не замінаць праходу грамадзян і больш відавочна выказваць меркаванне групай асобаў.
Супрацоўнікам праваахоўных органаў:
2) ажыццяўляць ахову грамадскага парадку падчас масавых мерапрыемстваў у форменнай вопратцы, а таксама быць пазначанымі ідэнтыфікацыйнымі карткамі (бэйджамі ці нагруднымі знакамі);
3) абазначаць кантактную асобу з ліку супрацоўнікаў міліцыі для камунікацыі з назіральнікамі, СМІ і арганізатарамі масавага мерапрыемства;
4) спыніць адміністратыўны працэс у дачыненні да Мікалая Статкевіча ў сувязі з рэалізацыяй ім права на свабоду сходаў, гарантаванага арт.35 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, арт.19 і 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах і іншымі міжнароднымі дакументамі ў галіне правоў чалавека.
Суб’ектам, якія валодаюць правам заканадаўчай ініцыятывы:
5) ініцыяваць змены ў беларускае заканадаўства з мэтай прывядзення яго ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне свабоды мірных сходаў.
Фота: Арцём Лява