viasna on patreon

У Гомелі судзілі сям’ю Годараў за “жыллёвы” пікет у цэнтры горада

2015 2015-09-09T12:34:07+0300 2015-09-09T12:34:07+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/godar.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Яўген і Азалія Годары

Яўген і Азалія Годары

8 верасня ў Гомелі адбыўся суд над Яўгенам і Азаліяй Годарамі, якія зладзілі пікет у цэнтры горада. Выйсці на вуліцу з плакатам іх прымусіла нявыкананая дамова аб будаванні жылля. Замест 51,6 сям’я атрымала 48,3 квадратныя метры. Акцыя стала чарговым этапам змагання сям’і за недаатрыманыя метры жыллёвай плошчы.

“Мы будавалі кватэру, былі інвестарамі. Нас падманулі, не выканалі дамову. Адрэзалі нашу прыбіральню і загналі нас у склеп. Старшыня адміністрацыі Гарбачоў заявіў, што мая плошча — гэта склеп пад падлогай, якога няма”, — кажа Азалія Годар.

Пасля першага звароту ў суд Годары адчулі на сабе ганенні і паклёпы, аднак змагання не спынілі. Яны прайшлі праз розныя інстанцыі і больш за два дзясяткі судоў, але нічога не дабіліся. Прычыну гэтага сям’я бачыць у карупцыйнай схеме, галоўную ролю ў якой адводзіць кіраўніку таварыства ўласнікаў жылля Уладзіміру Нікіфараву.

“Мы змагаемся з велізарнай мафіяй. Я выйшла на пікет, бо атрымала ліст з аддзелу прымусовага выканання, што мы павінны выступіць супраць усіх сваіх скаргаў, напісаць, што гэтыя скаргі былі незаконныя, адхіліць свае скаргі”, — распавяла Азалія Годар.   

На пікеце сямейная пара разгарнула плакат з тэкстам: “Якія “выбары”, калі расквітнела карупцыя? Прававы нігілізм — кругавая парука. Суды — цацка ў руках бязмежнікаў. Адміністрацыя — выканкам — пракуратура. Мы пацярпелыя падманутыя дольшчыкі! Мы трапілі пад ганенні!”.

Праз некаторы час Годараў затрымала міліцыя і склала на іх пратакол.

Паводле рашэння суда, кожны з пікетчыкаў вымушаны выплаціць штраф у памеры 360 тысяч беларускіх рублёў. Сямейная пара не збіраецца абскарджваць прысуд, бо не бачыць у гэтым сэнсу, аднак у змаганні з карупцыяй гатовая ісці да КПЧ ААН.

"Гомельская Вясна".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства