Жанне Пцічкінай не даюць азнаёміцца з пастановай Генпракуратуры па справе аб смерці сына (аўдыё)

2015 2015-09-08T18:03:00+0300 2015-09-08T18:51:23+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/zanna_ptichkina.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Жана Пцічкіна, маці памерлага ў СІЗО Ігара Пцічкіна (фота Радыё "Свабода")

Жана Пцічкіна, маці памерлага ў СІЗО Ігара Пцічкіна (фота Радыё "Свабода")

Маці Ігара Пцічкіна, які памёр у СІЗА на Валадарцы 4 жніўня 2013 года, Жанна Пцічкіна працяглы час дамагаецца аднавіць справядлівасць, высветліць акалічнасці смерці сына і прыцягнуць да крымінальнай адказнасці асоб, павінных у гэтай трагедыі.  Яе доўга не дапускалі да азнаямлення з матэрыяламі праверкі па крымінальнай справе. Хаця папярэдняе расследаванне па факце смерці І. Пцічкіна было завершана яшчэ ў студзені 2015 года.

Напачатку чэрвеня з  адказу Генеральнай пракуратуры на сваю скаргу аб спыненні крымінальнай справы па факце смерці яе сына,  Жанна Пцічкіна даведалася, што пастанова аб спыненні крымінальнай справы ад 29.12.2014 адменена і справа зноў накіраваная ў Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь на новы разгляд. Акрамя таго, у Следчы камітэт былі перададзеныя дадатковыя матэрыялы, прадастаўленыя Жаннай Пцічкінай, для азнаямлення і далучэння іх да справы. Сярод іх і фотаздымкі Ігара Пцічкіна ў момант паступлення ў следчы ізалятар і праз 4 дні, калі ён ужо памёр.

Цалкам зразумелым падаецца жаданне Жанны Пцічкінай  азнаёміцца са зместам гэтай пастановы Генпракуратуры, аднак напрыканцы чэрвеня начальнік упраўлення Генеральнай пракуратуры  І. Сяўрук адмовіў ёй ў прадастаўленні копіі пастановы, якая адмяняла ранейшае рашэнне  аб спыненні папярэдняга расследавання па факце смерці сына. Прычына адмовы заключаецца ў тым, што "прынятае рашэнне закранае таксама інтарэсы іншых удзельнікаў крымінальнага працэсу".

Тады Жанна Пцічкіна звярнулася з такой жа просьбай ў Следчы камітэт. Аднак, як аказалася, гэтай пастановы ў матэрыялах крымінальнай справы ўвогуле няма.

Юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Павел Сапелка з гэтай нагоды адзначае наступнае:

“І я асабіста, і Праваабарончы цэнтр “Вясна” прымаем пэўны ўдзел у аказанні дапамогі Жанне Пцічкінай, якая паставіла перад Следчым камітэтам задачу прыцягнуць да крымінальнай адказнасці асоб, павінных ў смерці яе сына ў следчым ізалятары №1 г. Мінска. На жаль, следства ад самага пачатку пайшло такім шляхам, каб цалкам закрыць усе матэрыялы, якія тычацца папярэдняга расследавання гэтай справы. У прыватнасці, у Жаны Пцічкінай узялі падпіску аб неразгалошванні дадзеных папярэдняга расследавання. І яна нават не можа ўцямна распавесці, што адбываецца ў ходзе расследавання па крымінальнай справе. Таму нашыя з ёй кансультацыі у асноўным абмяжоўваюцца пытаннямі агульнага характару: я тлумачу ёй працэсуальныя правы і працэсуальныя абавязкі следчага камітэта, які вядзе следства. У прыватнасці, я прапанаваў Пцічкінай, калі яна пыталася, як ёй даведацца пра следчыя дзеянні, якія яшчэ можна правесці: звярнуцца да Пастановы Генеральнай пракуратуры, якая адмяняла першапачатковую пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы. Насамрэч выйшла так, што Пцічкіна, звярнуўшыся ў Следчы камітэт,з патрабаваннем азнаёміць яе з гэтай пастановай пракуратуры, дзе былі б указаныя недахопы і памылкі следства, якое цягнецца ўжо досыць доўга, даведалася, што гэтай пастановы ў матэрыялах крымінальнай справы ўвогуле няма. Гэта  выклікае вялікае здзіўленне. Што ж тады насамрэч расследуе Следчы камітэт, якімі ўказаннямі ён пры гэтым кіруецца. Лічу гэта яўным парушэннем працэсуальных правоў Жаны Пцічкінай, як пацярпелай па дадзенай крымінальнай справе”.

Жанна Пцічкіна мае намер яшчэ раз звярнуцца са скаргаю ў Генеральную пракуратуру:

“ Ну вось, узбудзілі па-новаму крымінальную справу на доктара, які не змог аказаць сыну медычную дапамогу, ужо даказалі нарэшце, што ён не наркаман і алкаголік. Мне ж дагэтуль не даюць прачытаць, на падставе чаго справа заведзеная і ніяк гэтага немагчыма дабіцца. Мы ізноў чарговую скаргу будзем рыхтаваць наконт гэтага. Зразумела, што справа заведзеная на доктара, чаму ён не аказаў медычную дапамог,чаму нікога не запрасіў іншага, чаму ён сцвярджае, што сыну нават і рэанімацыя б не дапамагла, ніхто б ужо не дапамог. Калі ён не алкаголік і не наркаман, дык чаму б яму тады не дапамаглі? Гэта ўсё павінна быць у пастанове Генеральнай пракуратуры, але яны ізноў жа бяруць у мяне падпіску аб неразгалошванні. Гэта на маю думку робіцца дзеля таго, каб схаваць сляды злачынства, сляды забойства. Я ў гэтым перакананая. Але што за таямніца тут можа быць?

Наконт адсутнасці пастановы Генеральнай пракуратуры у матэрыялах справы мне нічога не кажуць. Нават на сінякі не хацелі звяртаць увагі, раней пісалі, што няма ніякіх сінякоў, зараз, праўда, следчы ўзяў фотаздымкі ў мяне, калі сын вісіць на турніку і калі знаходзіўся ў моргу, дык там і там  сінякі аднолькавыя. Таму я мяркую, што сын памёр у вісячым становішчы. Ня ведаю, ці далучаць іх да справы ці звернуць увагу. Зараз ізноў буду абскарджваць у Генеральную пракуратуру тое, што не дазваляюць азнаёміцца з таямнічай  пастановай і чаму на сінякі не звяртаюць аніякай увагі. А самае галоўнае: чаму следчыя зацягваюць гэтую крымінальную справу?”

Нагадаем, Ігар Пцічкін памёр у СІЗА 4 жніўня 2013 ад спынення сэрца, прычыны якога не высветлены. Блізкія памерлага думаюць, што смерць наступіла ў выніку збіцця Ігара ахоўнікамі ізалятара, бо на яго целе было мноства сінякоў і слядоў збіцця.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international