Бялыніцкія ўлады адправілі кандыдатаў агітаваць у Ліпавы гай

2015 2015-09-07T14:48:17+0300 2015-09-07T14:48:17+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/maladzechna-mescy-agit.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

На сайце Бялыніцкага райвыканкама з’явілася рашэнне №25-8 ад 4 верасня 2015 г. “Аб стварэнні ўмоў для правядзення перадвыбарчай агітацыі кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь”.

Агітацыйныя матэрыялы кандыдаты ў дэпутаты змогуць размяшчаць у памяшканнях, дзе знаходзяцца ўчастковыя камісіі (да правяддзення датэрміновага галасавання), на інфармацыйных стэндах у памяшканнях адміністрацыйных будынкаў сельскіх Саветаў дэпутатаў, крам, устаноў культуры і адукацыі, арганізацый раёна. Па незразумелых прычынах Бялыніцкі райвыканкам не дазволіў размяшчэнне агітацыйных друкаваных матэрыялаў на інфармацыйных стэндах, дошках аб’яў каля шматкватэрных жылых дамоў, дзе пра кандыдатаў у прэзідэнты РБ і іх праграмы змаглі б прачытаць нашмат больш людзей.

Згодна райвыканкамаўскага рашэння таксама вызначаны месцы для правядзення сустрэч кандыдатаў на пасаду прэзідэнта з выбаршчыкамі на тэрыторыі Бялыніцкага раёна. У гарадскім пасёлку Бялынічы такім месцам будзе раённы Цэнтр культуры, на тэрыторыі сельскіх саветаў раёна – памяшканні мясцовых клубаў і дамоў культуры.

Адзінае і вельмі цікавае месца вызначылі бялыніцкія ўлады для правядзення ў апавяшчальным парадку масавых мерапрыемстваў (сходаў па за памяшканнямі, пікетавання, мітынгаў), якія арганізуюцца кандыдатамі на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і іх даверанымі асобамі на тэрыторыі Бялыніцкага раёна. Гэтым месцам стала пляцоўка перад сцэнай у Ліпавым гаі г. п. Бялынічы, дзе ў звычайны дні людзей пабачыць даволі цяжка. Праводзіць масавыя мерапрыемства ў гэтым месцы кандыдатам не мае абсалютна ніякага сэнсу, бо звычайна ў Ліпавы гай людзі прыходзяць толькі на канцэрты альбо на святкаванне нейкіх гарадскіх святаў. У параўнанні з прэзідэнцкімі выбарамі 2010 года ўмовы для правядзення агітацыйных пікетаў таксама рэзка пагоршыліся, бо тады іх правядзенне было дазволена ў значна большай колькасці месцаў, іх можна было праводзіць практычна па ўсім гарадскім пасёлку.

Мясцовыя дэмакратычныя актывісты лічаць, што рашэнне Бялыніцкага райвыканкама скіраванае на тое, каб стварыць цяжкасці ў працы для каманды Таццяны Караткевіч. Таццяна Караткевіч – адзіная з прэтэндэнтаў у кандыдаты, якая падчас перадвыбарчай кампаніі двойчы наведвала Бялыніцкі раён. У Бялынічах жыве і працуе прадпрымальнік Алег Мяцеліца, які з’яўляецца намеснікам старшыні кампаніі “Гавары праўду” і, верагодна, будзе даверанай асобай Таццяны Караткевіч у выпадку яе рэгістрацыі кандыдатам.

Райвыканкам таксама вызначыў, што ўсе перадвыбарчыя мерапрыемствы кандыдатаў у прэзідэнты РБ і іх давераных асоб будуць праводзіцца “ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь”.

Кантроль за выкананнем райвыканкамаўскага рашэння ўскладзены на намесніка старшыні Бялыніцкага райвыканкама па ідэалогіі Андрэя Ганчука.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international