Былы палітвязень Юры Рубцоў застаўся бяз працы

2015 2015-09-07T09:55:32+0300 2015-09-07T09:55:32+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/rubcou_jury.jpg
Палітвязень Юры Рубцоў. Фота Радыё Свабода.

Палітвязень Юры Рубцоў. Фота Радыё Свабода.

Былога палітвязьня Юрыя Рубцова зГомеля неўзялі наранейшую працу ўаўташколу майстрам вытворчага навучаньня— спаслаліся наэканамічныя цяжкасьці. 4 верасьня Рубцоў наведаў гарадзкі цэнтар занятасьці й сацыяльнай абароны, каб паспрабаваць знайсьці працу альбо стаць на ўлік як беспрацоўны.

У гарадзкі цэнтар занятасьці на Пралетарскай вуліцы Юры Рубцоў прыйшоў а дзясятай раніцы, адмахаўшы кілямэтры тры пехатою. Прызвычаіўся пасьля вызваленьня з Бабруйскай калёніі мераць гарадзкія вуліцы нагамі — і за праезд плаціць ня трэба, і фізычную форму такім чынам падтрымліваць лацьвей.

Зь якімі ж надзеямі нядаўні палітвязень пераступае парог гарадзкой біржы працы?

Рубцоў: «Цяжка казаць пра нейкія надзеі, але ж працаваць трэба. Трэба неяк жыць, штосьці сабе і ўнукам купляць. Трэба жыць, трэба працаваць».

У аўташколу, дзе да накіраваньня на «хімію» Юры займаўся навучаньнем кіроўцаў, яго не ўзялі — спаслаліся на эканамічныя цяжкасьці. А быць дармаедам былы палітвязень не жадае. Тым больш — плаціць уладам за сваё беспрацоўе 3 мільёны 600 тысяч рублёў новага падатку:

«Уладзе няма асаблівай розьніцы, якім чынам узяць грошы ў чалавека — не даплачваць яму поўны заробак альбо, калі не працуеш, спаганяць грошы так».

У калідорах цэнтру занятасьці поўна людзей. Перадусім чэргі ў два кабінэты, якія займаюцца працаўладкаваньнем і кансультацыямі. Раней тут дзейнічала так званае «акно першаснага прыёму», але цяпер яно пустуе. Рубцоў спрабуе праз усталяваны каля «акна» манітор інфармацыі адшукаць якую вакансію. Але ўрэшце накіроўваецца да чаргі, каб даведацца, як і адкуль яму пачынаць.

Некаторыя чаргоўцы пазнаюць Рубцова і пускаюць яго спытацца ў кабінэце, як быць, калі чалавек першы раз зьвяртаецца па дапамогу.

Усяго на хвіліну зьнікае за дзьвярыма кабінэту былы палітвязень — і вяртаецца:

 «Сказалі, што трэба прыйсьці з раніцы, узяць спачатку ў іхнім кабінэце талён і потым сядзець і чакаць сваёй чаргі, калі выклічуць паводле талёна. На сёньня талёны ўжо скончыліся. Таму пайду дахаты, няма чаго тут заставацца. Дазнаўся, праўда, якія дакумэнты патрэбныя. Вось толькі невядома, дзе ўзяць даведку пра сярэдні заробак за апошнія 12 месяцаў — хіба ў Купліне? Ці даведку пра самастойнае працаўладкаваньне? Бюракратыя жыве, працягвае сваю дзейнасьць».

Паколькі ў суботу і нядзелю цэнтар занятасьці не працуе, то Юры Рубцоў мае зноўку наведаць яго на будучым тыдні. І ўжо не а дзясятай гадзіне, а хіба а палове на дзявятую, калі прыём толькі пачынаецца і зьбіраецца ладная чарга па талёны — нібыта ў паліклініцы.

Рубцоў мае ўсе катэгорыі кіроўцы — ён можа працаваць і на аўтобусе, і на аўтафургоне, і на лесавозе. У Купліне, калі Юры адбываў пакараньне «хіміяй» нібыта за абразу судзьдзі, ён патрабаваў заробку ў 600 даляраў — такі сярэдні памер заробку па краіне фігураваў у афіцыйных заявах прадстаўнікоў улады.

Ці мае намер палітвязень шукаць працу з такім заробкам на волі, у родным Гомелі?

Рубцоў: «Там я павінен быў працаваць, ад мяне патрабавалі падпісаць працоўную дамову. Таму там у сілу абавязаньня я мог патрабаваць такога заробку. Цяпер я дамову мушу падпісваць сам, добраахвотна. І тут, мяркуючы па памеры заробкаў у аб’явах, бачу, што яны толькі на 80, на 100, на 500 тысяч перавышаюць мінімальны заробак, вызначаны ў краіне. Да прыкладу, вакансія кіраўцы лесавоза — гэта негабарытны груз, цяжкая праца, а заробак — 2 мільёны 180 тысяч. Гэта ня толькі крыўдна, гэта проста абраза».

Былы гомельскі палітвязень Юры Рубцоў быў вызвалены з Бабруйскай папраўчай калёніі 22 жніўня паводле сакрэтнага ўказу Аляксандра Лукашэнкі аб памілаваньні шасьці палітнявольнікаў. Ён ужо стаў на прафіляктычны нагляд у Крымінальна-выканаўчай інспэкцыі аддзелу ўнутраных спраў адміністрацыі Савецкага раёну Гомеля, і нагляд за актывістам будзе весьціся цягам 24 месяцаў. Цяпер Юры спрабуе знайсьці працу, каб ня трапіць у яшчэ адзін сьпіс — дармаедаў.

Афіцыйна Рубцову прысудзілі два гады пазбаўленьня волі ў калёніі за «ўхіленьне ад адбыцьця пакараньня». На «хіміі» ў вёсцы Куплін Пружанскага раёну ён патрабаваў працы з абвешчаным у краіне сярэднім заробкам — 600 даляраў. Адміністрацыя камэндатуры, у сваю чаргу, складала акты, што Рубцоў працаваць ня хоча.

Актывіста пакаралі абмежаваньнем волі на паўтара года за абразу менскага судзьдзі Кірыла Палулеха, які судзіў Рубцова напаўразьдзетага пасьля Чарнобыльскага шляху-2014. Міліцыя садрала зь яго майку з надпісам «Лукашэнка, сыходзь».

Перасьлед Юрыя Рубцова пачаўся яшчэ ў 2013 годзе, калі ён пачаў прыяжджаць у Менск на акцыі апазыцыі ў майцы з надпісам «Лукашэнка, сыходзь». За гэта яго й празвалі «чалавекам-майкай». Рубцова некалькі разоў саджалі ў ізалятар. Актывіст абвяшчаў галадоўкі і абскарджваў судовыя рашэньні.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international