“Саўмін наўрад ці зразумее тых, хто вучыўся ў спецшколе”

2015 2015-09-01T15:17:02+0300 2015-09-01T15:17:55+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/ucioki-magileu.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

24 жніўня з Магілёўскай спецшколы закрытага тыпу ў чарговы раз збеглі двое навучэнцаў. Іх знайшлі праз некалькі дзён: хлопцы хаваліся на гарышчах гарадскіх шматпавярховак. Аднак гэтае здарэнне стала нагодай для выязднога пасяджэння Камісіі па справах непаўналетніх пры Савеце міністраў.

Прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў сабраліся ў Крывічах, на базе спецыяльнага лячэбна-выхаваўчага прафесійна-тэхнічнага вучылішча закрытага тыпу, каб прааналізаваць сітуацыю з цяжкімі падлеткамі.

Як паведамляе tut.by, падчас пасяджэння міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў звярнуў увагу на тое, што ва ўсіх ўстановах такога тыпу ў адным і тым жа асяроддзі ўтрымліваюцца тыя, каму неабходна лячэнне ад алкагольнай і нікацінавай залежнасці, і тыя, хто трапіў туды, будучы злосным парушальнікам грамадскага парадку. На актуальнасць гэтага пытання таксама звярнула ўвагу і намеснік прэм'ер-міністра Беларусі  Наталля Качанава, пагадзіўшыся, што гэта няправільна. Аднак, па яе словах, весці размову аб адкрыцці спецыялізаванай установы для залежных падлеткаў пакуль заўчасна.

Вось таму ўсе гэтыя катэгорыі цяжкіх падлеткаў знаходзяцца разам, у адной навучальнай установе. А адсюль – узнікаюць розныя канфлікты, якія нярэдка становяцца прычынамі ўцёкаў са спецустаноў закрытага тыпу.

Пасля дэталёвага аналізу сітуацыі з уцёкамі, камісія Саўміна вырашыла пайсці “простым і правераным” шляхам: падлеткаў трэба больш сур'ёзна караць за ўцёкі са спецустаноў, нават не задаючыся пытаннем: «А раптам са спецшколай нешта не тое?”

Юрыст Павел Сапелка, які даследваў некаторыя аспекты дзейнасці закрытых вучэбна-выхаваўчых і лячэбна-выхаваўчых устаноў, каментуе сітуацыю з пункту гледжання фактычнага абмежавання свабоды для падлеткаў, якое сарамліва хаваецца за словамі “спецыяльная школа”.

“Чыноўнікі вырашылі змагацца з наступствамі, ня задаючыся пытаннем пра прычыны. Спачатку пад адным дахам збіраюць звычайных падлеткаў-хуліганаў і тых, хто здзейсніў злачынства, але не дасягнуў ўзросту прыцягнення да крымінальнай адказнасці або быў вызвалены ад крымінальнай адказнасці; сарамліва называюць гэта спецыяльнай навучальнай установай, хоць гэта - пазбаўленне волі, толькі без калючага дроту на плоце. Калі ёсць несвабода, адкуль можна бегчы - будуць бегчы і далей.

Назавіце рэчы сваімі імёнамі: гэта ніякая не школа, гэта выпраўленчы цэнтр. Змяшчайце туды толькі тых, хто здзейсніў злачынства. І стварыце ўмовы, якія перашкаджаюць уцёкам. За парушэнне карайце нарадамі і штрафным ізалятарам, і не прыдумляйце яму загадкавую назву «пакой рэадаптацыі». Бо што такое рэадаптацыя? Гэта комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на аднаўленне згубленых або аслабленых рэакцый чалавека, якія садзейнічаюць яго прыстасаванню да ўмоў працы і побыту. Якім чынам 2 дні знаходжання ў асобным замкнёным пакоі аднаўляе рэакцыі і прыстасоўвае да працы і побыту?

І, нарэшце, хоць па адным факце ўцёкаў была праведзена праверка пракуратурай? Ці былі ўстаноўленыя пазаведамаснай праверкай прычыны гэтых ўцёкаў?”

Па звестках, прадастаўленых Міністэрствам адукацыі, у рэспубліцы тры спецыяльныя  вучэбна-выхаваўчых ўстановы і адна лячэбна-выхаваўчая ўстанова: установы адукацыі «Магілёўская дзяржаўная спецыяльная школа закрытага тыпу», «Магілёўскае дзяржаўнае спецыяльнае прафесійна-тэхнічнае вучылішча закрытага тыпу № 2 дрэваапрацоўкі», «Петрыкаўскае дзяржаўнае спецыяльнае прафесійна-тэхнічнае вучылішча закрытага тыпу № 1 лёгкай прамысловасці», лячэбна-выхаваўчую ўстанова« Крывіцкае дзяржаўнае спецыяльнае прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 3 закрытага тыпу».

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international