viasna on patreon

У Смаргоні па патрабаванні назіральніка з участковай камісіі выключылі двух чалавек

2015 2015-09-01T11:20:30+0300 2015-09-01T11:20:30+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/siabry_kamisii.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

   25 жніўня Смаргонскі райвыканкам на паседжанні зацвердзіў склад участковых камісіяў. Прозвішчы прэтэндэнтаў не называліся, не абмяркоўваліся, дакладчыкам аб'яўляліся толькі нумары камісій і колькасны склад. 
  Пасля пасяджэння назіральнік кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Алесь Дзергачоў, які прысутнічаў на ім, папрасіў дазволу прагледзець дакументы аб вылучэнні прэтэндэнтаў у склад участковых камісій на прыкладзе адной з іх. Яму было дазволена прагледзець дакументы ўчастковай камісіі №6. Пры праглядзе ён звярнуў увагу, што адны і тыя ж выбаршчыкі падпісаліся за вылучэнне ў склад камісіі двух грамадзян, што не дазваляецца выбарчым заканадаўствам.

   На гэтай падставе Дзергачоў звярнуўся ў раённую камісію па выбарах, райвыканкам і раённую пракуратуру з патрабаваннем адмяніць рашэнне райвыканкама ў частцы складу выбарчай камісіі №6. Пракуратура перанакіравала скаргу ў раённую камісію. Камісія ж паведаміла, што гэта пытанне – кампетэнцыя райвыканкама. 
На наступны дзень, 26 жніўня, райвыканкам прыняў рашэнне "Аб унясенні зменаў у рашэнне Смаргонскага раённага выканаўчага камітэта ад 25 жніўня 2015 г. №676", якім два сябры камісіі былі выключаны з яе складу. 
   Гэта няпланавае рашэнне прынята негалосна, заяўнік на яго не быў запрошаны, пра правядзенне дадатковага паседжання не была дадзена інфармацыя на старонцы сайта райвыканкама, прысвечанай выбарам.

   Пра правядзенне гэтага пасяджэння райвыканкам інфармаваў заяўніка  лістом, адпраўленым на наступны дзень – 27 жніўня. На старонцы ж сайта райвыканкаму аб выбарах паведамлена, што 25 жніўня прынята рашэнне пра фармаванне участковых выбарчых камісій, якое будзе размешчана ў чарговым выпуску раённай газеты “Светлы шлях”. Так яно і адбылося, але публікацыя не ўтрымлівала інфармацыі пра тое, што рашэнне ад 25 жніўня скарэктаванае рашэннем ад 26 жніўня.  

   Па меркаванні Алеся Дзергачова, гэты выпадак – чарговае сведчанне зачыненасці і непразрыстасці выбарчага працэсу.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства