viasna on patreon

Астравецкі раённы суд прызнаў неўключэнне ў камісію Мікалая Уласевіча абгрунтаваным

2015 2015-08-31T23:35:21+0300 2015-09-01T09:54:36+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sudy.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

   Астравецкі раённы суд адмовіў актывісту АГП Мікалаю Уласевічу ў задавальненні скаргі на дзеянні райвыканкаму па неўключэнні яго ў склад Варнянскай участковай камісіі №7. Справу разглядаў старшыня Астравецкага раённага суда Аляксандр Дзямешчык з удзелам намесніка пракурора раёна Дзмітрыя Дамарада. Адказчыка ў судзе прадстаўляла начальнік аддзелу арганізацыйна-кадравай працы Астравецкага райвыканкаму Галіна Махневіч.

   Усе довады Уласевіча на разглядзе скаргі так і не пераканалі суддзю. Суддзя прадказальна ўзяў бок прадстаўніка выканаўчай улады. Адзіны аргумент райвыканкаму заключаўся ў тым, што выключнае права на фармаванне ўчастковых камісій маюць органы выканаўчай улады. Уласевіч і не аспрэчваў гэта, але даводзіў, што ён, як грамадзянін, тым больш з вялікім досведам працы на выбарах, мае права быць уключаным у склад участковай камісіі, а фармаванне такіх камісій павінна быць адкрытым і празрыстым.

   Не ўзяў пад увагу суд і тыя факты, што ў час знаёмства Мікалая Уласевіча з матэрыяламі справы ён выявіў, што як мінімум два чалавекі былі ўключаны ў склад Варнянскай участковай камісіі №7 сумнеўна. У адным выпадку з 12 подпісаў грамадзянаў за ўключэнне прадстаўніка ў склад камісіі 3 подпісы нельга было прызнаваць сапраўднымі, паколькі яны былі няпоўнымі, без поўных дадзеных грамадзян. У іншым выпадку ўсе подпісы за прэтэндэнта былі сабраныя відавочна з выкарыстаннем адміністрацыйнага рэсурсу, паколькі ў заяве грамадзянаў стаялі 10 подпісаў грамадзян, якія працуюць выключна ў адной маленькай дзяржаўнай установе, з якой ва ўчастковую камісію трапілі ажно два чалавекі, праўда рознымі спосабамі вылучэння.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства