Мікалай Аўтуховіч не губляе аптымізму і будзе аспрэчваць працяг прэвентыўнага нагляду далей

2015 2015-08-28T14:31:18+0300 2015-08-28T14:38:18+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/autuhovich-6.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Мікалай Аўтуховіч. Фота: "Беларускі партызан".

Мікалай Аўтуховіч. Фота: "Беларускі партызан".

Сапраўдным судзілішчам называе ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч рашэнне судовай калегіі Гродзенскага абласнога суда, якая 27 жніўня пакінула без зменаў рашэнне Ваўкавыскага раённага суда аб працягу над ім прэвентыўнага нагляду яшчэ на паўгода.

Мікалай Аўтуховіч, каментуючы “выбрыкі Феміды”, перакананы ў іх замоўным характары:

“У чарговы раз суддзі проста выканалі загад, нават не ўнікаючы ў нейкія юрыдычныя аспекты. Пры гэтым яны робяць выгляд, што ўсё адбываецца правільна і справядліва. А як тут яшчэ патлумачыш, калі табе ўначы прыносяць дахаты позву ў суд, які адбудзецца заўтра, альбо калі дакументы з  абласнога суда ў ваўкавыскі  суд лётаюць за чатыры гадзіны,  нібы па паветры, калі звычайна на гэта сыходзяць тыдні”.

Сапраўды, на судзе высветлілася, што ў справе адсутнічае пратакол судовага паседжання, згодна з якім Аўтуховічу быў працягнуты прэвентыўны нагляд. Аўтуховіча азнаёмілі зусім з іншым пратаколам, пазначаным чамусці ліпенем, а не жніўнем.

 Адвакат таксама звярнуў увагу на такую акалічнасць: факт разгляду справы ў Ваўкавыскім раённым судзе адбыўся без удзелу самога Аўтуховіча, які знаходзіўся ў шпіталі і хадайнічаў аб пераносе справы. Фактычна ён быў пазбаўлены права на абарону, гарантаванае заканадаўствам.

Апроч таго, адвакат зазначыў заангажаванасць судовага працэсу, паколькі пасля першага суда ў Ваўкавыску, які адмовіў у падаўжэнні прэвентыўнага нагляду, была вельмі хутка тэрмінова праведзеная абласная судовая калегія, дзе адмянілі рашэнне суда, а ўжо на наступны дзень, з касмічнай хуткасцю, адбылося паўторнае паседжанне Ваўкавыскага раённага суда.

Фактычна, на паўторным паседжанні прэвентыўны нагляд прадпрымальніку быў працягнуты на паўгады ўсяго за адно нязначнае парушэнне.

Усе гэтыя довады былі ігнараваныя як пракурорам, так і калегіяй суддзяў.

Мікалай Аўтуховіч чакаў падобнага выніку і зусім не губляе аптымізму:

“ Трэба йсці далей, шукаць іншыя магчымасці для аднаўлення справядлівасці. Ёсць магчымасць абскардзіць рашэнне ў старшыні Гродзенскага абласнога суда, а калі патрабуецца –  то і ў Вярхоўным судзе. Далей – скарга ў Камітэт пра правах чалавека ААН. Галоўнае - не губляць аптымізму”.

- Незразумела і нелагічна ў гэтай справе толькі адно, - кажа Аўтуховіч. - З аднаго боку ўлады адпусцілі на волю палітвязняў,  дык чаму тады не пакідаюць у спакоі мяне? Баяцца мяне, ці што? Ці працягваюць падманваць Лукашэнку, гаворачы  яму,  што яшчэ з 2009 года ў гэтага Аўтуховіча  недзе прыхаваныя грузавікі са зброяй.  Дык гэта ж не іголка у стозе сена… Хопіць ужо страшыць прэзідэнта”.

Нагадаем, прэвентыўны нагляд над Мікалаем Аўтуховічам Ваўкавыскі раённы суд адмяніў 17 ліпеня. А 5 жніўня Гарадзенская абласная судовая калегія адмяніла рашэнне раённага суда. На другі дзень у Ваўкавыску адбыўся паўторны працэс, на якім нагляд Аўтуховічу быў працягнуты яшчэ на паўгода. Трэба дадаць, што ў гэты дзень мусіў скончыцца тэрмін ранейшага нагляду і Аўтуховіча пазбавіўся б усіх абмежаванняў, звязаных з наглядам.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international