viasna on patreon

Суд стаў на бок падатковай у справе праваабаронцы Леаніда Судаленкі

2015 2015-08-26T18:36:55+0300 2015-08-26T18:36:55+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sudalienka-dp.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Леанід Судаленка, актывіст кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”

Леанід Судаленка, актывіст кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”

26 жніўня суд Савецкага раёна Гомеля ў асобе суддзі Юрыя Валашыненкі вынес рашэнне па грамадзянскай справе праваабаронцы Леаніда Судаленкі. Судом вырашана ў задавальненні зыскавых патрабаванняў адмовіць. Праваабаронца спрабаваў праз суд абавязаць падатковую інспекцыю «рассакрэціць» інфармацыю, якая непасрэдна тычыцца заяўніка. Гаворка ідзе аб патрабаванні падактовай прадставіць дэкларацыю аб прыбытках і маёмасці, прычым пад грыфам «для службовага карыстання» і за апошнія 10 гадоў.

Прадстаўнікі падатковай заяўляюць аб тым, што ініцыятыва патрабаваць дэкларацыю належыць менавіта ім, але ж калі праваабаронца папярэдне прасіў іх пра гэта адказаць пісьмова, інспекцыя палічыла неабходным перавесці стасункі ў рэжым сакрэтнасці.

Згодна з заканадаўствам, прадстаўленне фізічнымі асобамі дэкларацый аб даходах і маёмасці ажыццяўляецца па пiсьмоваму патрабаванню падатковых органаў на падставе пісьмовага запыту органаў КДБ, унутраных спраў, пракуратуры. «Карыстаючыся канстытуцыйным правам на інфармацыю, я пацікавіўся, хто і на якой падставе хоча ведаць пра стан маіх прыбыткаў і маёмасці. Падатковая адмовілася прадставіць мне такую інфармацыю, суд таксама не задавоіў скаргу. Хоць па Канстытуцыі я маю права на атрыманне інфармацыі, якая тычыцца маёй асобы. Інспектары на судзе гаварылі пра «падатковую таямніцу», але ж я не патрабую інфармацыю пра другіх асоб, а пра самога сябе», - пракаментаваў Леанід Судаленка.

Спачатку інспекцыя Савецкага раёну Гомеля запатрабавала ад праваабаронцы дэкларацыю пра даходы і маёмасць за тры гады. Калі ён заявіў, што ўжо больш года як змяніў месца жыхарства, падатковая патрабаванне адклікала. Пасля таго, як праваабаронцу пакінула ў спакоі адна падатковая, за яго ўзялася другая – Гомельская раённая, па новаму месцы жыхарства. Тут запатрабавалі інфармацыю аб яго заработках у якасці старшыні ГА «Прававая ініцыятыва» за апошнія 10 гадаў, прычым патрабаванне аформлена пад грыфам «ДСК» (для службовага карыстання).

«Чаму падатковая цікавіцца маёй дзейнасцю як старшыні «Прававой ініцыятывы» - некамерцыйнай арганізацыі, дзе, як вядома, заробак мне не налічваецца і не выдаецца? Чаму патрабуюць справаздачу за 10 гадоў, калі па 2012 год уключна я ўжо па патрабаванні падатковай даваў справаздачу, чаму інфармацыя пра мяне пераведзена ў рэжым сакрэтнасці?» - на такія пытанні праваабаронцы ні падатковая, ні суд не далі адказу.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства