viasna on patreon

Памежнікі знялі з цягніка «Вільня-Мінск» праваабаронцу Леаніда Судаленку

2015 2015-08-25T21:54:23+0300 2015-08-25T23:20:37+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sudalenka-leanid-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Леанід Судаленка.

Леанід Судаленка.

25 жніўня чарговыя праблемы займеў на мяжы гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка, які вяртаўся з літоўскай сталіцы на Радзіму. «Ехаў цягніком «Вільня-Мінск», мытнікі праверылі – усё нармальна. Падышлі памежнікі для праверкі пашпарту, і тут жа пачалі па рацыі выклікаць галоўнага. Нічога забароненага я не правозіў, прапаноўваў тут жа правесці асабісты дагляд, як яны любяць гэта рабіць, але мне сказалі, што будуць здымаць мяне з цягніка на станцыі Маладзечна. Ніякіх прычын не тлумачылі», - паведаміў праваабаронца.

Леаніда Судаленку знялі з цягніка ў прыкладна 21.00 на станцыі "Маладэчна", прычым з прымяненнем фізічнай сілы. Трымалі там, на пункце мытнага дагляду "Маладэчна" Мінскай рэгіянальнай мытні да 23.00, правялі асабісты дагляд, склалі пратакол "асабістага мытнага дагляду", перапісалі ўсе, што было пры сабе - грошы, цукеркі сыну, нічога забароненага не выявілі і адпусцілі са словамі "вы свабодныя". Праваабаронца вымушаны чакаць іншы цягнік і неяк дабірацца дахаты за свае сродкі, бо квіток яму ніхто не кампенсуе. "Прынамсі, я буду дабівацца гэтага - кампенсацыі кошту праезду, бо мяне знялі з цягніка без ніякіх падстаў, і пры асабістым даглядзе не знайшлі нічога забароненага ці незадэклараванага", - пракаментаваў Леанід Судаленка. Ён заўважыў, што калі 12 чалавек мытнікаў і памежнікаў цягнулі яго з цягніка, то начальнік бег ззаду і крычаў: "Нічога не вымайце, нічога не вымайце".

Праваабаронца не першы раз з цяжкасцю перасякае мяжу праз пільную ўвагу памежнікаў да яго асобы. Неаднаразова Леанід Судаленка падвяргаўся асабістаму дагляду без дай прычыны, а ў траўні ў яго канфіскавалі ноўтбук. Зараз праваабаронца спрабуе вярнуць тэхніку праз суд. «Сённяшнія «прыгоды на мяжы» можна расцэньваць як помсту за тое, што я якраз суджуся зараз з Ашмянскай мытняй», - лічыць Леанід Судаленка.

Так, 18 жніўня ён звярнуўся з касацыйнай скаргаю ў Гродненскі абласны суд. Ён спрабуе аспрэчыць рашэнне раённага суддзі ў Ашмянах Таццяны Емяльяновіч, якая пакінула без задавальнення скаргу аб вяртанні канфіскаваных Ашмянскімі мытнікамі ноўтбука ды друкаваных носьбітаў інфармацыі.

24 траўня на памежным пераходзе “Каменны Лог” Ашмянскія мытнікі правялі ў дачыненні да абаронцы правоў асабісты дагляд. Леанід Судаленка лічыць, што такая форма мытнага кантролю не можа прымяняцца без дастатковых падстаў, таму вырашыў даведацца пра падставы праз суд.

Асабісты мытны дагляд з'яўляецца выключнай формай мытнага кантролю, які праводзіцца пры наяўнасці дастатковых падстаў меркаваць, што фізічная асоба хавае і добраахвотна не выдае тавары, якія перамяшчаюцца з парушэннем. «У маім выпадку я нічога не хаваў, мне наогул ніхто і нічога не казаў, зрабілі асабісты дагляд моўчкі. Каб высветліць падставы, я і звярнуўся ў суд, які, на жаль, адмовіўся разгледзець мае прэтэнзіі па сутнасці”, - каментаваў раней праваабаронца.

Ён просіць вышэйстаячую судовую інстанцыю адмяніць рашэнне суда першай інстанцыі і накіраваць справу на новы разгляд.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства