АГП выбірае актыўны байкот

2015 2015-08-24T18:11:10+0300 2015-08-24T18:11:10+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/liabedz-press-vybar-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Аб’яднаная грамадзянская партыя сабрала за свайго лідэра 52 158 подпісаў, як сцвярджае яе лідар. Гэтага недастаткова для рэгістрацыі Анатоля Лябедзькі кандыдатам у прэзідэнты, аднак з палітычнай кампаніі партыя сыходзіць не збіраецца.

Трэба памяняць правілы гульні

Як толькі скончыцца “час цішыні” Анатоль Лябедзька абяцае выйсці з пікетамі да людзей збіраць подпісы ў падтрымку сваёй праграмы “Мільён працоўных месцаў”, а таксама за адстаўку ўрада і кіраўніка Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай.

– Мы не ставілі самамэтай сабраць 100 000 подпісаў, але і не адмовіліся б, калі гэта адбылося, – зазначыў Анатоль Лябедзька на прэс-канферэнцыі, прысвечанай агляду вынікаў этапу збору подпісаў. – Пакуль што мы згубілі толькі выступы на дзяржаўным радыё і тэлебачанні, але працягнем працаваць з выбаршчыкамі. Зараз назіраецца поўны крызіс і дэградацыя лукашэнкаўска-ярмошынскай выбарчай мадэлі. Гэтая кампанія фіксуе падзел у апазіцыі на тых, хто лічыць, што ў існуючую сістэму можна ўпісацца, і на тых, хто хоча сістэму змяніць. Мы лічым, што ў такую сістэму нельга інтэгравацца, каб не стаць яе часткай. Самы лепшы вынік – гэта пустыя выбарчыя ўчасткі. Толькі гэта можа стымуляваць уладу памяняць правілы гульні перад будучай парламенцкай кампаніяй.

Старшыня АГП дадаў, што партыя не прэтэндуе на абсалютнае лідэрства, але гатовая быць інвестарам стварэння моцнай сілы, здольнай нешта змяніць.

Стаўка на збор подпісаў на прахадных не апраўдалася

АГП упершыню фарміравала сваю ініцыятыўную групу, скарыстаўшы магчымасці сацыяльных сетак. Каля 1 000 чалавек такім чынам далучыліся да збору подпісаў за Анатоля Лябедзьку.

– Слаба спрацаваў метад збору подпісаў “ад дзвярэй да дзвярэй”. Гэта тлумачыцца перш за ўсё летняй парой, калі людзей фактычна няма на месцы, але часам і проста не адчынялі дзверы. Калі ў мінулыя выбары нашы валанцёры збіралі за вечар 30-50 подпісаў, то сёлета – толькі 10-12, – ахарактарызаваў тэхнічныя моманты збору подпісаў кіраўнік ініцыятыўнай групы Віктар Карнеенка. – Не апраўдаўся і метад, на які мы спадзяваліся – збор подпісаў на прахадных прадпрыемстваў. Мы спадзяваліся, што народ, якому пагражае звальненне, будзе больш актыўным, але ж відавочна, што людзі ў роспачы.

Памылка гэтай кампаніі – недастатковая праца ў малых гарадах, дзе непрыняцце існуючай улады значна большае, чым у сталіцы. Станоўчы момант этапу збору подпісаў – праца з індывідуальнымі прадпрымальнікамі, якія зацікавіліся эканамічнай праграмай лідэра АГП. Партыя працягне працаваць з гэтай мэтавай аўдыторыяй, дадаў кіраўнік ініцыятыўнай групы.

– Мы сабралі каманду валанцёраў, якія паказалі цуды. Яны беглі ў пікеты пасля працы, у выходныя, шмат хто патраціў на гэта свой адпачынак. Нават калі стала бачна, што дынаміка збору подпісаў у нас не тая, гэта не спыніла людзей. Думаю, што ні адна палітычная структура не мае такой сеткі валанцёраў, якія за ідэю, за свае перакананні могуць так самааддана працаваць, – падзякаваў Анатоль Лябедзька сваёй камандзе.

АГП вылучыла 187 сваіх членаў у склад участковых выбарчых камісій, акцэнтуючы ўвагу не на колькасці, а на якасці, выбіраючы вопытных, годных, правераных людзей.

– Паглядзім, чым адкажуць нам выбарчыя камісіі і ўлады. Калі нашых людзей не ўключаць у склад камісій, значыцца, зразумела, што працягваецца лінія на фальсіфікацыю вынікаў выбараў, – абвясціла сябра АГП Антаніна Кавалёва.

У апошнім этапе выбарчай кампаніі АГП плануе прымаць удзел шляхам актыўнага байкоту.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international