viasna on patreon

Салігорск: улады спрабуюць фальсіфікаваць вынікі грамадскіх слуханняў

2015 2015-08-24T11:53:16+0300 2015-08-24T11:53:16+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/saligorsk-sluhanni-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

13 жніўня ў раёне салігорскай школы №2 па вуліцы Горкага адбылася сустрэча грамадзян з мясцовымі ўладамі, падчас якой каля сямідзесяці мясцовых жыхароў выказаліся катэгарчына супраць ушчыльнення іх дваравой тэрыторыі за кошт мясцовага дзіцячага стадыёна і высечкі зялёных зонаў. Цяпер жа чыноўнікі спрабуюць фальсіфікаваць вынікі грамадскіх слуханняў, заднім чыслом збіраючы па горадзе подпісы грамадзян у падтрымку плануемай забудовы.

Прысутны на той сустрэчы грамадскі актывіст Уладзімір Шыла дзеянні гарадскіх уладаў пракаментаваў наступным чынам:

- На вялікі жаль усе гэтыя грамадскія слуханні проста прафанацыя. Ва ўладаў ужо ёсць свае рашэнні і меркаванне людзей іх мала хвалюе. Семдзясят чалавек сабралася выказацца супраць гэтага бязглуздага будаўніцтва, а намеснік старшыні райвыканкаму па будаўніцтве Андрэй Салаўёў у пратакол сходу ўносіць нейкую драбязу па добраўпарадкаванні прылеглых тэрыторыяў, абсалютна інгнаруючы галоўнае патрабаванне - ніякага будаўніцтва дома на месцы стадыёна і зялёных насаджэнняў у гэтым двары, - кажа спадар Шыла. - Падчас абмеркавання выявілася, што пісьмова супраць будаўніцтва ў выканкам свае заявы накіравала толькі чатыры чалавекі, а за будаўніцтва чыноўнікі падпісалі дзевяць. Маўляў, на пяць больш. Такога цынізму даўно не сустракаў. Але ж на сходзе было каля сямідзесяці чалавек, дык цяпер гэтыя “салаўёвы” бегаюць па гораду і збіраюць подпісы за будаўніцтва гэтага дому, хоць афіцыйны тэрмін абмеркавання ўжо даўно мінуў. Фактычна адбываецца спроба фальсіфікацыі вынікаў гэтых грамадскіх слуханняў, і ў нас ёсць таму сведкі.

Як вядома, Салігорск з’яўляецца не толькі найбольш шчыльна населеным горадам Белараусі, але ўваходзіць па гэтым паказніку ледзь не ў сусветную дзясятку. Барацьба супраць ушчыльнення гарадской забудовы і высечкі зялёных зонаў ідзе ў беларускай сталіцы шахцёраў ужо шмат гадоў, але цяпер яна набывае па сапраўднаму масавы характар. Апошні такі пратэст сабраў у будынку мясцовага райвыканкаму каля ста пяцідзесяці чалавек.

- Людзі пачынаюць аб’ядноўвацца, і мы будзем усяляк спрыяць гэтаму працэсу. Варта зразумець, што баронячы ад ушчыльнення выключна свой дворык, сістэму не зменіш, і горад не ўратуеш. Патрэбны салідарныя дзеянні ўсіх людзей добрай волі,  - кажа спадар Шыла. - Для гэтага неабходна проста даць людзям праўдзівую інфармацыю. Цяпер жа ў чыноўнікаў нават генплан развіцця гораду з’яўляецца засакрэчаным дакументам выключна для службовага карыстання.

Адстойваць сваё права на здаровы навакольны асяродак салігорцы збіраюцца ўсімі даступнымі легальнымі сродкамі. Па словах Уладзіміра Шылы, у мясцовай грамады ёсць бескампрамісны намер спыніць гэты “бульдозер” ушчыльнення.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства