Праваабарончы цэнтр "Вясна": затрыманых па "справе графіцістаў" кваліфікуем як новых палітычных зняволеных

2015 2015-08-17T14:28:07+0300 2015-08-18T13:17:28+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/viasnalogo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Мінск, 17 жніўня 2015 г.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” заклікае спыніць крымінальны пераслед па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (“Злоснае хуліганства”) у дачыненні да Вячаслава Касінерава, Яраслава Ульяненкава, а таксама да затрыманых Максіма Пякарскага, Вадзіма Жаромскага, і неадкладна вызваліць іх з- пад варты.

Як стала вядома Праваабарончаму цэнтру “Вясна”, 11 жніўня 2015 года супрацоўнікамі МУС былі затрыманыя пяцёра моладзевых актывістаў: Максім Пякарскі, Вадзім Жаромскі, Вячаслаў Касінераў, Яраслаў Ульяненкаў і грамадзянін Расійскай Федэрацыі Павел (прозвішча не вядомае). Двое апошніх былі пазней вызваленыя пад падпіску аб нявыедзе, а ў дачыненні да М. Пякарскага, В. Жаромскага была абраная мера стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай да прад’яўлення абвінавачвання. В. Касінераў знаходзіцца пад вартай у шпіталі, у які ён быў змешчаны з падвойным пераломам сківіцы пасля затрымання супрацоўнікамі МУС.

Падставай для крымінальнага пераследу і змяшчэння пад варту да прад’яўлення абвінавачванняў дадзеных маладых людзей стала ўзбуджэнне Упраўленнем Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па г. Мінску крымінальнай справы па ч. 2 арт. 339 КК Рэспублікі Беларусь (“Злоснае хуліганства”) па факце нанясення графіці палітычнага зместу на плоце каля будынка па зав. Альшэўскага і на будынку былой вайсковай часткі па вул. Лынькова, і арт. 341 КК Рэспублікі Беларусь (“Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці”) – па факце псавання маёмасці індывідуальнага прадпрымальніка (біг-борда з выявай супрацоўнікаў міліцыі) па вул. Гарэцкага ў г. Мінску.

У сувязі з гэтым Праваабарончы цэнтр “Вясна” адзначае наступнае:

  1. Напісанне графіці с надпісам “Беларусь мае быць беларускай” з выявай беларускага арнаменту, перакрэсленых свастыкі і сярпа з молатам, а таксама з надпісам “Рэвалюцыя свядомасці, яна ўжо ідзе…” з выявай чалавека з бутэлькай у руце, не маюць на мэце парушэння грамадскага парадку і не выказваюць яўнай непавагі да грамадства, не ўтрымліваюць прапаганду нацыянальнай, рэлігійнай, расавай, сацыяльнай ці іншай варожасці. Характар і змест учыненых надпісаў сведчыць аб адсутнасці хуліганскіх матываў у дзеяннях асобаў, якія іх учынілі і, адпаведна, аб адсутнасці складу злачынства, прадугледжанага ч. 2. арт. 339 КК Рэспублікі Беларусь.
  2. Раследванне крымінальнай справы, узбуджанай па прыкметах арт. 341 КК Рэспублікі Беларусь, павінна адбывацца ў межах, вызначаных Крымінальным і Крымінальна-працэсуальным кодэксамі Рэспублікі Беларуь з улікам таго, што дадзенае злачынства адносіцца да катэгорыі злачынстваў, якія не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі і не прадугледжвае магчымасці ўтрымання пад вартай падазраваных у яго здзяйсненні. Акрамя таго, пытанне аб кампенсацыі нанеснай шкоды можа быць разгледжаны ў грамадзянска-прававым парадку.
  3. Дзеянні супрацоўнікаў МУС, якія ажыцяўлялі затрыманне ўказаных асобаў з выкарыстаннем фізычнай сілы і спецсродкаў, насілі відавочна непрапарцыйны і жорсткі характар і прычынілі фізічныя пашкоджанні затрыманым.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” заяўляе, што:

  • утрыманне М. Пякарскага, В. Жаромскага, В. Касінерава пад вартай па падазрэнні ў здзяйсненні імі злоснага хуліганства з’яўляецца незаконнай і непрапарцыйнай мерай;
  • утрыманне пад вартай М. Пякарскага, В. Жаромскага, В. Касінерава ажыцяўляецца пры адсутнасці складу злачынства, прадугледжанага ч.2 арт. 339 КК у іх дзеяннях;
  • наяўнасць палітычных матываў у дзеяннях органаў дзяржаўнай улады, скіраваных на ўмацаванне ўлады суб’ектамі ўладных паўнамоцтваў, дазваляюць кваліфікаваць М.Пякарскага, В. Жаромскага, В. Касінерава як палітычных зняволеных;
  • гэтыя дзеянні ўладаў адбываюцца ў перыяд правядзення прэзідэнцкай выбарчай кампаніі, носяць дэманстратыўны харакар і відавочна маюць на мэце прадухіленне магчымых акцый грамадзянскай актыўнасці, асабліва ў моладзевым асяродку.

Правабарончы цэнтр “Вясна” патрабуе:

  • неадкладна перагледзіць прынятыя ў дачыненні да М. Пякарскага, В. Жаромскага і В. Касінерава працэсуальныя меры, скіраваныя на іх ізаляцыю, і вызваліць іх з-пад варты;
  • спыніць крымінальны пераслед М.Пякарскага, В. Жаромскага, В.Касінерава, Я. Ульяненкава па ч. 2 арт. 339 КК Рэспублікі Беларусь у сувязі з адстутнасцю складу дадзенага злачынства ў іх дзеяннях;
  • гарантаваць выкананне ўсіх працэсуальных правоў на перыяд вядзення раследвання, у тым ліку права на абарону і свабоду ад жорсткага і бесчалавечнага абыходжання;
  • правесці належнае раследванне фактаў жорсткага і бесчалавечнага абыходжання ў дачыненні да затрыманых і прыцягнуць вінаватых да ўстаноўленай законам адказнасці.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international