viasna on patreon

Баранавічы: прафсаюзны актывіст не губляе надзеі давесці незаконнасць забароны першамайскага пікета

2015 2015-08-14T19:29:00+0300 2015-08-14T23:31:10+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/gryk-shod.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Рыгор Грык.

Рыгор Грык.

Актывіст прафсаюзнай суполкі РЭП Рыгор Грык 14 жніўня накіраваў наглядную скаргу старшыні Брэсцкага абласнога суда на прызнанне правамоцнай судом Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы і Брэсцкім абласным судом забароны першамайскага пікету. Рыгор Грык не згодны з рашэннем судоў першай і другой інстанцый і адзначае, што выканаў усе патрабаванні закона аб масавых мерапрыемствах: своечасова падаў заяву на пікет у гарвыканкам і асабістае абавязацельства самастойна прыбраць тэрыторыю пасля правядзення пікета, стварыў групу з 3-х чалавек для ажыццяўлення аховы грамадскага парадку падчас пікету. Таксама заключыў дамову з гарадской паліклінікай па абслугоўванні першамайскай акцыі салідарнасці працоўных ў дазволеным гарвыканкамам месцы. Грамадскі актывіст падкрэсліў, што прычынай адмовы ў правядзенні першамайскага пікету было названа тое, што ў заяве не было сказана, ці будуць ва ўдзельнікаў пікета аўтамабілі і піратэхнічныя сродкі.

Рыгор Грык адзначыў, што пра транспарт нават не магло ісці размовы, паколькі ў старым парку горада, дзе планавалася акцыя, ёсць толькі пешаходныя ходнікі для наведвальнікаў гэтага месца адпачынку. Прафсаюзны актывіст асабліва падкрэслівае, што артыкул 6 Закона “Аб масавых мерапрыемствах” патрабуе, каб звесткі аб выкарыстанні піратэхнічных сродкаў і транспарту падаваліся ў заяве, калі арганізатары масавага мерапрыемства плануюць іх выкарыстоўваюць. А пра транспарт і піратэхнічныя сродкі Рыгор Грык нічога не пісаў у заяве, бо і не планаваў іх выкарыстоўваць.

Рыгор Грык просіць старшыню Брэсцкага аблсуда праверыць законнасць і абгрунтаванасць рашэнняў судоў першай і другой інстанцый па дадзенай грамадзянскай справе і вынесці пратэст у парадку нагляду.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства