Валянцін Стэфановіч: Беларускія ўлады працягваюць антыправаабарончую рыторыку

2015 2015-08-13T11:29:40+0300 2015-08-13T14:20:59+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/stefanovich_v.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Намеснік старшыні ПЦ "Вясна" Валянцін Стэфановіч

Намеснік старшыні ПЦ "Вясна" Валянцін Стэфановіч

Падчас сустрэчы з прэм’ер-міністрам Пакістана Навазам Шарыфам 11 жніўня старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір Андрэйчанка адзначыў, што ўзаемная падтрымка па ключавых пытаннях для дзвюх дзяржаваў дазволіць паспяхова адстойваць свае інтарэсы ў ААН.

“У нашых краінаў шмат агульных інтарэсаў, што абумоўлівае падабенства пазіцый, у тым ліку па міжнародным парадку дня. Узаемадзеянне Беларусі і Пакістана ў рамках Арганізацыі Аб'яднаных Нацый носіць узважаны канструктыўны характар. Акрамя таго, мы разам выступаем супраць выкарыстання праваабарончай тэматыкі ў якасці інструмента палітычнага ціску на суверэнную дзяржаву”, - заявіў ён.

З гэтай нагоды намеснік старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч адзначае, што такая антыправаабарончая рыторыка неаднаразова гучала ў выступах афіцыйных прадстаўнікоў дзяржавы, у тым ліку і на Генеральнай Асамблеі ААН, і, ў прыватнасці, пра гэта не раз казаў Міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей.

“Беларусь увесь час крытыкуе краіны Захаду, што яны ўсіх павучаюць, камусьці нешта навязваюць, а ў нас тут нібыта свой нейкі шлях. Але правы чалавека – гэта ўніверсальныя каштоўнасці. Яны не павінны парушацца ні ў Францыі, ні ў Беларусі, ні ў іншых краінах. Напрыклад, прымусовая праца застаецца прымусовай працай, незалежна ад таго, дзе яна мае месца: у Пакістане, ЗША ці ў Беларусі. І нічога дзіўнага няма ў тым, што Беларусь неаднаразова крытыкавалася ў сувязі з парушэннямі правоў чалавека ў асноўных міжнародных арганізацыях – ААН і АБСЕ, што запускаліся механізмы спецдакладчыкаў у адносінах да Беларусі”, - кажа праваабаронца.

“Калі дзяржава прыкладае намаганні, каб правы чалавека не парушаліся (а яны парушаюцца ў розных краінах, толькі ўзровень парушэнняў розны), то гэта адна сітуацыя. Але калі дзяржава лічыць, што хтосьці нешта ёй навязвае і аказвае ціск, – то не дапускайце такіх парушэнняў!”, - дадае ён.

Валянцін Стэфановіч падкрэслівае, што ідэі культурніцкага рэлятывізму вельмі папулярныя якраз сярод тых дзяржаваў, якія найбольш крытыкуюцца за парушэнні правоў чалавека.

“І Пакістан тут - таксама яскравы прыклад. Улады гэтай краіны заўсёды моцна крытыкуюцца праваабаронцамі - і за наяўнасць смяротнага пакарання (уваходзіць у сусветныя лідары па колькасці вынесеных і прыведзеных у выкананне смяротных прысудаў), і за парушэнні грамадзянскіх і палітычных правоў у самых розных сферах, і за дыскрымінацыю (у тым ліку і дыскрымінацыю жанчын), і за шмат іншых праблемаў, - нагадвае Валянцін Стэфановіч. - Але, канешне, вінаваты хтосьці – хто выкарыстоўвае праваабарончую тэматыку ў мэтах “аказання ціску на дзяржавы, якія праводзяць незалежную палітыку”.

Праваабаронца называе вельмі сімвалічным і красамоўным той факт, што лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міра 2014 стала Малала Юсуфзай - школьніца з Пакістана, якая змагаецца за права на адукацыю для мусульманскіх дзяўчат і жанчын і праз сваю праваабарончую дзейнасць ледзь не пазбавілася жыцця.

“І пры гэтым улады Пакістана будуць заяўляць пра нейкі ціск?! Тут мне толькі прыгадваецца прымаўка: “Няма чаго на люстэрка наракаць, калі рожа крывая”, - кажа Валянцін Стэфановіч.

З апошніх выказванняў падобнага кшталту з боку беларускіх чыноўнікаў прадстаўнік ПЦ “Вясна” прыгадвае словы старшыні Цэнтрвыбаркаму Лідзіі Ярмошынай падчас ліпеньскай канферэнцыі АБСЕ ў Вене, дзе ён выступаў таксама.

“У Вене Яромшына казала, што, маўляў, міжнародныя назіральнікі не павінны выкарыстоўвацца для ціску на незалежныя дзяржавы. Дык выконвайце рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ, праводзьце дэмакратычныя і свабодныя выбары - не будзе і аніякай крытыкі. Усё ж вельмі проста. А калі хочаце махляваць, як звычайна робіце, то і крытыка будзе”, - падвынікаваў праваабаронца.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international