Макей: Прэтэнзіі аб парушэнні правоў чалавека адрасаваныя абсалютна ўсім урадам

2015 2015-02-27T10:27:00+0300 2015-08-13T10:34:18+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/makej.jpg
Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей

Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей

Прэтэнзіі аб парушэнні правоў чалавека адрасаваныя абсалютна ўсім урадам, мяркуе міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей.

"Калі мы паглядзім на вынікі праходжання любой, нават самай "дэмакратычнай" заходняй дзяржавай універсальнага перыядычнага агляду ў Савеце па правах чалавека ААН, то адразу стане відавочна, што прэтэнзіі аб парушэнні правоў чалавека адрасаваныя абсалютна ўсім урадам. Болей за тое, як правіла, яны нават носяць падобны характар незалежна ад таго, у якім кутку зямнога шара размешчана канкрэтная краіна", — заявіў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства, прадстаўляючы даклад МЗС "Найбольш рэзанансныя выпадкі парушэння правоў чалавека ў асобных краінах свету — 2014". Тэкст звароту размешчаны на афіцыйным сайце.

Такім чынам, мяркуе міністр, "канфлікт паміж інтарэсамі асобы і грамадства, які рэгулюецца пры дапамозе дзяржаўнай рэпрэсіўнай машыны, з'яўляецца вечным і не залежыць ні ад палітычнай сістэмы, ні ад узроўню сацыяльна-эканамічнага развіцця канкрэтнага грамадства". "Адрознівацца могуць метады дзеянняў канкрэтных палітыкаў ці дзяржаўных органаў і, адпаведна, маштабы праяўлення тых ці іншых з'яў", — зазначыў Макей.

Паводле яго слоў, "любая дзяржава дзейнічае, грунтуючыся на нацыянальных інтарэсах, сфармуляваных палітычнай элітай, якая, у сваю чаргу, вырошчваецца канкрэтнай нацыяй". "Любая дзяржава выкарыстоўвае сілу, калі дзеянні пэўных асоб ці груп наносяць урон бяспецы грамадзян, устойліваму развіццю грамадска-палітычных і сацыяльна-эканамічных адносінаў у грамадстве", — падкрэсліў кіраўнік МЗС.

"Аднак застаецца адкрытым пытанне аб трактоўцы такіх насільных дзеянняў у кожнай канкрэтнай краіне гэтак званымі праваабарончымі ці замежнымі дзяржавамі, якія самастойна ўзялі на сябе месіянскую задачу прасоўвання канцэпцыі правоў чалавека. І калі ідэалізм і добрыя намеры першых яшчэ неяк могуць быць апраўданы, то дзеянні другіх не могуць быць ахарактарызаваныя інакш як крывадушнасць, двайныя стандарты і ідэалагічны імперыялізм. Бо адны і тыя ж акты паліцыі ці іншыя рэпрэсіўныя крокі дзяржавы ў сваіх краінах і ў палітычных саюзнікаў імі трактуюцца як дабро, тады як у іншых краінах — выключна як зло. Многія прыклады, прыведзеныя на старонках гэтага даклада, красамоўны таму доказ", — заявіў Макей.

Ён падкрэсліў, што "ніхто дагэтуль не адмяняў асноватворныя прынцыпы Статута ААН, якія абвяшчаюць поўны суверэнітэт нацыі і абранага ёю ўрада над унутранымі справамі на сваёй дзяржаўнай тэрыторыі". "І я ўпэўнены, што ніхто лепш не ведае ўласных патрэб, чым людзі, якія жывуць і працуюць у пэўнай краіне, і абраныя імі лідары", — заявіў міністр замежных спраў.

Ён зазначыў, што "сёння мільярды людзей жывуць у краінах, на тэрыторыях якіх ніколі не існавала дзяржаў з такой палітычнай сістэмай, як заходняя дэмакратыя". "Глыбока ўпэўнены, што развіццё ў кірунку ідэалаў канцэпцыі правоў чалавека (свабоды, роўнасці і братэрства) павінна ажыццяўляцца толькі на канкрэтнай нацыянальнай глебе. Пры гэтым, безумоўна, канструктыўнае міжнароднае супрацоўніцтва, заснаванае на паважлівым і ўзаемавыгадным партнёрстве, з'яўляецца найважнейшым фактарам у забеспячэнні прагрэсу ў жыцці любой нацыі", — мяркуе кіраўнік беларускай дыпламатыі. Ён выказаў шкадаванне, што "апошнія гады перапоўнены трагічнымі прыкладамі таго, што адбываецца, калі такія падыходы парушаюцца, а нацыям навязваюць скачок цераз галаву ў іх палітычным развіцці".

"Карыстаюся гэтай магчымасцю, каб у чарговы раз заклікаць да разумення таго, што разнастайнасць шляхоў прагрэсіўнага развіцця — гэта безумоўная каштоўнасць чалавечай цывілізацыі, гэта залог міжнароднага міру і стабільнасці", — завіў Макей.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international