Паўлюк Быкоўскі пра асвятленне выбарчай актыўнасці: “Гульня ў розных вагавых катэгорыях”

2015 2015-08-05T21:28:14+0300 2015-08-05T21:28:14+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/bykouski.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Палітычны аглядальнік і медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі

Палітычны аглядальнік і медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі

Сюжэты пра выбарчую кампанію ў СМІ у большасці сталі больш нейтральнымі, негатыў да апазіцыйных кандыдатаў застаўся ў аўтарскіх перадачах, а органы адміністратыўнай вертыкалі раёнаў, здаецца, не атрымалі новых указанняў адносна правілаў гульні па асвятленні сёлетняй выбарчай кампаніі.

У параўнанні з выбарчымі прэзідэнцкімі кампаніямі 2006 і 2010 гг., калі прозвішчы альтэрнатыўных дзеючаму прэзідэнту кандыдатаў увогуле не гучалі ў СМІ альбо пра іх падавалася толькі негатыўная інфармацыя, на інфармацыйнай прасторы па асвятленню сёлетняй гонцы сталі сустракацца нейтральныя сюжэты.

– На дзяржаўных тэлеканалах у сюжэтах пра пікеты па збору подпісаў за дзеючага прэзідэнта сталі з’яўляцца кадры з пікетамі і іншых кандыдатаў, з’явіліся меркаванні зборшчыкаў подпісаў ініцыятыўных груп розных прэтэндэнтаў, але ж я не магу сказаць, што гэта нешта значна мяняе, паколькі ў сюжэтах розным кандыдатам удзяляецца розная ўвага, – адзначыў Паўлюк Быкоўскі. – Секунды, калі ў сюжэце згадваюцца іншыя прэтэндэнты ў прэзідэнты, ні на што не паўплываюць. Да таго ж Лукашэнка, як дзеючы кіраўнік дзяржавы, з’яўляецца ньюсмэйкерам, і абыйсці ўвагай яго выступы немагчыма, таму і атрымліваецца гульня ў розных вагавых катэгорыях. У іншых кандыдатаў няма такой трыбуны, з якой яны маглі б расказаць, як бы карысталіся рычагамі дзяржаўнай улады. Нават калі Лукашэнку крытыкуюць, у выданні ўсё роўна адлюстроўваецца яго пазіцыя, і гэта ідзе яму на карысць.

Негатыў у асвятленні выбарчай кампаніі і кандыдатаў у прэзідэнты таксама застаўся, але ён пераважна прысутнічае ў аўтарскіх аналітычных перадачах, вядучыя якіх выказваюць сваё асабістае меркаванне, накіраванае супраць кагосьці з кандыдатаў.

– Напрыклад, нядаўна на беларускім тэлебачанні ў адной з перадач у негатыўным кантэксце прадставілі эмблему партыі старшыні АГП Анатоля Лябедзькі. Такога быць, канешне, не павінна. Публікацыі, дзе з жартамі кажуць пра прэзідэнта, можна сустрэць і ў недзяржаўнай прэсе, але зараз іх стала меней, асноўная маса матэрыялаў такога кшталту засталася ў сацыяльных сетках, – дадаў Паўлюк Быкоўскі.

Што тычыцца публікацый у папяровай прэсе, то тут таксама назіраецца прысутнасць нейтральных публікацый, у якіх асвятляюцца пікеты па збору подпісаў і за дзеючага прэзідэнта, і за іншых кандыдатаў. Аднак, па меркаванні эксперта, нельга казаць, што гэта надта паўплывае на вынік кампаніі, тым больш што такое пашырэнне нейтралітэту ў прэсе пры асвятленні выбараў хутчэй за ўсё было ініцыіравана самімі ўладамі. Да таго ж форма падачы некаторых матэрыялаў і іх тэматыка можа дадаткова яшчэ больш заблытаць выбаршчыкаў.

– Падчас адной з нарадаў Лукашэнка адзначыў, што якраз сёлета ёсць цудоўная магчымасць правесці выбары настолькі чыста, каб еўрапейская супольнасць не змагла ні за што зачапіцца, – каментуе аналітык. – Думаю, гэткі падыход нейтралітэту быў зроблены з мэтай атрымаць як мага менш нараканняў з боку Еўропы. Але ж на той інфармацыйнай прасторы, у якой праходзяць выбары, нядоўгая прысутнасць альтэрнатыўных фігур не зможа прынцыпова паўплываць на дасведчанасць грамадзян ці пазнавальнасць кандыдатаў. Адносна кандыдыта-Лукашэнкі пытанне наконт пазнавання не паўстае – у значнай часткі электарату назіраюцца іншыя думкі: давяраць прэзідэнту ці не, а таксама галасаваць за яго ці не. І калі прыхільнікі прэзідэнта ідуць на выбары, а яго праціўнікі іх байкатуюць, то ад тых, хто прыйшоў, Лукашэнка атрымоўвае больш за 50% галасоў, пра гэта сведчаць высновы розных сацыёлагаў. І ў такой сітуацыі прэзідэнт можа дазволіць сабе праводзіць выбары больш адкрыта.

У недзяржаўных СМІ журналісты звяртаюць увагу на смешныя выказванні прэтэндэнтаў і выступы тых, хто не змог стаць рэальным кандыдатам на прэзідэнцкае крэсла. Возьмем хоць бы тога ж ката Барсіка, які вядзе блог у інтэрнэце як незарэгістраваны кандыдат. Такі падыход не з’яўляецца забароненым, але ён паказвае, што выбараў у краіне ў цэлым няма і хутчэй працуе супраць таго, каб выбаршчык захацеў разабрацца, у чым інтрыга кампаніі, калі яна ўвогуле ёсць, лічыць Паўлюк Быкоўскі.

Інфармацыйныя рэсурсы выканаўчых уладаў раённай вертыкалі і Мінгарвыканкама працягваюць працаваць па-старому, аднабакова прадстаўляючы інфармацыю толькі за “галоўнага кандыдата”.

– У артыкуле, змешчаным на сайце mediakritika.by, добра адлюстравана сітуацыя па асвятленні выбараў раённымі выканкамамі. На сайтах гэтых органаў выканаўчай улады ў большасці выпадкаў няма нават інфармацыі з прозвішчамі кандыдатаў, а артыкулы пра выбары прадстаўлены як нейкая бюракратычная працэдура з упамінаннем, што зараз праходзіць збор подпісаў, і размешчаны навіны заканадаўства, накшталт таго, як правільна афармляць дакументы, – характарызуе сітуацыю Паўлюк Быкоўскі. – Затое даволі часта на гэтых рэсурсах як ілюстрацыя да матэрыялаў з пікетаў Лукашэнка сустракаюцца яго здымкі. Публікацый, дзе былі б згаданы іншыя кандыдаты, няма ні на адным са 118 раённых сайтаў. Напэўна, органы вертыкалі выканаўчай улады не настолькі мабільныя ў гэтым пытанні, і яшчэ не атрымалі дакладных указанняў пра правілы сёлетняй гульні і дзейнічаюць, як і ў папярэднія гады.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

http://spring96.org/%D0%91%D0%B5%D0%BB%D0%B0%D1%80%D1%83

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international