Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Ліпень 2015

2015 2015-08-04T15:08:36+0300 2015-08-04T15:10:15+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/human_rights_violations.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна"

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі

Ліпень 2015 года

1. Высновы

- на працягу месяца пазітыўных зменаў у галіне правоў чалавека ў Беларусі не назіралася;

- з 30 чэрвеня ў краіне праходзіць прэзідэнцкая выбарчая кампанія, якая завершыцца днём галасавання 11 кастрычніка 2015 года;

- агульная грамадска-палітычная актыўнасць заставалася нізкай і ў некаторай ступені ажывілася з пачаткам выбараў Прэзідэнта;

- у турмах па-ранейшаму працягваюць знаходзіцца 6 палітвязняў: Мікалай Статкевіч, Мікалай Дзядок, Ігар Аліневіч, Арцём Пракапенка, Яўген Васьковіч і Юрый Рубцоў;

- умовы ўтрымання і ўзмацненне ціску на палітвязняў працягваюць выклікаць асаблівую занепакоенасць праваабарончых арганізацый;

- новых палітычна матываваных крымінальных справаў на працягу месяца не распачыналася, а адна раней распачатая крымінальная справа паводле арт. 367 КК (паклёп у дачыненні да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь) была спынена;

- працягвалася практыка пераследу незалежных журналістаў, якія ажыццяўляюць супрацоўніцтва з замежнымі СМІ. Усяго на працягу 2015 года было зафіксавана 26 выпадкаў прыцягнення журналістаў да адміністрацыйнай адказнасці ў сувязі з ажыццяўленнем iмi журналісцкай дзейнасці, пры гэтым агульная сума спагнаных судамі штрафаў склала 137 780 000 беларускіх рублёў (каля 8 000 еўра);

- Было вынесена першае ў гэтым годзе пісьмовае пракурорскае папярэджанне аб магчымасці прыцягнення да крымінальнай адказнасці паводле арт. 193.1 КК за ажыццяўленне дзейнасці ад імя незарэгістраванай рэлігійнай арганізацыі;

- 4 ліпеня ўступіў у законную сілу прысуд Гомельскага абласнога суда аб смяротным пакаранні ў дачыненні да жыхара г. Рэчыца Сяргея Іванова. Гэта першы падобны прысуд, вынесены ў 2015 годзе;

- 28 ліпеня ў Брусэлі адбыўся першы раўнд дыялогу па правах чалавека па лініі Беларусь-ЕС.[1] У сувязі з гэтым Міжнародная федэрацыя за правы чалавека і Праваабарончы цэнтр "Вясна" накіравалі ліст у адрас кіраўнікоў дыпламатыі ЕС з прапановамі аб магчымых рамках і ўмовах такога дыялогу;[2]

- у дакладзе Дзярждэпартамента ЗША, прысвечаным пытанням гандлю людзьмі і прымусовай працы, Беларусь была рэзка раскрытыкаваная ў сувязі з наяўнасцю фактаў прымянення прымусовай працы.[3] Варта адзначыць, што Праваабарончы цэнтр "Вясна" раней неаднаразова звяртаў увагу беларускай і міжнароднай супольнасцяў на наяўнасць практыкі прымянення прымусовай працы ў краіне;[4]

2. Палітычныя зняволеныя, палітычна матываваны крымінальны пераслед

Становішча палітычных зняволеных на працягу месяца не палепшылася і працягвае выклікаць асаблівую занепакоенасць праваабарончай супольнасці. У месцах пазбаўлення волі працягвалі знаходзіцца 6 палітвязняў.

24 ліпеня Брэсцкі абласны суд не задаволіў касацыйную скаргу палітвязня Юрыя Рубцова і пакінуў прысуд суда Пружанскага раёна без зменаў. Такім чынам прысуд суда, у адпаведнасці з якім Ю. Рубцоў быў асуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі паводле арт. 415 КК (ухіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі), уступіў у законную сілу.[5] Таксама стала вядома, што Ю. Рубцоў прыняў рашэнне спыніць галадоўку, якую ён пачаў 1 ліпеня, пратэстуючы такім чынам супраць умоваў утрымання і абыходжання з ім у СІЗА г. Баранавічы.[6]

У ліпені атрымала сваё далейшае развіццё практыка нядопуску адваката да палітвязня Мікалая Дзядка. Так, 2 ліпеня адміністрацыя папраўчай калоніі №9, у якой адбывае пакаранне М. Дзядок, у чарговы раз адмовілася прапусціць да яго адваката. Прычынай нядопуску да падабароннага было тое, што нібыта Мікалай не звяртаўся з адпаведнай заявай. Пры гэтым прадстаўнікі адміністрацыі ПК №9 паведамілі адвакату пра тое, што М. Дзядок змешчаны ў ПКТ, не растлумачыўшы яму тэрмін і прычыны змяшчэння падабароннага ў ПКТ. Дадзеныя дзеянні супрацоўнікаў былі абскарджаны адвакатам на імя начальніка калоніі і ў пракуратуры.[7]

У ліпені стала вядома аб спыненні крымінальнай справы ў дачыненні да 63-гадовага жыхара Брэста Міхаіла Лукашэвіча ў сувязі з адсутнасцю складу крымінальнага злачынства. Крымінальная справа паводле арт. 367 КК (паклёп у дачыненні да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь), была ўзбуджаная супраць М. Лукашэвіча ў канцы мінулага года ў сувязі з размяшчэннем графіці палітычнага зместу на плоце каля дома, у якім ён пражываў. Падчас следства ў доме М. Лукашэвіча быў праведзены ператрус, а сам ён быў змешчаны ў Навукова-практычны цэнтр псыхіятрычнага здароўя (Навінкі) для правядзення псіхіятрычнай экспертызы, па выніках якой псіхічны стан М. Лукашэвіча быў прызнаны здавальняючым.[8]

3. Выбары прэзідэнта

1 ліпеня стартавала кампанія назірання за выбарамі прэзідэнта "Праваабаронцы за свабодныя выбары".[9] Па выніках назірання складзены справаздачы.[10]

17 і 20 ліпеня зарэгістраваны восем ініцыятыўных груп грамадзян па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты з чатырнаццаці груп, якія падалі заявы. У прыватнасці, не была зарэгістравана ініцыятыўная група палітвязня Мікалая Статкевіча.

Да 17 ліпеня мясцовыя органы ўлады вызначыліся з месцамі, забароненымі для збору подпісаў сябрамі ініцыятыўных груп грамадзян па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты. Гэтыя рашэнні прадэманстравалі адсутнасць адзінай практыкі вызначэння такіх месцаў, але, у цэлым, істотна правы сябраў ініцыятыўных груп не абмежавалі.[11]

Да 22 ліпеня на сумесных пасяджэннях прэзідыумаў Саветаў дэпутатаў і выканкамаў былі створаны тэрытарыяльныя камісіі па выбарах прэзідэнта. У склад 153 камісіяў увайшлі толькі 10 прадстаўнікоў апазіцыйных партый; большую частку з 1 916 сябраў ТВК склалі прадстаўнікі працоўных калектываў і пяці грамадскіх арганізацый - БРСМ, «Белая Русь», ФПБ, Саюз жанчын, Беларускае грамадскае аб'яднанне ветэранаў, якія па вызначэнні не маюць палітычнай мэты ў сваёй дзейнасці.[12]

З 23 ліпеня пачаўся збор подпісаў ініцыятыўнымі групамі па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты. Назіральнікі фіксавалі парушэнні ініцыятыўнай групы дзеючага Прэзідэнта, звязаныя з выкарыстаннем адміністрацыйнага рэсурсу.[13]

Адзначаюцца выпадкі ціску на ўдзельнікаў пікетаў па зборы подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатамі ў прэзідэнты апазіцыйных актывістаў. У Наваполацку на пікеце па зборы подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатам у прэзідэнты актывісткі кампаніі «Гавары праўду» Таццяны Караткевіч 29 ліпеня невядомыя зламалі флагшток.[14] У Рагачове супрацоўнікі ДАІ перашкаджалі правядзенню пікету па зборы подпісаў у падтрымку Сяргея Калякіна.[15]

4. Пераслед журналістаў, перашкоды ў дзейнасці СМІ

Працягваецца ціск уладаў на журналістаў, якія супрацоўнічаюць са сродкамі масавай інфармацыі, якія не маюць акрэдытацыі ў Беларусі. У дачыненні да іх адвольна выкарыстоўваецца норма часткі 2 артыкула 22.9 КаАП Рэспублікі Беларусь, які прадугледжвае адказнасць за незаконны выраб і (або) распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі.

2 ліпеня штрафам у 9 000 000 рублёў пакараны Алесь Ляўчук[16]; 9 ліпеня штрафам у 6 300 000 рублёў кожны пакараныя журналісты Кастусь Жукоўскі і Наталля Крывашэй[17]; Таццяна Смоткіна пакараная штрафам у 4 500 000 рублёў[18].

У сувязі з узмацненнем ціску на журналістаў-фрылансераў, ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» выказала свой пратэст і апублікавала заяву[19] з патрабаваннем да дзяржаўных органаў вярнуць сітуацыю ў прававое поле і правесці адпаведныя мерапрыемствы.

Супрацоўнікі КДБ аказвалі ціск на незалежнага журналіста з Глыбокага Дзмітрыя Лупача: пагражалі яму крымінальным і адміністрацыйным пераследам, прымушалі да ўстанаўлення супрацоўніцтва.[20] Ён жа 23 ліпеня быў пакараны штрафам у 4 500 000 рублёў.[21]

Усяго за 2015 год зафіксаваны 26 выпадкаў прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці незалежных журналістаў, агульная сума штрафаў склала 137 780 000 рублёў.[22]

5. Адвольныя затрыманні

2 ліпеня грамадскі актывіст Леанід Кулакоў быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі ў сувязі з тым, што на ім была надзета майка з «Пагоняй» і бел-чырвона-белым сцягам; пасля трохгадзіннага незаконнага ўтрымання ў Ленінскім РУУС ён быў вызвалены.[23]

7 ліпеня быў затрыманы Міраслаў Лазоўскі, які быў апрануты ў майку з надпісам «Азоў» і меў пры сабе кнігі. Пасля пяці гадзінаў затрымання ён быў без належных падставаў прыцягнуты да адказнасці за дробнае хуліганства і на яго накладзены штраф у памеры 360 000 рублёў.

Працягваецца неабгрунтаваны пераслед футбольных заўзятараў, у тым ліку – за выкарыстанне гістарычнай нацыянальнай сімволікі.[24]

17 ліпеня былі затрыманыя Юрый Шульган і Павел Канавальчык, якія прыйшлі да будынка Цэнтрвыбаркама для рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты Юрыя Шульгана. Затрыманне растлумачылі неабходнасцю прайсці агляд на прадмет знаходжання ў стане алкагольнага ап'янення. Аднак судом яны былі прыцягнуты да адказнасці за нецэнзурную лаянку ў калідоры памяшкання РУУС; сведкамі выступілі супрацоўнікі РУУС. Запісы камер назірання ў РУУС судом даследаваны не былі. Такім чынам, на думку праваабаронцаў, мела месца адвольнае «прэвентыўнае» затрыманне. Пастановы абскарджваюцца ў Менгарсудзе.[25]

6. Парушэнні свабоды асацыяцыяў, ціск на праваабаронцаў

29 ліпеня стала вядома, што Гомельская гарадская пракуратура вынесла пісьмовае папярэджанне за подпісам пракурора Сяргея Зайцава пастару пратэстанцкай абшчыны Царквы Божай «Праабражэнне» Сяргею Нікалаенку.

У папярэджанні, у прыватнасці, гаворыцца, што, паводле інфармацыі, якая паступіла ў пракуратуру г. Гомеля, дадзены пастар праводзіць несанкцыянаваныя рэлігійныя сходу ў актавай зале аднаго з гомельскіх прадпрыемстваў.

Акрамя таго, як указваецца ў пракурорскім папярэджанні, дадзеныя сходы праводзяцца ад імя незарэгістраванай ва ўстаноўленым законам парадку рэлігійнай арганізацыі «Царква Хрыста Збаўцы», што забаронена дзеючым заканадаўствам. У сувязі з гэтым пракуратура г. Гомеля папярэдзіла пастара С. Нікалаенку, што ў выпадку працягу незаконнай дзейнасці, ён будзе прыцягнуты да крымінальнай адказнасці паводле арт. 193.1 КК (незаконная арганізацыя дзейнасці грамадскага аб'яднання, рэлігійнай арганізацыі або фонду альбо ўдзел у іх дзейнасці).[26] Гэта першае падобнае папярэджанне ў гэтым годзе.

7. Парушэнні свабоды выказвання меркаванняў, свабоды сумлення, свабоды сходаў

Мікалай Лусто быў затрыманы 24 ліпеня каля будынка ЦВК, дзе праводзіў адзіночны пікет з плакатам: «Навошта выбіраць? Трэба каранаваць! Не - выбарам!». У выніку, ён пакараны штрафам у памеры 4 500 000 рублёў паводле ч. 1 арт. 23.34 КаАП за парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства.[27]

Шматлікія скаргі грамадскіх актывістаў і праваабаронцаў на адмовы мясцовых органаў улады ў выдачы дазволаў на правядзенне пікетаў судовымі інстанцыямі пакідаюцца без задавальнення па фармальных альбо надуманых падставах.[28]

Ілля Дабратвор атрымаў паведамленне з Камітэта па правах чалавека ААН аб рэгістрацыі яго скаргі на парушэнне права актывіста на свабоду мірных сходаў і свабоду выказвання меркаванняў.[29]

Следчы камітэт Лідскага раёна распачаў крымінальную справу па факце правядзення ў горадзе Бярозаўка флэш-мобу. 25 ліпеня гэтага года невядомы чалавек у масцы каля транспартнай прахадной шклозавода "Нёман" склаў аўтамабільныя шыны, пакінуў побач бутэлькі з невядомай вадкасцю, запаліў дымавыя шашкі. Таксама былі раскіданыя ўлёткі.[30] У межах распачатай справы прайшлі ператрусы ў кватэры актывіста Вітольда Ашуркі, адкуль былі канфіскаваныя камп'ютар, прынтэр і флешка.

Упраўленне ідэалагічнай работы Мінгарвыканкама не выдала гастрольнае пасведчанне на выступ вядомага беларускага выканаўцы Змітра Вайцюшкевіча, які быў запланаваны на 22 ліпеня. Прычынай такога рашэння сталі высновы аб тым, што дзейнасць выканаўцы парушае заканадаўства. Якія менавіта парушэнні ставяць у віну Вайцюшкевічу, невядома: у дакуменце дадзена спасылка на артыкул нарматыўнага акту, які прадугледжвае шырокі спектр парушэнняў, у тым ліку ажыццяўленне прапаганды вайны ці экстрэмісцкай дзейнасці.[31]

8. Жорсткае абыходжанне, катаванні

Палітвязень Мікалай Дзядок утрымліваецца ў памяшканні камернага тыпу, куды яго перавялі тэрмінам на 6 месяцаў, у камеры памерам 5 кв. метраў з яшчэ адным зняволеным.[32] Такія памеры камеры, хоць і адпавядаюць нацыянальным нормам, але для зняволенага, які знаходзіцца там практычна кругласутачна, гэта з'яўляецца формай жорсткага абыходжання.

Пракурор Гомельскай вобласці не знайшоў парушэнняў і непаўнаты пры правядзенні праверкі па факце гібелі ў ізалятары часовага ўтрымання Светлагорскага РАУС Аляксандра Акуліча. Маці загінулага больш за тры гады працягвае настойваць на прыцягненні да адказнасці супрацоўнікаў міліцыі, якія замест аказання яе сыну медыцынскай дапамогі збівалі яго гумовымі палкамі, прышпіліўшы да жалезных дзвярэй-кратаў.

Зварот асуджанага да пазбаўлення волі Пятра Кучуры ў сувязі з ужываннем да яго забароненага жорсткага абыходжання ў Генеральную пракуратуру застаўся фактычна без разгляду: ён накіраваны ў Следчы камітэт, на дзеянні кіраўнікоў якога гэтая скарга і падавалася. Начальнік абласнога ўпраўлення і намеснік старшыні Следчага камітэта адмовіліся распачаць своечасовую праверку па заяве жонкі зняволенага, у сувязі з чым экспертная канстатацыя прычынення шкоды здароўю зняволенага з заканчэннем часу стала немагчымай.

9. Гарантыі справядлівага суда

Больш за дзесяць дзён не дапускалі адваката ў следчы ізалятар горада Брэста да затрыманай па запыце Таджыкістана актывісткі «Групы 24» з Таджыкістана Шабнам Худайдодавай, што парушае яе працэсуальныя правы і абмяжоўвае магчымасці падрыхтавацца да разгляду справы.[33]

10. Смяротнае пакаранне

4 ліпеня ў Вярхоўным судзе Беларусі была разгледжана касацыйная скарга жыхара Рэчыцы Сяргея Іванова, прысуджанага 18 сакавіка 2015 года да выключнай меры пакарання (смяротнага пакарання) прысудам суда Гомельскага абласнога суда за забойства, здзейсненае з асаблівай жорсткасцю.[34] Такім чынам, вынесены Гомельскім абласным судом прысуд уступіў у законную сілу і, у выпадку адмовы ў задавальненні нагляднай скаргі і просьбы аб памілаванні на імя Прэзідэнта, прысуд будзе прыведзены ў выкананне.

Варта адзначыць, што гэта першы падобны прысуд, вынесены ў 2015 годзе.

[1] http://mfa.gov.by/by/press/news_mfa/d488bf682285f2b9.html

[2] http://spring96.org/be/news/78804 http://spring96.org/ru/news/78807

[3] http://news.tut.by/politics/457956.html

[4] https://spring96.org/files/book/ru/2013_compulsory_labour_belarus_ru.pdf

[5] http://spring96.org/be/news/78723 https://spring96.org/ru/news/78732

[6] http://spring96.org/be/news/78286

[7] http://spring96.org/be/news/78131 https://spring96.org/ru/news/78132

[8] http://spring96.org/be/news/78159 http://spring96.org/ru/news/78164

[9] http://spring96.org/be/news/78117 http://spring96.org/ru/news/78118

[10] http://spring96.org/be/news/78174 http://spring96.org/ru/news/78175

   http://spring96.org/be/news/78317 http://spring96.org/ru/news/78318

   http://spring96.org/be/news/78538 http://spring96.org/ru/news/78537

[11] http://spring96.org/be/news/78538 http://spring96.org/ru/news/78537

[12] http://spring96.org/be/news/78719 http://spring96.org/ru/news/78718

[13] http://spring96.org/be/news/78801 http://spring96.org/ru/news/78802

   http://spring96.org/be/news/78794 http://spring96.org/ru/news/78798

   http://spring96.org/be/news/78847 http://spring96.org/ru/news/78848

[14] http://spring96.org/be/news/78826 http://spring96.org/ru/news/78825

[15] http://spring96.org/be/news/78836 http://spring96.org/ru/news/78841

[16] http://spring96.org/be/news/78154 http://spring96.org/ru/news/78156

[17] http://spring96.org/be/news/78260 http://spring96.org/ru/news/78261

[18] http://spring96.org/be/news/78777 http://spring96.org/ru/news/78783

[19] http://baj.by/be/node/29132

[20] http://spring96.org/be/news/78269 http://spring96.org/ru/news/78278

[21] http://spring96.org/be/news/78689 http://spring96.org/ru/news/78693

[22] http://baj.by/be/node/28085

[23] http://spring96.org/be/news/78141 http://spring96.org/ru/news/78142

[24] http://spring96.org/be/news/78256 http://spring96.org/ru/news/78283

[25] https://spring96.org/be/news/78861 https://spring96.org/ru/news/78864

[26] http://spring96.org/be/news/78803

[27] http://spring96.org/be/news/78755 http://spring96.org/ru/news/78756

[28] http://spring96.org/be/news/78192 http://spring96.org/ru/news/78199

http://spring96.org/be/news/78217 http://spring96.org/ru/news/78218

http://spring96.org/be/news/78208 http://spring96.org/ru/news/78219

[29] http://spring96.org/be/news/78301 http://spring96.org/ru/news/78302

[30] http://spring96.org/be/news/78787 http://spring96.org/ru/news/78795

[31] http://euroradio.fm/dzeynasc-zmitra-vaycyushkevicha-pryznali-ekstremisckay

[32] http://spring96.org/be/news/78745 http://spring96.org/ru/news/78746

[33] http://spring96.org/be/news/78237 http://spring96.org/ru/news/78238

[34] http://dp.spring96.org/be/news/78367 http://dp.spring96.org/ru/news/78368

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international