viasna on patreon

Пад Менскам былі затрыманыя некалькі дзясяткаў чалавек, якія прыйшлі на рок-канцэрт

2015 2015-08-03T10:03:12+0300 2015-08-03T10:03:12+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zatrymanni-000.jpg

У суботу ўвечары ў лесе непадалёк ад чыгуначнай станцыі Зялёнае моладзь плянавала правесьці рок-канцэрт. На канцэрт зьехалася каля васьмідзесяці маладых людзей. Яны разьвялі вогнішча, некаторыя ўсталявалі намёты, паведамляе БелаПАН.

Канцэрт пачаўся прыкладна а 20-й гадзіне, а празь дзьве гадзіны яго перапынілі супрацоўнікі міліцыі. Па словах дзяўчыны, якая папрасіла не называць яе імя, гэта былі супрацоўнікі АМАП і людзі ў цывільным — усяго каля трыццаці чалавек.

«Яны нічога не тлумачылі і не патрабавалі, проста наляцелі і пачалі валіць хлопцаў на зямлю тварам уніз, дзяўчат не чапалі», — распавяла суразмоўца. Без тлумачэньня прычын іх пратрымалі паўтары гадзіны ў лесе, а затым завялі ў аўтазак. Некаторых затрыманых білі.

Тых, хто прыехаў на канцэрт на асабістым транспарце, адпусьцілі, аштрафаваўшы за паркоўку ў неналежным месцы. Астатніх, прыкладна 40-50 чалавек, даставілі ў Ждановіцкі аддзел міліцыі УУС Менскага райвыканкаму, разьмешчаны ў пасёлку Ратамка, і сталі правяраць дакумэнты. Некаторых адпускалі адразу, на іншых складалі пратаколы па артыкуле «дробнае хуліганства» Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях (КаАП).

У дачыненьні да суразмоўцы БелаПАН таксама склалі пратакол — яна абвінавачваецца ў нецэнзурнай лаянцы. Дзяўчыну пагражалі адправіць у ізалятар часовага ўтрыманьня, але ў выніку адпусьцілі, папярэдне ўзяўшы падпіску, згодна зь якой яна павінна зьявіцца па позьве ў суд. Дата суду невядомая.

Зараз, паводле дзяўчыны, у міліцыі застаюцца пяцёра затрыманых. Яны абвінавачваюцца па трох артыкулах КаАП: удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве, знаходжаньне ў нецьвярозым выглядзе і супраціў праваахоўным органам. Суд над імі павінен адбыцца ў панядзелак, 3 жніўня.

Жорсткія дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі суразмоўца зьвязвае з прэзыдэнцкімі выбарамі, напярэдадні якіх улады асьцерагаюцца любых нефармальных сходаў, у тым ліку канцэртаў, на якіх зьбіраецца моладзь.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства