Бабруйск: звальненні сябраў незалежнага прафсаюзу на ТДіА працягваюцца

2015 2015-07-30T14:01:33+0300 2015-07-30T14:01:33+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/babrujski_zavod.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Бабруйскі завод Трактарных дэталяў і агрэгатаў (ТДіА)

Бабруйскі завод Трактарных дэталяў і агрэгатаў (ТДіА)

На бабруйскім заводзе ТДіА (трактарных дэталяў і агрэгатаў) не спыняецца ціск на сябраў Свабоднага прафсаюзу Беларускага. За апошнія два гады кіраўніцтва прадпрыемства пазбавілася ад некалькіх "свабодаўцаў", не працягваючы з імі працоўныя кантракты. Але апошнія два выпадкі "сталі верхам цынізму і знявагі ўсякіх нормаў чалавечай маралі", кажуць сябры СПБ.

Нядаўні выпадак тычыўся слесара-інструментальшчыка пятага разраду Сяргея Пічугова. Яго вялікая сям'я засталася без сродкаў для існавання. Жонка звольненага - Ганна, тасама працоўная ТДіА, у момант звальнення мужа была на апошніх месяцах цяжарнасці, сям'я чакала трэцяе дзіця. Старэйшы сын Пічуговых навучаецца ва ўніверсітэце, сярэдняму два гады. На фоне хваляванняў і стрэсаў ў Ганны Пічуговай здарыліся заўчасныя роды, на месяц раней тэрміну.

Зараз звальнення чакае Аксана Кернажыцкая, яна адна гадуе 12-гадовага сына. Напрыканцы мінулага месяца яна даведалася, што 21 жніўня з ёй не будзе працягнуты кантракт. Адміністрацыя прадпрыемства не назвала прычыны звальнення. Аксана Кернажыцкая адпрацавала на ТДіА 19 гадоў, бездакорна, як кажуць яе калегі.

Сябры СПБ кажуць, што завадская адміністрацыя выкарыстоўвае дэкрэт № 29 "Аб дадатковых мерах па ўдасканаленні працоўных адносін, умацаванні працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны" як "дубіну". На ХІ-м з'ездзе СПБ кіраўніцтва і актывісты прынялі заяву, у якой кажуць, што гатовыя рашыцца "на радыкальныя меры пратэсту", калі іх таварышы не будуць узноўленыя на працы, і ціск на "свабодаўцаў" не спыніцца.

"Дырэктар завода, дэпутат Магілёўскага абласнога савета дэпутатаў Аляксандр Аграновіч, ва ўрон вытворчасці выкідвае на вуліцу высокакваліфікаваных работнікаў, калечыць чалавечыя лёсы. За гэты час падвергліся расправе многія нашы таварышы, але апошнія звальненні сталі верхам цынізму і знявагі ўсякіх нормаў чалавечай маралі", - гаварыцца ў звароце.

Актывісты Свабоднага прафсаюзу Беларускага неаднойчы даводзілі да чыноўнікаў пра свае праблемы, але іх не пачулі. Не падзейнічалі шматлікія звароты ў цэнтральныя і мясцовыя органы ўлады - Бабруйскі гарвыканкам, Міністэрства прамысловасці, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Генеральную пракуратуру, Адміністрацыю прэзідэнта. Таму "свабодаўцы" прыйшлі да высновы, што звальненні на ТДіА выгадныя ўладам, як "частка палітыкі па знішчэнні іншадумства сярод працоўных".

"Заяўляем, калі самавольства і расправы над рабочымі на ААТ "Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў" не будуць спыненыя і нашы таварышы на працы адноўленыя не будуць, пакідаем за сабой права на ўсе даступныя меры па іх абароне. Нягледзячы на ​​любыя магчымыя наступствы для прадпрыемства, горада Бабруйска і краіны ў цэлым.

Бязмежжа і самавольства ўлады не пакінулі іншага выбару ў абароне правоў і інтарэсаў, гонару і годнасці нашых таварышаў і членаў іх сем'яў, чым вырашацца на радыкальныя меры пратэсту. І мы разам з калегамі па незалежнаму прафсаюзнаму руху краіны, міжнароднаму прафсаюзнаму руху, вымушаныя будзем іх ажыццяўляць, чаго б гэта ні каштавала" - гаварыцца ў заяве дэлегатаў ХІ-га з'езду СПБ.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства