viasna on patreon

Незалежную журналістку Таццяну Смоткіну будуць судзіць 28 ліпеня

2015 2015-07-27T14:14:52+0300 2015-07-27T14:14:53+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/smotkina-taciana.gif Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Таццяну Смоткіну, журналістку з Глыбокага, вінавацяць у парушэнні артыкула 22.9 КаАП ч.2 – "незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ". Дакладней, за супрацоўніцтва з замежным СМІ без акрэдытацыі.

Пратакол правапарушэння на Таццяну Смоткіну быў складзены 25 чэрвеня, прычым старшы інспектар аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Глыбоцкага РАУС Вячаслаў Барыла не патлумачыў журналістцы правы і абавязкі асобы, у дачыненні да якой вядзецца адміністрацыйны працэс. Таццяна Смоткіна пазначыла гэта ў пратаколе, але міліцыянта ягоная памылка не збянтэжыла – ён перадаў пратакол у суд.

Тым не менш, прызначаны на 9 ліпеня працэс не адбыўся. Дакументы вярнулі на дапрацоўку ў міліцыю. "Дапрацавалі" іх наступным чынам: старшы інспектар Вячаслаў Барыла зноў выклікаў журналістку, каб нарэшце патлумачыць ёй правы. Пра гэта 10 ліпеня быў складзены асобны пратакол, які далучылі да справы. У такім выглядзе суд дакументы ўжо прыняў да разгляду.

Журналістка кажа, што адвакат ёй не патрэбны, бо бараніцца яна гатова сама:

"Я збіраюся стаяць на тым, што Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь дае права кожнаму грамадзяніну як здабываць інфармацыю, так і дзяліцца ёй з іншымі. Не лічу, што я парушыла заканадаўства, бо мая журналісцкая праца не супярэчыць зместу асноўнага закона краіны".

Працэс над Таццянай Смоткінай распачнецца 28 ліпеня ў 14.30 у Глыбоцкім райсудзе. Хто будзе разглядаць яе справу, у позве не пазначана.

На журналістку завялі адміністрацыйную справу пасля з'яўлення на сайце Радыё "Рацыя" матэрыяла "Дарогі ў Глыбокім стануць пазытыўнымі". 23 ліпеня яе калегу, журналіста Зміцера Лупача ўжо прызналі вінаватым у парушэнні артыкула 22.9 КаАП ч.2 і аштрафавалі на 4, 5 мілёны рублёў. Рашэнне пра штраф амерам 25 базавых велічынь прыняла старшыня Глыбоцкага райсуда Ірына Казак. Прычынай для прыцягнення журналіста да адміністрацыйнай адказнасці стаў артыкул "Знайшліся сваякі памежніка, які загінуў на Глыбоччыне 17 верасня 1939 года", размешчаны 9 чэрвеня на сайце "Еўрарадыё".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства