Новыя мэтады спэцслужбаў: выклікаюць нібыта ў падатковую, а там чакае супрацоўнік-вэрбоўшчык

2015 2015-07-17T11:00:10+0300 2015-07-17T11:00:10+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/kdbbudynak.jpg
Будынак КДБ ў Менску

Будынак КДБ ў Менску

З такой формай вэрбоўкі ўжо некалькі месяцаў сутыкаюцца актывісты моладзевай ініцыятывы «Актыўным быць файна». «Людзі ў цывільным» чакаюць актывістаў у падатковых і пашпартных сталах, куды іх выклікаюць паводле надуманых нагодаў. У размовах дэманструюць веданьне найдрабнейшых і самых інтымных дэталяў асабістага жыцьця, схіляючы маладых людзей да супрацоўніцтва.

«Актыўным быць файна» — моладзевая ініцыятыва, якая працуе па прынцыпе навучальных гурткоў. Заснаваная ў 2012 годзе швэдзкай арганізацыяй ABF, беларускімі арганізацыямі Маладыя сацыял-дэмакраты-Маладая грамада (МСД-МГ) і Задзіночаньне беларускіх студэнтаў.  Аб’ядноўвае маладых людзей па ўсёй Беларусі.

У рэдакцыю зьвярнуўся малады чалавек Д. і распавёў, як яго на гэтым тыдні «запрасілі» ў пашпартны стол

«Мне пазванілі на хатні тэлефон, сказалі, што з пашпартнага стала. „Падыдзіце ў аўторак у 15.00, бо вам трэба ўзяць даведку“. Я прыйшоў, мяне адвялі ў кабінэт. Там сядзіць досыць прыемны малады чалавек гадоў 30-35. Вітаецца за руку і кажа: „Вы ў мяне сёньня апошні кліент“.

Папрасіў мяне напісаць аўтабіяграфію. Пытаўся, у якіх я ўдзельнічаю моладзевых арганізацыях, у тым ліку і пра МСД-МГ і АБФ. Я ад усяго адмаўляўся, тады ён стаў мне зачытваць „Пастанову пра замежных грамадзянаў“ і менавіта пра дэпартацыю. А я замежны грамадзянін, і для мяне, канечне, гэта адчувальна».

Суразмоўца спачатку прадставіўся супрацоўнікам пашпартнага стала. Пасьля супрацоўнікам Маскоўскага РУУС Вальновым Аляксандрам Сяргеевічам. Пасьля размовы Д. пазваніў у Маскоўскі РУУС, і яму паведамілі, што такога супрацоўніка ў іх няма.

Д. распавядае, што спрабаваў пазваніць адвакату, але супрацоўнік падвысіў голас і сказаў, што ён нікому званіць ня будзе. У далейшай размове, кажа Д., высьветлілася, што суразмоўца сабраў пра яго шмат інфармацыі:

«Ён ведаў, якія ў мяне былі адзнакі па сэсіі і ў якіх выкладчыкаў я вучуся. Ведаў, зь якімі хваробамі я зьвяртаўся да дактароў, з кім у мяне былі стасункі і з кім я зьбіраюся ехаць адпачываць».

«Найхутчэй узламалі маю старонку ў сацыяльных сетках, — мяркуе Д. — Бо ён агучваў інфармацыю, якая нікому не была вядомая, апроч людзей, зь якімі я перапісваўся».

Суразмоўца прадэманстраваў Д. дакумэнты са сьпісамі тых, хто ўдзельнічаў у імпрэзах арганізацыі. «Я ня ведаю, як гэта да яго трапіла, бо гэта можна атрымаць, толькі ўзламаўшы маю электронную пошту».

Ён таксама закранаў тэму палітвязьняў і называў МСДМГ і АБФ «падазронымі арганізацыямі». Заводзілася гаворка пра фінансаваньне апазыцыйных партый.

«Я ў яго наўпрост запытаўся: „Вы хочаце, каб я вам стучаў“?» Тады ён кажа: «ну чаму „стучаў“. Гэта ж добрая справа, калі вы бачыце, што рыхтуецца злачынства, нас пра гэта папярэдзяць, мы не дамо яму ўчыніцца, і ўсім будзе добра».

Размова доўжылася паўтары гадзіны.

Праектны мэнэджэр АБФ Юлія Міцкевіч кажа, што ўвагу да арганізацыі і канкрэтна да сябе яна адчувае ўжо некалькі месяцаў.

«Мне патэлефанавалі з падатковай інспэкцыі нібыта наконт кватэры, якую я здымаю. Я пайшла без усялякіх падазрэньняў. Зайшла ў патрэбны кабінэт, а там было два хлапцы, якія сказалі, што яны хочуць са мной паразмаўляць.

Дакумэнтаў яны ніякіх не прадставілі. Адзін зь іх назваўся Аляксандрам Іванавічам са Сьледчага камітэту. Я паспрабавала пазваніць знаёмаму адвакату, але мне літаральна сілай не далі гэтага зрабіць. Сказалі, што калі я ня буду зь імі далей размаўляць, то мяне чакае „справа Бяляцкага“. Нібыта ў іх ёсьць нейкія дакумэнты», — працягвае дзяўчына.

Далей размова пайшла пра АБФ і пра тое, чым займаецца арганізацыя. «Урэшце яны сказалі, што хацелі проста пераканацца, што мы ня робім нічога дрэннага».

«Яны спрабавалі мне сказаць нейкія асабістыя дэталі, якія ведаю толькі я. Але я сказала, што гэта маё прыватнае жыцьцё і яны ня маюць права пра гэта казаць. Далі мне тыдзень, каб я падумала наконт далейшага супрацоўніцтва. Праз тыдзень мне патэлефанавалі, спыталі, ці згодная я супрацоўнічаць. Я адказала „не“».

Юлія Міцкевіч кажа, што да супрацоўніцтва схілялі яшчэ некалькіх актывістаў у рэгіёнах.

Цікавасьць да ініцыятывы, якая займаецца арганізацыяй «вучэбных гурткоў», Юлія тлумачыць выбарчай кампаніяй:

«Думаю, гэта выбарны год. Ня толькі да нашай арганізацыі такая ўвага. А мы новая арганізацыя, і ім трэба болей пра нас даведацца. Але ў іх таксама ж ёсьць асабісты інтарэс да мяне. Ва ўсіх, да каго яны прыходзілі, пыталіся пра мяне, якія са мной стасункі, ці ведаюць яны, што я фэміністка і выступаю за правы меншасьцяў.

Але ж гэта яшчэ і іх праца. Усе арганізацыі, ініцыятывы яны адсочваюць, каб «усё было ў межах».

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international