Круглянскі райвыканкам вызначыў месцы, забароненыя для правядзення пікетавання: пад забарону патрапілі найбольш людныя

2015 2015-07-12T15:55:29+0300 2015-07-13T15:31:18+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/baranav-zbor-podpis.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Круглянскі раённы выканаўчы камітэт 9 ліпеня прыняў рашэнне, згодна якому вызначаны месцы ў Круглянскім раёне, забароненыя для правядзення пікетавання з мэтай збору подпісаў выбаршчыкаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь.

Адпаведнае рашэнне было надрукавана ў круглянскай раённай газеце “Сельскае жыццё” (№53 ад 11 ліпеня 2015 г.).

Згодна рашэння Круглянскага райвыканкама, забаронена ладзіць пікетаванне на адлегласці менш за 50 метраў ад будынкаў Круглянскага райвыканкама, сельскіх выканаўчых камітэтаў, суда, пракуратуры і аддзела ўнутраных спраў Круглянскага РВК. Таксама забараняецца збіраць подпісы на адлегласці менш 50 метраў ад тэрыторый дзіцячых дашкольных устаноў і агульнаадукацыйных устаноў Круглянскага раёна, устаноў аховы здароўя Круглянскага раёна, на адлегласці менш за 50 метраў ад прахадных прадпрыемстваў і арганізацый Круглянскага раёна, на прыпынках грамадскага транспарта, скрыжаваннях, пешаходных пераходах.

Аддзелу ўнутраных спраў РВК даручаецца забяспечыць ахову грамадскага парадку ў месцах збору подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнні кандадатаў у прэзідэнты Рэспублікі беларусь і прыняць меры па прадухіленні збору подпісаў у неадведзеных для гэтых мэтаў месцах.

Кантроль за выкананнем райвыканкамаўскага рашэння ўскладзены на намесніка старшыні Круглянскага райвыканкама Т. Аксёнаву, аддзел унутраных спраў Круглянскага РВК, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, аддзел арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама, старшыняў сельскіх выканаўчых камітэтаў.

Намеснік старшыні Круглянскага райвыканкама Тамара Аксёнава адказвае за правядзенне выбарчых кампаній у Круглянскім раёне ўжо на працягу шмат гадоў і заўсёды забяспечвае патрэбныя ўладзе вынікі галасавання.

Па словах грамадскай актывісткі з Круглага Зінаіды Мілешчанкі, якая неаднаразова ўдзельнічала ў выбарчых кампаніях розных узроўняў, пад забарону ў правядзенні пікетавання, згодна райвыканкамаўскага рашэння, традыцыйна патрапілі найбольш людныя месцы ў невялікім гарадскім пасёлку. Да таго ж зараз у Круглым актыўна вядуцца работы па падрыхтоўцы да восеньскіх абласных “Дажынак”, таму рэальных месцаў для правядзення пікетавання па збору подпісаў за кандыдатаў у прэзідэнты застаецца зусім няшмат.

Вечарам 9-га ліпеня ў Круглянскім райвыканкаме адбылася адмысловая нарада па пытаннях арганізацыйнага забеспячэння выбарчай кампаніі, куды былі запрошаныя прадстаўнікі ўсіх зацікаўленых служб, шэраг гаспадарчых кіраўнікоў. Як паведамляе “Сельскае жаццё”, для дапамогі раённай і ўчастковым выбарчым камісіям, якія яшчэ патрэбна стварыць, у Круглянскім раёне ўжо створана адпаведная працоўная група і штаб. Каардынатарам працы па правядзенні выбарчай кампаніі вызначана ўся тая ж намесніца старшыні Круглянскага райвыканкама па ідэалогіі Тамара Аксёнава.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international