Палітвязень Юры Рубцоў зноў абвясьціў галадоўку

2015 2015-07-10T09:55:34+0300 2015-07-10T09:55:34+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/rubcou-5.jpg
Юрый Рубцоў у судзе Пружанаў. Фота ПЦ "Вясна".

Юрый Рубцоў у судзе Пружанаў. Фота ПЦ "Вясна".

З 1 ліпеня Юры Рубцоў галадуе на знак пратэсту супроць абыходжаньня зь ім і ўмоваў утрыманьня ў Баранавіцкім сьледчым ізалятары. Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміла жонка Рубцова Ядвіга.

«Сёньня мужа наведала адвакат і вось толькі нядаўна мне адзванілася. Аказваецца, з 1 ліпеня ён зноў галадуе. Пратэстуе супроць умоваў у ізалятары і таго, як зь ім там абыходзяцца. Пачуваецца і выглядае нібыта яшчэ нармальна, але гэта, відаць, толькі таму, што галадоўка доўжыцца ўсяго 9 дзён. Для мяне гэта вельмі балючая навіна. Да ягонай галадоўкі ў ізалятары ставяцца пакуль стрымана, але ўжо пагражаюць, што пакараюць карцэрам, калі будзе далей працягваць», — сказала Ядвіга Рубцова.

Адвакат палітвязьня паведаміла карэспандэнту Свабоды пра прычыны, якія выклікалі пратэст.

«Як казаў Рубцоў, доўгі час тут былі перапынкі з прагулкамі, яму давялося нават скардзіцца. Таксама ён скардзіўся на тое, што яго абмежавалі ў набыцьці прадуктаў у турэмнай краме. Яшчэ яму ўжо некалькі разоў, як ён кажа, даводзілі, што ў яго ёсьць нейкія парушэньні, хоць афіцыйных прэтэнзіяў не выстаўлялі, аднак пагражалі зьмясьціць у ШЫЗА. Але галоўнае, што яго „зачапіла“ — гэта што даводзіцца падымацца, калі ў камэру ўваходзіць хто з ахоўнікаў. Кажа, што „вымушаны сядзець у камэры, якая як прыбіральня, дык яшчэ і кланяцца кожнаму прапаршчыку“. Між тым ён ня лічыць сябе ні ў чым вінаватым. Вось гэта ўсё для яго сышлося, і ў выніку ён абвясьціў галадоўку. Прычым афіцыйна пра галадоўку нічога тут ня кажуць. У выніку мы разам зь ім селі, склалі скаргу на дзеяньні ахоўнікаў ды накіравалі на імя начальніка ўстановы, каб разабраліся ў прычынах ягонага пратэсту. Але таксама я папрасіла яго, каб ён быў больш стрыманы, больш думаў і пра сваё здароўе, якое ўжо не найлепшае пасьля мінулай галадоўкі. Спадзяюся, гэта падзейнічае. Але пакуль ён галадоўку працягвае», — паведаміла адвакат.

Паводле адваката, на 24 ліпеня прызначаны разгляд касацыйнай скаргі Юрыя Рубцова на прысуд Пружанскага раённага суду, які пакараў былога «хіміка» Рубцова за адмову працаваць двума гадамі зьняволеньня. Скаргу Рубцова разгледзіць Берасьцейскі абласны суд.

Юры Рубцоў не прызнае віны і кажа, што не адмаўляўся працаваць на «хіміі» зусім, а толькі патрабаваў, каб яму далі працу з заробкам, адпаведным сярэдняму па Беларусі. Да працэсу ў Пружанскім раённым судзе Юры Рубцоў трымаў галадоўку, патрабуючы адкрытага працэсу і спыненьня перасьледу. Тады палітвязень галадаваў каля 50 дзён і схуднеў больш як на 20 кіляграмаў. З Баранавіцкага сьледчага ізалятара, дзе Рубцова трымаюць пасьля суду, ён скардзіўся на дрэннае харчаваньне.

У 2014 годзе Юры Рубцоў быў асуджаны на 1,5 года «хіміі» за зьнявагу судзьдзі Савецкага райсуду Менску Кірыла Палулеха. Судзьдзя пагадзіўся судзіць актывіста напаўадзетага — напярэдадні, пасьля Чарнобыльскага шэсьця, міліцыянты адабралі ў Рубцова майку з надпісам «Лукашэнка сыходзь».

Падчас адбыцьця «хіміі» ў спэцкамэндатуры Куплін Пружанскага раёну Юры Рубцоў зрабіў сабе тату на грудзях з тым жа тэкстам — «Лукашэнка сыходзь».

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international