Суд аштрафаваў журналістаў Наталлю Крывашэй і Кастуся Жукоўскага

2015 2015-07-09T14:11:45+0300 2015-07-09T14:21:51+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/svoboda_slova_.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Як паведамляе "Беларуская асацыяцыя журналістаў", суддзя Рагачоўскага раённага суду Аляксандр Крайнікаў прызнаў гомельскіх журналістаў-фрылансераў Кастуся Жукоўскага і Наталлю Крывашэй вінаватымі ў незаконным  вырабе прадукцыі СМІ для спадарожнікавага тэлеканалу “Белсат”. Яны аштрафаваныя паводле ч. 2 арт. 22.9 КаАП – кожны на 35 базавых велічыняў (па 6 млн 300 тысяч рублёў).

Падставай для штрафу сталіся адміністрацыйныя пратаколы – іх склаў начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Рагачоўскага РАУС, падпалкоўнік міліцыі Юрый Астаповіч.

У пратаколе, у прыватнасці, гаворыцца: “12 мая на пляцоўцы каля магазіна “Прадмікс” па вуліцы Багатырова ў г. Рагачове, не маючы акрэдытацыі ў Рэспубліцы Беларусь у якасці журналіста замежнага СМІ, Кастусь Жукоўскі ў групе з Наталляй Крывашэй праводзіў інтэрв’юіраванне грамадзянаў, тым самым незаконна вырабіў прадукцыю сродкаў масавай інфармацыі, а менавіта  відэасюжэт пад назвай “Несалодкі смак крызісу. Чаму рагачоўская згушчонка застаецца на складах?”... Відэасюжэт быў паказаны 14 траўня “на тэлеканале “БелСат” р. Польшча” (так пазначана ў пратаколе) у праграме “Аб’ектыў”, а пасля змешчаны на афіцыйным сайце канала. Гэтым нібыта і парушана “патрабаванне ч. 4 арт. 35 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб сродках масавай інфармацыі””.

На судзе, які адбыўся 2 ліпеня, ані Жукоўскі, ані Крывашэй не прысутнічалі. Позвы яны не атрымалі. Як патлумачыў суддзя Крайнікаў службе маніторынгу ГА “БАЖ”, паводле інструкцыі па справаводстве, суд нібыта мае права паведамляць пра паседжанні з дапамогай SMS-паведамленняў.

“Нечага іншага, апрача штрафаў, чакаць ад судоў не выпадае, – каментуе рашэнне Наталля Крывашэй. – У краіне крызіс. І спецслужбы, і міліцыя разам з судамі знайшлі адносна лёгкі спосаб папаўнення бюджэту – праз грамадскіх актывістаў і журналістаў-фрылансераў”.

Спадарыня Крывашэй заўважыла таксама, што ч. 4 артыкула 35 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб сродках масавай інфармацыі” тычыцца прафесійнай дзейнасці журналістаў замежных СМІ без акрэдытацыі ў Беларусі. Але яна не з’яўляецца штатным журналістам-замежнікам, бо не мае працоўнай дамовы ні з “Белсатам”, ні з кім-кольвек яшчэ. Яна як грамадзянка Беларусі часам збірае і распаўсюджвае інфармацыю – такое права ёй гарантуе Канстытуцыя і Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, які ратыфікавала беларуская дзяржава.

Для Наталлі Крывашэй сёлета гэты быў чацвёрты суд па аналагічных адміністрацыйных справах, а Кастуся Жукоўскага судзілі ўжо ў сёмы раз (шэсць судоў тычыліся арт. 22.9 ч.2 КаАП, адзін – арт. 23.34 КаАП). Агулам Наталлі трэба сплаціць у бюдждэт 24,3 млн рублёў, а Кастусю – 31,5 млн рублёў.

Усяго ў Беларусі сёлета суды ўжо 24 разы штрафавалі журналістаў-фрылансераў паводле арт. 22.9 КаАП. Сума штрафаў перавысіла 129 мільёнаў рублёў.

Днямі Праўленне ГА “БАЖ” зрабіла заяву, у якой гаворыцца, што “міліцыя і суды насуперак Закону "Аб СМІ" распаўсюджваюць абавязак атрымання акрэдытацыі ў МЗС на журналістаў-фрылансераў, якія не з'яўляюцца штатнымі супрацоўнікамі замежных СМІ. А затым неабгрунтавана прыраўноўваюць дзейнасць без акрэдытацыі да парушэння парадку вырабу і распаўсюду прадукцыі СМІ”.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international